Пошук

24.01.2018 13:06   Паводле: Адрыяна Мазоцці – Vatican News / Фота: L'Ossevatore Romano / Пераклад і адаптацыя: Мікола Гракаў / Catholic.by
Супольная каталіцка-лютэранская малітва з удзелам папы Францішка. Лунд (Швецыя), 31 кастрычніка 2016 г.
Супольная каталіцка-лютэранская малітва з удзелам папы Францішка. Лунд (Швецыя), 31 кастрычніка 2016 г.

Вялікую каштоўнасць малітвы на шляху да адзінства хрысціянаў падкрэсліў Святы Айцец у сваім Твітары.

Тэмай сёлетняга Тыдня малітваў за адзінства хрысціянаў сталі словы з кнігі Зыходу «Правіца Твая праслаўлена моцаю». Гэты Тыдзень малітваў распачаўся 18 студзеня, а завершыцца заўтра, у свята Навяртання св. Апостала Паўла, святой Імшой, якую папа Францішак будзе цэлебраваць у рымскай базыліцы св. Паўла за Мурамі.

Учора ў сваім Твітары Святы Айцец напісаў: «Малітва, якая ачышчае, умацоўвае і асвятляе дарогу — гэта як быццам паліва на нашым шляху да поўнага адзінства хрысціянаў».

Такім чынам Папа нагадаў, як важна ўсталяваць малітоўную сувязь з Богам і слухаць, што нам кажа Ягоны Дух, у дарозе да адзінства, па якой ідуць хрысціяне.

Вось як пракаментаваў словы папы Францішка а. Джакамо Пульізі, амерыканец італьянскага паходжання, дырэктар цэнтра Pro Unione («За адзінства»):

«Менавіта так: маліцца — гэта азначае не столькі прамаўляць малітвы, колькі слухаць голас Бога, які ачышчае нашае сэрца і наш розум, даючы нам магчымасць па-новаму паглядзець на рэчы і потым быць паслухмянымі Ягонай волі».

Тэма сёлетняга Тыдня малітваў падкрэслівае, што Бог нас вызваляе. У гэтых словах з кнігі Зыходу — «Правіца Твая праслаўлена моцаю» — гучыць захапленне і ўдзячнасць Майсея і яго народа за вызваленне з егіпецкай няволі. Айцец Дж. Пульізі так тлумачыць гэты выбар, зроблены групай вернікаў з Карыбскіх астравоў: «У мінулым ім давялося спазнаць няволю, таму яны пажадалі падкрэсліць Божую справу вызвалення, з чаго бяруць пачатак усе нашыя хрысціянскія абавязкі. Сапраўды, толькі Бог у стане дапамагчы нам пераадолець усе нашыя зняволенні, якія таксама і сёння існуюць, і ўсе мы, хрысціяне, павінны супрацоўнічаць у справе гэтага вызвалення».

Ужо нямала крокаў зроблена на шляху да больш поўнага адзінства. Паміж Каталіцкім Касцёлам і Праваслаўнай Царквой узнікла супрацоўніцтва ў галіне аховы стварэння. «Сумесны клопат нараджаецца з супольнай веры ў Трыадзінага Бога, які стварае, зберагае, асвячае і працягвае дзейнічаць ва ўсім стварэнні, дадзеным нам, людзям, каб мы пра яго клапаціліся», — кажа айцец Джакамо.

У мінулым годзе адзначалася 500-годдзе рэформы Марціна Лютэра, што стала для Каталіцкага Касцёла нагодай, каб адзначыць пэўныя станоўчыя моманты гэтай падзеі і паглыбіць дыялог з лютэранскай супольнасцю. Канструктыўныя адносіны ў будучыні могуць паспрыяць плённаму абвяшчэнню праўдаў веры, якія мы падзяляем. Прычым не толькі з лютэранамі: а. Дж. Пульізі адзначыў таксама паляпшэнне адносінаў з англіканамі, кальвіністамі, метадыстамі, пяцідзясятнікамі, евангелістамі. «Я пазітыўна гляджу на тыя крокі, якія мы зрабілі з дапамогаю Святога Духа і якія яшчэ зробім, калі будзем слухаць, што нам кажа Бог», — заключыў кіраўнік цэнтра «За адзінства».

 Даведка:

Цэнтр Pro Unione, які ўзначальвае а. Джакамо Пульізі, быў створаны падчас Другога Ватыканскага Сабору як прастора пошуку і дыялогу, дзе хрысціяне могуць сустрэцца і паразмаўляць у нефармальнай атмасферы, а таксама праверыць крокі, якія мы зрабілі разам. Цэнтрам займаюцца браты францішкане з супольнасці Atonement (Паяднання), якая ўзнікла менавіта з экуменічным пакліканнем, таму што яе заснавальнік Слуга Божы а. Паоло Ватсан прапанаваў распачаць Актаву малітваў за адзінства хрысціянаў у 1908 г. Такім чынам, распаўсюджванне малітвы — гэта частка іх паклікання: і не толькі маліцца, а перадусім рабіць канкрэтныя крокі да поўнага адзінства хрысціянскіх супольнасцяў.

Абноўлена 24.01.2018 14:01
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.