Пошук

09.03.2018 07:30   Паводле: Vatican News / Фота: Vatican Media / Catholic.by

9 сакавіка ў 17.00 сярэднееўрапейскага часу ў ватыканскай базыліцы св. Пятра папа Францішак узначаліць пакаяннае набажэнства, якім распачнецца малітоўная акцыя «24 гадзіны для Пана», ініцыяваная Папскай радай спрыяння новай евангелізацыі. Да яе далучаецца таксама Касцёл на Беларусі.

Падобная малітоўная акцыя ўпершыню прайшла 5 гадоў таму, пасля чаго была хутка падхоплена ва ўсім свеце. Таксама і сёлета ў кожнай дыяцэзіі прынамсі адзін касцёл будзе адчынены на працягу 24 гадзін без перапынку, каб усім жадаючым даць магчымасць правесці нейкі час у малітве і адарацыі, а таксама паспавядацца. Духоўным натхненнем малітоўнай акцыі сталі словы з псальма 130 (129): «У Цябе прабачэнне».

Арцыбіскуп Рыно Фізікела, старшыня Папскай рады спрыяння новай евангелізацыі, па ініцыятыве якой праводзіцца акцыя «24 гадзіны для Пана», кажа: «Яе мэта — усім, асабліва тым, каму яшчэ няёмка заходзіць у касцёл, даць магчымасць шукаць міласэрных абдымкаў Бога не ў той час і не так, як звычайна, каб дапамагчы ім вярнуцца да Айца».

У сваім пасланні на сёлетні Вялікі пост папа Францішак запрашае ўсіх вернікаў скарыстацца гэтай магчымасцю перажыць сакрамэнт паяднання ў кантэксце Эўхарыстычнай адарацыі.

У межах малітоўнай акцыі «24 гадзіны для Пана» ў мінскай архікатэдры пройдзе таксама традыцыйнае велікапоснае чуванне моладзі на тэму «Навяртайцеся і верце ў Евангелле».

Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа