Падчас агульнай аўдыенцыі, якая 21 лістапада прайшла на ватыканскай плошчы Св. Пятра, Святы Айцец засяродзіў увагу на дзвюх апошніх запаведзях Дэкалогу: «Не пажадай жонкі бліжняга твайго» і «Не пажадай нічога, што належыць бліжняму твайму».
Папа заўважыў, што яны перагукаюцца з запаведзямі, якія датычацца чужаложства і крадзяжу.
«У чым жа тады прызначэнне гэтых слоў? Яны з’яўляюцца проста абагульненнем? Ці ў іх ёсць штосьці большае?» — задаў ён рытарычнае пытанне.
«Добра, калі мы памятаем аб тым, што ўсе запаведзі пакліканы вызначаць межы жыцця, выходзячы за якія чалавек знішчае самога сябе і бліжняга, ламаючы адносіны з Богам.<…> Усе грахі нараджаюцца ў выніку дрэнных жаданняў — усе. Пачынаюцца яны з памкнення сэрца, потым чалавек уваходзіць у гэту хвалю і прыходзіць да парушэння. Гаворка не ідзе пра фармальнае парушэнне, парушэнне Закону, але пра парушэнне, якое раніць самога чалавека і іншых», — сказаў Святы Айцец.
Паводле яго, сам Езус кажа пра гэта адкрытым тэкстам: «Бо знутры, з чалавечага сэрца, выходзяць благія думкі, распуста, крадзеж, забойствы, чужаложства, сквапнасць, зласлівасць, падступнасць, бессаромнасць, зайздрасць, блюзнерства, пыха, глупства. Усё гэтае зло выходзіць знутры і робіць чалавека нячыстым» (пар. Мк 7, 21–23).
«Разумеем тады, што ўвесь шлях, пройдзены праз Дэкалог, не меў бы ніякага сэнсу, калі б не дасягнуў узроўню чалавечага сэрца. Адкуль паходзіць усё гэтае зло? Дэкалог выразны і глыбокі ў гэтым аспекце: яго канчатковым пунктам з’яўляецца сэрца, а калі яно не будзе вызвалена, астатняе не вельмі патрэбна. Вось выклік: вызваліць сэрца ад усяго дрэннага і бруднага», — сцвярджае пастыр паўсюднага Касцёла.
«Можна звесці Божыя наказы толькі да прыгожага фасаду жыцця, якое ўсё роўна застанецца жыццём нявольнікаў, а не сыноў. Часта за фарысейскай маскай задушлівай правільнасці хаваецца штосьці дрэннае і нявырашанае», — дадаў ён.
Паводле папы Францішка, запаведзі павінны дапамагчы чалавеку пазбавіцца ад гэтай маскі, каб паказаць яго сапраўдную беднасць і прывесці да пакоры.
«Чалавеку патрэбнае гэтае благаслаўлёнае прыніжэнне, якое прыводзіць да разумення, што ён не можа збавіцца самастойна, што ён павінен крычаць да Бога, каб атрымаць збаўленне», — сцвердзіў Святы Айцец.
«Дарэмна думаць, што мы можам выправіцца без дару Святога Духа. Дарэмна думаць, што ачысцім наша сэрца дзякуючы толькі тытанічным высілкам нашай волі: гэта немагчыма. Неабходна ў праўдзе і свабодзе адкрыцца для адносін з Богам: толькі так нашыя намаганні змогуць прынесці плён», — падкрэсліў Пантыфік.
Папа Францішак нагадаў, што заданне біблійнага Закона заключаецца ў тым, каб прывесці чалавека да праўды аб ім самім, а гэта значыць да яго беднасці, што «становіцца сапраўднай і асабістай адкрытасцю для Божай міласэрнасці, якая перамяняе і аднаўляе».
«Апошнія словы Дэкалога вучаць усіх прызнаваць сябе жабракамі; дапамагаюць нам стаць перад абліччам беспарадку нашага сэрца, каб больш не жыць эгаістычна, а стаць беднымі духам і сапраўднымі перад абліччам Айца, дазваляючы, каб Сын вызваліў нас, а Святы Дух навучыў», — сцвердзіў Пантыфік.
«„Шчаслівыя ўбогія духам, бо іх ёсць Валадарства Нябеснае“. Так, шчаслівыя тыя, якія перастаюць падманваць сябе, думаючы, што могуць выратавацца ад уласнай слабасці без Божай міласэрнасці, адзінай здольнай аздаравіць сэрца. Толькі міласэрнасць Бога аздараўляе сэрца. Шчаслівыя тыя, якія прызнаюць уласныя благія жаданні і з сэрцам скрушаным і пакорным стаяць перад Богам і людзьмі не як справядлівыя, а як грэшнікі. Як цудоўна тое, што Пётр сказаў Пану: „Адыдзі ад мяне, Пане, бо я чалавек грэшны“. Гэта цудоўная малітва», — сказаў Папа.
На завяршэнне катэхезы Святы Айцец зазначыў, што асобы, якія прызнаюць сябе грэшнікамі, атрымліваюць здольнасць спагады і міласэрнасці да іншых, бо самі спазналі гэта.