16 красавіка Бэнэдыкту XVI споўніўся 91 год. Свой дзень нараджэння ён сустрэў у кляштары Mater Ecclesiæ на тэрыторыі Ватыкана, адзначыўшы яго ў невялікай групе блізкіх асобаў, сярод якіх родны брат Папы на пенсіі 94-гадовы кс. Георг Ратцынгер.
У мінулыя дні Бэнэдыкт XVI прыняў у сваёй рэзідэнцыі некалькі віншавальных візітаў. Яго госцем нядаўна быў кардынал Леанардо Сандры, прэфект Кангрэгацыі па справах Усходніх Касцёлаў, які падараваў яму новае афіцыйнае выданне даведніка Oriente Cattolico. Некалькі дзён таму Папа таксама прыняў абата Максімільяна Хайма з групай манахаў цыстэрцыянцаў з абацтва Хайлігенкройц у Аўстрыі.
16 красавіка на італьянскім каталіцкім канале Tv2000 плануецца паказ дакументальнага фільма «Бэнэдыкт XVI: час ісціны» (Benedetto XVI, l’ora della verità). Стужка распавядае пра яскравы і незвычайны жыццёвы шлях 264-га Наступніка св. Пятра.
Ёзаф Ратцынгер (папа Бэнэдыкт XVI) нарадзіўся ў горадзе Марктль-ам-Ін у Германіі 16 красавіка 1927 г. Быў абраны на Пасад св. Пятра 19 красавіка 2005 г. 11 лютага 2013 г. абвясціў аб сваёй адстаўцы, у якую сышоў 28 лютага таго ж года. З таго часу жыве ў кляштары Mater Ecclesiæ на тэрыторыі Ватыкана, устрымліваючыся ад з’яўлення на публіцы.