Пошук

13.02.2018 16:32   Паводле: Алессандро Дзі Буссала – Vatican News / Пераклад і адаптацыя: Мікола Гракаў / Catholic.by

У сваім пасланні на Вялікі пост 2018 г. папа Францішак запрашае вернікаў прыгледзецца да свайго сэрца, каб убачыць, ці не пагражае яму зман, які яго знявольвае.

Вялікі пост — гэта спрыяльны час для распазнання, ці не пагражаюць нашаму сэрцу падманы фальшывых прарокаў, якія нясуць з сабой небяспеку згасіць у нас любоў, і каб лячыцца ад гэтага з дапамогай малітвы, міласціны і посту. Гэта асноўная думка сёлетняга Папскага паслання на Вялікі пост, якое Святы Айцец падпісаў 1 лістапада мінулага года, ва ўрачыстасць Усіх Святых.

Усё Пасланне натхнёна словамі Хрыста з Евангелля паводле Мацвея: «З-за таго, што пашырыцца беззаконне, любоў многіх астыне» (пар. Мц 24, 12).

Езус на Аліўнай гары: фальшывыя прарокі многіх звядуць

Сын Божы сказаў гэтыя словы на Аліўнай гары, перад сваім цярпеннем, у адказ на пытанне вучняў.

«Езус прадказвае вялікае выпрабаванне і апісвае сітуацыю, у якой можа апынуцца супольнасць вернікаў: у сувязі з балючымі падзеямі некаторыя фальшывыя прарокі многіх звядуць да такой ступені, што гэта будзе пагражаць згасіць у сэрцах любоў, якая з’яўляецца асновай усяго Евангелля».

Папа прапануе паразважаць, хто яны такія: сучасныя фальшывыя прарокі. Некаторыя з іх, на яго думку, падобныя да «заклінальнікаў змеяў», якія, гуляючы на чалавечых эмоцыях, знявольваюць людзей і цягнуць іх, куды толькі самі пажадаюць. Яны прывабліваюць мужчын і жанчын ілюзорнымі задавальненнямі, якія доўжацца хвіліну, але за якія трэба расплачвацца шчасцем, або марамі пра багацце, якія робяць іх нявольнікамі пажывы і меркантыльных інтарэсаў.

Шарлатаны, якія «лечаць» пакуты наркотыкамі і віртуальнай рэльнасцю

Іншыя фальшывыя прарокі, якіх апісвае папа Францішак, — гэта шарлатаны, якія прапануюць проста і імгненна пазбавіцца ад пакутаў, аднак іхнія прапановы абсалютна незадавальняючыя. Моладзі навязваюцца зманлівыя «лекі» наркотыкаў, адносінаў «карыстайся і выкідвай», лёгкіх, але несумленных заробкаў, а таксама ілюзія цалкам віртуальнага жыцця, дзе адносіны здаюцца больш простымі і хуткімі, але якія потым аказваюцца цалкам бессэнсоўнымі.

Гэта — махляры, якія гандлююць тым, што не мае ніякай каштоўнасці, а ўзамен забіраюць самае дарагое: гонар, свабоду і здольнасць любіць. Гэта — зман марнасці, што паходзіць ад д’ябла, «бацькі хлусні».

Нам належыць разабрацца ў нашым сэрцы і паглядзець, ці не пагражаюць яму падманы гэтых фальшывых прарокаў. Мы павінны ўмець адрозніваць тое, што пакідае ў нас добры след, што паходзіць ад Бога і сапраўды важна для нашага дабра.

Д’ябал жыве ў холадзе здушанай любові

Як уяўляў у сваім пекле Дантэ Аліг’еры, д’ябал там засядае на троне з лёду, таму што жыве ў холадзе здушанай любові. Якія ж сімптомы сведчаць пра тое, што любоў у нас можа астынуць і згаснуць? Перадусім гэта прагнасць да грошай, якая ідзе следам за адмаўленнем ад Бога і ад пошуку суцяшэння ў Ім; калі мы больш схільныя да адчаю, а не да ўмацавання Яго словам. Гэтае адмаўленне ператвараецца ў насілле супраць таго, хто здаецца пагрозай для нашай бяспекі: «ненароджанага дзіцяці, хворага старога, беспрытульнага мінака, чужынца, а таксама блізкага чалавека, які не адпавядае нашым чаканням».

Астылая любоў — пагроза для стварэння і для нашых супольнасцяў

Калі астывае любоў, ад гэтага пакутуе таксама стварэнне, навакольнае асяроддзе. Зямля атручана адкідамі з-за нядбайнасці і імкнення да выгоды, забруджанае мора хавае ў сваіх глыбінях парэшткі шматлікіх пацярпелых караблекрушэнне вымушаных мігрантаў, неба баразняць паветраныя машыны, з якіх сыплецца смертаносны дождж. Як піша далей папа Францішак, нагадваючы сваю Апостальскую адгартацыю Evangelii gaudium, гэта ўносіць у нашыя супольнасці «эгаістычную маркоту, бясплодны песімізм, спакусу адасобіцца і весці бясконцыя братазабойчыя войны, секулярнае мысленне», што прымушае займацца толькі знешнімі справамі і так зводзіць на нішто місіянерскі запал.

Лекі — малітва, міласціна, пост

Калі мы заўважаем у нас і навокал нас гэтыя сімптомы, Касцёл прапануе нам падчас Вялікага посту «салодкія лекі малітвы, міласціны і посту». Дзякуючы малітве нашае сэрца можа заўважыць зман, якім мы ашукваем саміх сябе. Міласціна, якая нас вызваляе ад прагнасці, павінна для ўсіх стаць сапраўдным і належным ладам жыцця.

«Як бы мне хацелася, — кажа папа Францішак, — каб перад кожным братам, які просіць у нас дапамогі, мы думалі, што гэта — зварот Божага Провіду».

Сапраўды, калі сёння Бог карыстаецца мною для таго, каб дапамагчы майму брату, ці ж заўтра Ён не паклапоціцца таксама і пра мае патрэбы?

Нарэшце, пост нас абяззбройвае, дапамагае ўзрастаць, абуджае нас, робіць больш уважлівымі да Бога і да бліжняга. Ён вяртае нам жаданне быць паслухмянымі Богу — адзінаму, хто наталяе наш голад.

24 гадзіны для Пана: адарацыя і паяднанне

Пантыфік звяртаецца з заклікам таксама да некатолікаў, гатовых слухаць Бога.

«Калі вас, як і нас, засмучае несправядлівасць, што залівае свет, калі вас непакоіць холад, які паралізуе сэрцы і жаданне дзейнічаць, калі вы бачыце, як змяншаецца адчуванне супольнай чалавечнасці, далучайцеся да нас, каб разам маліць Бога, каб пасціцца разам з намі і даць тое, што можаце, на дапамогу братам».

Для вернікаў цудоўнай магчымасцю, каб зноў пачаць любіць, стане ініцыятыва «24 гадзіны для Пана»: у кожнай дыяцэзіі з пятніцы 9 да суботы 10 сакавіка на працягу цэлага дня будзе адчынены прынамсі адзін касцёл для адарацыі і споведзі.

Такім чынам, у Пасхальную ноч, — піша на заканчэнне папа Францішак, — святло пасхала сапраўды зможа прагнаць цемру, а слуханне слова Пана і пасілак Эўхарыстычнага хлеба дазволіць нашаму сэрцу зноў запалаць верай, надзеяй і любоўю.

Абноўлена 13.02.2018 20:22
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.