Пошук

11.02.2018 00:07   Паводле: Алессандро Джызоцці – Vatican News / Фота: Vatican Media / Пераклад і адаптацыя: Мікола Гракаў / Catholic.by

Бэнэдыкт XVI і монсінёр Альфрэд Ксэрэб
Бэнэдыкт XVI і монсінёр Альфрэд Ксэрэб

Так назваў гэтае рашэнне Папы на пенсіі, якое пяць гадоў таму скалыхнула свет, яго асабісты сакратар монсеньёр Альфрэд Ксэрэб.

Пяць гадоў таму, 11 лютага 2013 г., папа Бэнэдыкт XVI абвясціў сваё рашэнне сысці з Пасаду св. Пятра. Гэта быў надзвычайны ўчынак любові да Касцёла, веліч якога з цягам часу ўсё глыбей разумеюць вернікі і не толькі. З 2007 г. і да канца пантыфікату Бэнэдыкта XVI яго асабістым сакратаром і адным з найбліжэйшых супрацоўнікаў быў монсеньёр Альфрэд Ксэрэб, які так узгадвае падзеі пяцігадовай даўніны.

«5 лютага 2013 г. папа Бэнэдыкт запрасіў мяне ў свой кабінет і сказаў мне, што прыняў важнае рашэнне: сысці з Пасаду. Адразу мне хацелася сказаць: „Можа, варта пра гэта яшчэ падумаць?“ Але я стрымаўся, бо не сумняваўся, што ён доўга аб гэтым маліўся.

Так, менавіта ў гэты момант мне ўзгадалася адна дэталь. Даволі працяглы час, калі перш, чым распачаць Імшу ў прыватнай папскай капліцы, ён доўга маліўся ў сакрыстыі, нягледзячы на бой гадзінніка, які азначаў пачатак Імшы, ён не звяртаў на яго ўвагі і заставаўся ў задуменні перад крыжам, які ў сакрыстыі.

Я тады здагадваўся, што ён у гэты час маліўся аб чымсьці важным. І тады, 5 лютага, пачуўшы пра яго сур’ёзнае рашэнне, я падумаў: „Вельмі верагодна, што ён якраз аб гэтым маліўся“.

Наступны незабыўны момант — гэта публічнае абвяшчэнне таго рашэння на Кансісторыі 11 лютага. Я ўвесь час плакаў, таксама за абедам, і ён зразумеў, што я моцна перажываю. Я яму сказаў: „Святы Ойча, а вы былі спакойным, не хваляваліся?“ І ён рашуча адказаў „так“, таму што сваё ўжо адпакутаваў. Ён быў спакойным менавіта таму, што быў упэўнены, што добра ўсё ўзважыў, і таму быў у спакоі, аддаўшыся на Божую волю.

<…>

Гэта быў грандыёзны ўчынак. Асабліва падчас палёту ў Мексіку ён зразумеў, што больш не ў стане вытрымліваць далёкія падарожжы. А тады неўзабаве павінны былі адбыцца Сусветныя дні моладзі ў Бразіліі, і ён разумеў, што ўжо больш не ў стане падарожнічаць, рабіць усе гэтыя высілкі…

На маю думку, ён зрабіў гераічны ўчынак, таму што думаў перадусім пра Касцёл, пра любоў да Касцёла, якая была ў ім нашмат мацнейшай за любоў да сябе, да сваёй асобы.

Яго не хвалявала, што пэўныя людзі або асяродкі могуць сказаць пра яго, што, магчыма, яму не хапіла мужнасці, каб ісці наперад… Ён увесь час быў спакойным, як толькі зразумеў, што Бог патрабуе ад яго здейсніць гэты акт улады, любячы больш Касцёл, чым сябе.

<…>

Ён зрабіў выбар жыць у засяроджанасці менавіта для таго, каб мець магчымасць падрыхтавацца да канчатковай сустрэчы з Панам, але ён робіць гэта, ведучы глыбокае духоўнае жыццё, ахвяруючы малітвы, а таксама немачы, звязаныя са станам здароўя, на карысць Касцёла, за Папу і за Касцёл».

Абноўлена 27.02.2018 11:14
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.