Пошук

07.03.2022 16:27   Паводле: Vatican News, SIR / Catholic.by
Фота: Maria Fin / SIR

Апостальскі нунцый у Вялікабрытаніі арцыбіскуп Клаўдыё Гуджэроцці, які з 2015 па 2022 год быў прадстаўніком Папы ва Украіне, а перад гэтым у Беларусі, узяў удзел у мірнай дэманстрацыі аб спыненні вайны на украінскай зямлі.

Як паведаміла Беларуская рэдакцыя парталу Vatican News, нунцый Гуджэроцці запэўніў у салідарнасці і блізкасці Святога Айца да ўкраінскага народа.

«Усім прысутным тут украінцам я перадаю салідарнасць і блізкасць Папы Францішка. У гэтыя дні яго сэрца і яго малітвы скіраваныя да вашай узлюбленай Айчыны. Кроў вашых блізкіх крычыць да Неба, як кроў Абэля. Сёння мы ўсе ўкраінцы», — сказаў арцыбіскуп.

Тысячы ўкраінцаў, якія пражываюць у Вялікабрытаніі, сабраліся на Трафальгарскай плошчы ў Лондане. Сярод іх быў біскуп Кэнэт Навакоўскі, епарх Украінскай грэка-каталіцкай Царквы ў Вялікабрытаніі, разам з якім нунцый маліўся на ўкраінскай мове, а таксама іншыя рэлігійныя дзеячы і прадстаўнікі важнейшых украінскіх арганізацый у гэтай краіне.

«Будзем горача маліць Бога аб навяртанні тых, хто хоча вайны. Мы не можам дапусціць думкі, што ў 2022 годзе чалавечыя істоты могуць знішчацца, як у пячорныя часы», — сказаў Апостальскі нунцый Клаўдыё Гуджэроцці на самай вядомай плошчы брытанскай сталіцы.

Фота: Maria Fin / SIR

Маліцца за Украіну заклікалі таксама каталіцкія біскупы Вялікабрытаніі.

У сумесным звароце іерархі заахвоцілі вернікаў трываць у малітве і посціць, каб пакласці канец бессэнсоўнаму насіллю ва Украіне.

У сваю чаргу Прымас Англіканскай Царквы арцыбіскуп Кэнтэрберыйскі Джасцін Уэлбі заклікаў брытанскі ўрад прыкласці ўсе намаганні на карысць украінскіх бежанцаў. Ён падзякаваў за прадаўжэнне тэрміну віз для ўкраінцаў з дванаццаці месяцаў да трох гадоў, але зазначыў, што ў актуальнай сітуацыі неабходна ўвесці бязвізавы рэжым, па прыкладзе Ірландыі, якая зрабіла так, нягледзячы на тое, што з’яўляецца невялікай краінай.

Абноўлена 10.03.2022 23:06
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа