
Святы Айцец Леў XIV прызначыў новага біскупа для карагандзінскай дыяцэзіі ў Казахстане. Ім стаў ксёндз Пётр Пытлаваны — святар, які ўжо шмат гадоў прысвячае сябе служэнню ў гэтай краіне.
Як паведаміў 10 жніўня Vatican News, новым біскупам Караганды прызначаны ксёндз Пётр Пытлаваны, прадстаўнік духавенства fidei donum (дыяцэзіяльны святар-місіянер) з Пшэмысльскай архідыяцэзіі, Польша.
Будучы біскуп-намінант нарадзіўся ў польскім Бжозаве. Па заканчэнні школы паступіў у Вышэйшую духоўную семінарыю ў Пшэмыслі, потым вывучаў тэалогію ў Люблінскім каталіцкім універсітэце імя Яна Паўла ІІ. Навуковы шлях працягнуў у Кракаве, дзе атрымаў доктарскую ступень па тэалогіі.
Адразу пасля святарскага пасвячэння ксёндз Пытлаваны быў накіраваны ў Казахстан у якасці місіянера fidei donum. Там ён быў пробашчам у некалькіх парафіях, а таксама займаў пасады прэфекта і рэктара ў Міждыяцэзіяльнай духоўнай семінарыі ў Карагандзе.
Акрамя душпастырскай працы, ён выконваў абавязкі прэс-сакратара Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў Цэнтральнай Азіі. Да свайго біскупскага прызначэння ксёндз Пытлаваны служыў пробашчам катэдральнай парафіі Маці Божай Нястомнай Дапамогі ў Астане.







