Пошук

31.01.2018 12:39   Паводле: Адрыяна Мазоцці – Vatican News / Фота: Vatican Media / Пераклад і адаптацыя: Мікола Гракаў / Catholic.by

«Мы жывём у часы вялікай надзеі», — сказаў арцыбіскуп Паоло Пэццы пасля аўдыенцыі ў папы Францішка, удзеленай каталіцкім біскупам Расійскай Федэрацыі, якія знаходзіліся ў Рыме з візітам ad limina Apostolorum. Такі візіт распачалі сёння ў Вечным горадзе таксама каталіцкія біскупы Беларусі.

Папа Францішак жадае ад пастыраў, каб яны былі бліжэй да людзей, якія чакаюць Божага cлова. Ён асаблівым чынам гэта падкрэсліў падчас аўдыенцыі, якую ў межах візіту ad limina Apostolorum удзяліў членам Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Расіі.

Ардынарый архідыяцэзіі Маці Божай у Маскве арцыбіскуп Паоло Пэццы, дзелячыся ўражаннямі пра сустрэчу з Пантыфікам, сказаў, што яна прайшла вельмі добра.

«Мы былі ўражаныя сардэчнасцю, увагаю і адкрытасцю Святога Айца ў адносінах да нас. Сустрэча працягвалася вельмі доўга: мы больш за дзве гадзіны вялі дыялог з Папам. Ён перадусім цікавіўся нашым жыццём як біскупаў, як пастыраў, нашым асабістым жыццём і душпастырскай дзейнасцю. Акрамя таго, мы паразмаўлялі пра нашую блізкасць да людзей, пра неабходнасць імкнуцца выконваць нашую місію для Божага народа і разам з Божым народам».

Гэта тэма, да якой папа Францішак часта вяртаецца: пастыры павінны быць бліжэй да авечак. Гаворачы пра настрой вернікаў і становішча Касцёла ў Расіі, арцыбіскуп Пэццы адзначыў:

«Настрой вернікаў я параўнаў бы з часам Божага Нараджэння: людзі чакаюць сустрэчы з Панам. Можна сказаць, што мы ў пэўным сэнсе перажываем вялікае адраджэнне. Безумоўна, гэта не значыць, што цяпер настаў час трыумфалізму: зусім не; гэта час пакорнай штодзённай місіі быць з людзьмі, перадусім з найбольш патрабуючымі. Можна сказаць, што цяперашні момант характарызуецца менавіта пануючай атмасферай надзеі».

На тэму ўзаемаадносінаў з Рускай Праваслаўнай Царквой ардынарый архідыяцэзіі Маці Божай сказаў:

«Асабліва пасля сустрэчы на Кубе Папы і Патрыярха Маскоўскага і ўсяе Русі Кірыла, што адбылася два гады таму, ажывілася фактычнае супрацоўніцтва ў галіне супольнага сведчання.

У такіх сферах, як абарона жыцця, дапамога асобам з залежнасцямі: наркаманам і іншым, у сферы сям’і былі рэалізаваны і працягваюць ажыццяўляцца сумесныя ініцыятывы з удзелам праваслаўных і католікаў на мясцовым узроўні, гэта значыць у Расіі, але існуе магчымасць удзелу католікаў з іншых краін свету».

Абноўлена 31.01.2018 12:42
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа