25 красавіка амерыканскі кансерватыўны прамоўца і публіцыст Бен Шапіра выказаўся пра драматычныя перажыванні бацькоў двухгадовага брытанскага хлопчыка Алфі Эванса ў сваёй прамове пра сапраўдныя карані Заходняй цывілізацыі, якая цепер знаходзіцца пад пагрозай.
Выступаючы перад адзінаццацітысячнай аўдыторыяй у хрысціянскім універсітэце «Ліберці» ў штаце Вірджынія, Бен Шапіра заклікаў да малітвы аб уратаванні дзіцяці, якога ўлады, нягледзячы на патрабаванні бацькоў, не дазваляюць вывезці для лячэння за мяжу. Нагадаем, што суд, ігнаруючы волю бацькоў, вырашыў, што хлопчыку «лепш памерці, чым паспрабаваць вылечыцца».
Выступоўца звярнуў увагу на тое, што 10 Запаведзяў, дадзеных Майсею, не даюць права ніводнаму бюракрату, аніводнай дзяржаве станавіцца паміж Богам і чалавекам і прыўлашчваць Боскія паўнамоцтвы.
«Тры тысячагоддзі юдэі і хрысціяне адстойвалі агульную ідэю таго, што наша вернасць Богу вышэй за вернасць дзяржаве і што калі нехта выкарыстоўвае дзяржаву супраць Божых прынцыпаў, мы павінны змагацца супраць гэтага ўсімі мерамі», — сказаў Бен Шапіра.
Чацвёртая Божая Запаведзь наказвае паважаць бацькоў, адзначыў ён, а гэта непрымальна для многіх прыхільнікаў калектывізму, якія глядзяць на дзяржаву як на крыніцу маралі, а на сям’ю — як на перашкоду паміж дзецьмі і чыноўнікамі, якія імкнуцца быць «гаспадарамі» кожнай асобы.
«Гэта менавіта тое, што адбываецца з Алфі Эвансам, калі бюракраты стаяць паміж бацькамі і іхным дзіцём, заяўляючы, што хлопчыку лепш памерці, бо яны, бюракраты, маўляў, «лепш ведаюць, што трэба дзіцяці, чым бацькі», — сказаў Бен Шапіра.
Бен (Бэнджамін Аарон) Шапіра — галоўны рэдактар кансерватыўнага амерыканскага сайта dailywire.com і вядучы папулярнага кансерватыўнага падкасту ў ЗША.