
У аўторак, 13 кастрычніка, у першай палове дня Леў XIV будзе шпіталізаваны для правядзення аперацыі па выдаленні вузла ў лёгкім. У сувязі з гэтым у рабочым графіку Папы адбыліся змены.
Пра неабходнасць хірургічнага ўмяшання Папа паведаміў сам 11 кастрычніка пасля завяршэння нядзельнай малітвы «Анёл Панскі», папрасіўшы вернікаў маліцца за яго. Пасля гэтага ён атрымаў і працягвае атрымліваць шматлікія пасланні з пажаданнямі хуткага выздараўлення з усяго свету.
Дату шпіталізацыі назваў кіраўнік Залы Друку Апостальскай Сталіцы Матэа Бруні.
Чакаецца, што пасля аперацыі Леў XIV правядзе ў бальніцы каля тыдня.
У сувязі са шпіталізацыяй працоўны графік Папы зменіцца. Раніцай 12 кастрычніка ён правёў усе запланаваныя аўдыенцыі, аднак у другой палове дня ўжо не ўдзельнічаў у сустрэчы «Праз 10 гадоў пасля Amoris laetitia: абвяшчаць Евангелле з сучаснымі сем’ямі», якая праходзіць у Зале Паўла VI.
Як паведаміў на брыфінгу ў Зале Друку Святога Пасада ксёндз Джакама Коста, кансультант Генеральнага сакратарыяту Сінода Біскупаў, адказны за метадалогію сустрэчы, Святую Імшу з нагода 10-й гадавіны апостальскай адгартацыі Amoris laetitia, якая адбудзецца ў сераду, 14 кастрычніка, на Плошчы святога Пятра, замест Папы ўзначаліць кардынал Луіс Антоніа Тагле, прызначаны нядаўна новым дэканам Калегіі кардыналаў. У Эўхарыстыі прымуць удзел кіраўнікі Усходніх Касцёлаў, прадстаўнікі біскупскіх канферэнцый, кардыналы, сужэнскія пары і эксперты, якія прымаюць удзел у саміце аб будучыні сям’і.
«Падчас Імшы мы будзем асаблівым чынам маліцца за здароўе Святога Айца, а таксама за сем’і»,
— сказаў падчас брыфінгу айцец Коста.
Што да выніковай справаздачы сустрэчы, то, па словах айца Косты, Папа пажадаў азнаёміцца з ёй пасля выпіскі, таму «папрасіў, каб справаздача не была апублікавана, як планавалася папярэдне, бо ён хацеў бы яе выслухаць і выказаць сваё меркаванне».







