Ва ўспамін святога Крыштафа, апекуна кіроўцаў і ўсіх тых, хто знаходзіцца ў дарозе, які адзначаецца 25 ліпеня, Старшыня Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў Беларусі арцыбіскуп Юзаф Станеўскі звяртаецца да кіроўцаў і ўсіх ўдзельнікаў дарожнага руху.
Любыя браты і сёстры, удзельнікі дарожнага руху, дарагія сябры. Мы ведаем, што святы Крыштаф з’яўляецца апекуном аўтамабілістаў і вандроўнікоў. У гэты дзень, па традыцыі, якая існуе з 1934 года, благаслаўляюцца кіроўцы, асвячаюцца іх аўтамабілі, матацыклы, веласіпеды і іншы транспарт.
Мае дарагія, усе мы павінны правільна аднесціся да абраду благаслаўлення ў дзень святога Крыштафа транспартных сродкаў і тых, хто імі кіруе. Але не сама выява святога і не асвячоная вада абараняюць ад паспешлівасці, спакусы празмернай хуткасці і дапамагаюць быць больш уважлівымі і разважлівымі на дарозе.
Кожны, хто просіць аб Божым благаслаўленні для сябе і транспартнага сродка, павінен памятаць, што гэты абрад нагадвае пра адказнасць бяспечнага кіравання ім і пра неабходнасць дакладна выконваць правілы дарожнага руху.
Як жа дзейнічае благаслаўленне ў дзень святога Крыштафа?
Прымаючы яго, распачынаючы падарожжа малітвай ці, прынамсі, знакам крыжа, мы перад усім павінны ўсвядоміць, што з ласкай Божай трэба супрацоўнічаць.
Бог адорвае нас сваёю ласкаю і дабротамі, дае нам сілы, аднак пры гэтым чакае ў адказ супрацоўніцтва з нашага боку.
Мы супрацоўнічаем з Божай ласкай, калі захоўваем вернасць Божаму закону і захоўваем законы, устаноўленыя дзяржавай, у дадзеным выпадку — правілы дарожнага руху.
Любая моладзь, звяртаюся асабліва да вас, бо часта, адпачываючы на канікулах, вы спяшаецеся хутчэй сесці за руль аўтамабіля ці матацыкла. Прашу вас: не спяшайцеся! Не лётайце навыперадкі з ветрам, не дадавайце сівых валасоў сваім бацькам!
Браты і сёстры, удзельнікі руху! Віншуючы вас са святам, заклікаю, каб вы давалі іншым добры прыклад разважлівасці і дысцыплінаванасці. Цаніце сваё жыццё і жыццё іншых, бо гэта — найкаштоўнейшы Божы дар. І прашу: памятайце пра малітву кіроўцы, нават, калі за рулём хтосьці іншы.
З благаслаўленнем на бяспечнае падарожжа,
✠ Арцыбіскуп Юзаф Станеўскі
Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі
Старшыня Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў Беларусі
Малітва кіроўцы
Божа, дай мне ўпэўненую руку і зоркае вока, каб я нікому не прычыніў шкоды ў дарозе.
Даўца жыцця, не дазволь, каб я стаў прычынаю смерці альбо калецтва тых, каму Ты даў жыццё.
Захавай, Пане, ад няшчасных выпадкаў тых, хто падарожнічае са мною.
Навучы мяне карыстацца аўтамабілем для дабра маіх бліжніх і стрымай спакусу празмернай хуткасці.
Учыні, каб хараство свету, створанага Табою, і радасць Тваёй ласкі заўсёды мне спадарожнічалі. Амэн.







