Кожны можа стаць падобным да Трох каралёў. Па іх прыкладзе 6 студзеня ад касцёла ў Мар’інай Горцы ў напрамку Пухавіцкага псіханеўралагічнага дома-інтэрната вырушыла аўтакалона з юнымі акцёрамі, рэквізітам і падарункамі.
Дзеці і іх бацькі на чале з пробашчам мар’інагорскай парафіі кс. Генрыхам Кучынскім паехалі шукаць маленькага Езуса ў іншых людзях: хворых, часам зусім бездапаможных, некаторыя з якіх засталіся на ўзроўні немаўлятаў. Паехалі да іх, каб у іх асобах пакланіцца Хрысту і прынесці Яму свае дары.
Наведванні дома-інтэрната ў перыяд Божага Нараджэння тут сталі ўжо традыцыяй. Пяты год запар з дапамогай Сняжаны Буцук і Іны Лойка дзеці рыхтуюць прадстаўленне для людзей з абмежаванымі магчымасцямі.
«Кожны чалавек павінен атрымаць у гэты час нейкую радасць, — кажа Сняжана. — Мы вельмі ўдзячныя Богу за гэтую магчымасць, якую Ён нам падараваў, што мы можам несці радасць Божага Нараджэння».
У мінулы раз за аснову пастаноўкі была ўзятая казка. Беласнежка і сем гномаў рыхтаваліся да свята. У іх быў вігілійны стол, 12 страваў, абрус і сена. Выпадкова да іх завітаў нечаканы госць — Мішка, які не спаў усю зіму, бо кагосьці пакрыўдзіў, і сумленне не давала яму заснуць…
У гэтым годзе гледачоў чакаў мюзікл.
Ужо праехалі па заснежанай дарозе палову дарогі, як хтосьці раптам усклікнуў:
— А снежкі! Папяровыя снежкі ўзяць забыліся!
Што рабіць? Вяртацца назад?..
Тым часам дзеці дзеляцца сваімі намерамі.
— У Божае Нараджэнне прынята дарыць нейкія падарункі. Наш падарунак — гэта нашае выступленне для людзей з абмежаванымі магчымасцямі, — кажа 11-гадовая акцёрка Цвятана Баганік.
— Хочам павіншаваць інвалідаў, — дадае яе равесніца Віка Пунжэль, — хочам зрабіць ім прыемнае, і нам будзе прыемна таксама.
І вось мы на месцы, каля брамы на закрытую тэрыторыю. Па расчышчаных дарожках пад’язджаем да галоўнага корпуса. Тут нас сустракае дырэктар псіханеўралагічнага дома-інтэрната Уладзімір Рымашэўскі.
Пухавіцкі дом-интэрнат — гэта 405 пастаяльцаў. Тут не кажуць «пацыенты» ці «хворыя». Тыя, хто сюды трапіў, не разлічваюць на хуткі курс лячэння, пасля якога зноў вернуцца дадому. Цяпер іх дом тут, а яны ў ім «пастаяльцы», жыхары.
— Тыя, хто ў нас пражывае, знаходзяцца ў пэўным свеце, у замкнёнай прасторы, — распавядае дырэктар Уладзімір Рымашэўскі. — Так, мы часам выязджаем на спаборніцтвы, наведваем цырк, тэатры. Але канцэрты, якія праходзяць у нас, заўсёды жаданыя. А тут прыехалі дзеці, і ім надаецца асаблівая ўвага. Гэта сапраўднае свята!
Дырэктар дома-інтэрната адзначыў добрае супрацоўніцтва з Каталіцкім Касцёлам і Праваслаўнай Царквой. Аказваецца, большасць тутэйшых пастаяльцаў веруючыя: у інтэрнаце для іх нават ёсць капліца, куды можна прыйсці памаліцца.
— Я вельмі ўдзячны ксяндзу Генрыху Кучынскаму і дзеткам, што знайшлі час і прыехалі да нас, — запэўнівае Уладзімір Рымашэўскі.
Актавая зала паступова запаўняецца. Вось ужо і няма пустых месцаў. Вядома, прыйшлі толькі тыя, каму дазваляе стан здароўя на гэты момант. У інтэрнаце пражываюць 30 ляжачых; ёсць і тыя, хто не можа рухацца самастойна, і тыя, хто абсалютна неадэкватна ўспрымае рэчаіснасць.
Пакуль юныя акцёры рыхтуюцца да выступлення, ксёндз Генрых Кучынскі праводзіць катэхезу, якая нагадвае казанне для дзяцей, толькі больш простае.
— А ці вы ведаеце, якое цяпер свята?
— Так!
— Не!
— На-ра-джэ… Нараджэнне каго? Хто нарадзіўся?
— Езус!
— Так!
— Не!
— А ў якім годзе Езус нарадзіўся, хто ведае?
Маўчанне.
— У 1900-м?
— Не!
— Так!
Эх, не гэта, напэўна, Езус меў на ўвазе, калі казаў: «будзьце як дзеці».
Ксёндз Генрых лічыць, што трэба не толькі несці эмацыйную радасць, але што неабходна імкнуцца закрануць і душы гэтых людзей. Калі хворыя прынамсі ў дзіцячых песнях пачуюць словы «Бог», «Хрыстус», магчыма, гэтага хопіць ім, каб атрымаць збаўленне.
Нарэшце дзеці выходзяць на сцэну.
Бог нарадзіўся, Марыя спявае Яму калыханку. У гэты час Ірад дае загад знайсці Яго і знішчыць. Прадстаўнікі сілаў цемры ходзяць з ліхтарыкамі, шукаюць малых хлопчыкаў.
Анёл выходзіць з імі на барацьбу. Сілы святла перамагаюць. Тады добрая вестка аблятае ўвесь свет, усе прыходзяць пакланіцца Нованароджанаму.
Гучыць спеў «Ціхая ноч» на трох мовах — нямецкай, беларускай, польскай.
Пасля кожнага нумара зала напаўняецца апладысментамі і воклічамі захаплення. Па словах саміх акцёраў, больш нідзе яны не сустракалі такога ўдзячнага гледача.
На заканчэнне сустрэчы — караценькая дыскатэка. Кожны жадаючы можа ўстаць, падысці да сцэны і патанчыць.
Перад тым як развітацца, ксёндз Генрых перадае падарункі ад парафіі для дома-інтэрната: 80 цёплых пледаў.
Многія гледачы ўжо моцна стаміліся. Некаторыя, наадварот, патрабуюць працягу, не хочуць адпускаць гасцей, праводзяць да машын на аўтастаянку.
— А ведаеце, мы таксама самі сабе розныя святы робім. Вось, восьмага сакавіка будзем святкаваць.
— А ведаеце, мы тут працуем, усё што трэба робім, каб сябе забяспечваць. У нас агарод ёсць, мы рамонты самі робім. Ну, тыя, хто можа.
— Мы падзелкі робім, у нас выстава свая ёсць, хадземце пакажам. А, вам ужо трэба ехаць…
— Калі наступны раз прыедзеце, нашу выставу абавязкова паглядзіце. Мы будзем чакаць. Вы ж прыедзеце яшчэ?
Прыедзем, сябры, абавязкова прыедзем. Дай Божа, каб не толькі праз год.