Пошук

26.10.2020 10:28   Паводле: Vatican News
Фота: Novenanews.com

«Любі Пана Бога твайго і любі бліжняга твайго, як самога сябе», — найбольшай запаведзі прысвяціў сваё разважанне перад малітвай «Анёл Панскі» 25 кастрычніка Папа Францішак.

Як паведамляе беларуская рэдакцыя парталу Vatican News, Папа нагадаў, што ў евангельскім урыўку (Мц 22, 34-40) кніжнік пытаецца ў Езуса: «Настаўнік, якая запаведзь найбольшая ў Законе?» — галоўная запаведзь усяго Боскага Закона. Езус адказвае: «Любі Пана Бога твайго ўсім сэрцам тваім, і ўсёй душой тваёй, і ўсім розумам тваім». І адразу ж дадае: «Другая ж — падобная да яе: Любі бліжняга твайго, як самога сябе».

«Адказ Езуса нагадвае і аб’ядноўвае дзве асноўныя запаведзі, якія Бог даў свайму народу праз Майсея (Дрг 6, 5; Лев 19, 18). Ён такім чынам пераадольвае падводны камень, пастаўлены, каб “выпрабаваць Яго”. Па сутнасці, суразмоўца спрабуе ўцягнуць Яго ў спрэчку паміж кніжнікамі аб іерархіі прадпісанняў.

Але Езус усталёўвае дзве важныя асновы для вернікаў усіх часоў.

Першая: маральнае і рэлігійнае жыццё не можа быць зведзена да трывожнага і вымушанага падпарадкавання – галоўным прынцыпам павінна быць любоў. Другая: любоў павінна быць адзінай і непарыўнай да Бога і бліжняга», — сказаў Папа.

«Гэта адна з галоўных навінак вучэння Езуса, якая вучыць нас, што сапраўдная любоў да Бога не можа не выяўляцца ў любові да бліжняга. І, такім жа чынам, сапраўдная любоў да бліжняга не можа не вынікаць з адносін з Богам», — сказаў Пантыфік.

Ён адзначыў, што Езус завяршае свае высновы такімі словамі: «На гэтых дзвюх запаведзях грунтуецца ўвесь Закон і Прарокі».

«Гэта азначае, што ўсе запаведзі, якія Пан даў свайму народу, павінны быць звязаны з любоўю да Бога і бліжняга.

На самой справе, усе запаведзі служаць ажыццяўленню і выражэнню гэтай двайной непадзельнай любові», — патлумачыў Папа.

Ён дадаў, што «любоў да Бога выяўляецца перш за ўсё ў малітве, асабліва ў адарацыі», а любоў да бліжняга засноўваецца на «блізкасці, слуханні, дзяленні, клопаце адносна іншага чалавека».

«У сённяшнім Евангеллі Езус зноў дапамагае нам ісці да жывой і фантануючай крыніцы Любові. Гэтая крыніца — сам Бог; Яго любоў праяўляецца ў камуніі, якую нішто і ніхто не можа разарваць. Камуніі, што з’яўляецца дарам, да якога трэба звяртацца кожны дзень, але і асабістай прыхільнасцю, якая заключаецца ў супрацьстаянні заняволенню нашага жыцця ідаламі свету», — адзначыў пастыр паўсюднага Касцёла.

Па словах Святога Айца, тэстам шляху навяртання і святасці заўсёды з’яўляецца любоў да бліжняга.

«Пакуль ёсць брат ці сястра, перад якімі мы закрываем сэрца, мы ўсё яшчэ далёкія ад таго, каб называцца вучнямі, якімі хоча бачыць нас Езус. Але Яго боская міласэрнасць не дазваляе нам падаць духам, наадварот, Ён заклікае нас пачынаць нанова кожны дзень, каб паслядоўна жыць Евангеллем», — сказаў Пантыфік.

«Няхай заступніцтва Найсвяцейшай Марыі адкрые нашыя сэрцы на “найбольшую запаведзь”, двайную запаведзь любові, якая абагульняе ўвесь закон Божы і ад якой залежыць наша збаўленне», — завяршыў сваё разважанне Папа.

Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа