З 6 па 9 верасня арцыбіскуп эмэрыт Тадэвуш Кандрусевіч наведаў Казахстан, дзе ўзяў удзел у святкаванні юбілею 25-годдзя з часу заснавання Карагандзінскай дыяцэзіі.
Заслужаны беларускі іерарх скіраваўся на юбілейныя ўрачыстасці па запрашэнні біскупа Караганды Адэліё дэль’Ора.
6 верасня ў карагандзінскім мікрараёне Фёдараўка беларускі арцыбіскуп наведаў парафію Марыі Маці Касцёла, дзе нясуць служэнне ксяндзы марыяне, і кляштар кантэмпляцыйных сясцёр Уцелаўлёнага Божага Слова.
Увечары ў карагандзінскай катэдры Маці Божай Фацімскай арцыбіскуп Кандрусевіч узначаліў цэлебрацыю святой Імшы ў гонар благаслаўлёнага Уладзіслава Букавінскага, якога называюць «апостолам Казахстана» часоў ганенняў на веру.
У прамоўленай гаміліі іерарх з Беларусі падкрэсліў ролю святароў, якія ў тыя часы служылі людзям розных нацыянальнасцяў, дзякуючы чаму была падрыхтавана база для адраджэння Касцёла. Пасля Імшы арцыпастыр сустрэўся з мясцовымі вернікамі, распавёў ім пра свой досвед адраджэння веры ў Беларусі і Расіі, а таксама адказаў на пытанні.
7 верасня арцыбіскуп Кандрусевіч наведаў духоўную семінарыю ў Карагандзе, дзе ўзначаліў цэлебрацыю Імшы для семінарыстаў. У скіраванай будучым святарам гаіміліі ён падкрэсліў значэнне святара ў ажыццяўленні місіі Касцёла як сакрамэнту паўсюднага збаўлення.
Заслужаны ірарх паждаў семінарыстам адказна выкарыстаць час фармацыі, каб быць святарамі паводле Сэрца Езуса.
Арцыбіскуп Кандрусевіч наведаў грэка-каталіцкую парафію і першы, пабудаваны ў Карагандзе яшчэ ў часы атэізму, касцёл святога Юзафа, у якім маліўся ў далёкім 1991 годзе.
У другой палове дня іерарх пазнаёміўся з дзейнасцю дыяцэзіяльнага дабрачыннага каталіцкага таварыства Caritas і распавёў пра дабрачыннае служэнне Касцёла ў Беларусі. Арцыбіскуп Кандрусевіч памаліўся ў мемарыяле рэпрэсаваных у Спаску, дзе 28 краін, у тым ліку і Беларусь, устанавілі помнікі сваім нявінна загінулым тут у гады рэпрэсій суайчыннікам.
Увечары таго ж дня ў карагандзінскай катэдры заслужаны іерарх прысутнічаў на сустрэчы, падчас якой некалькі карагандзінцаў падзяліліся сваімі сведчанні пра захаванне веры ў часы ганенняў, а таксама распавялі пра яе адраджжнне на казахстанскай зямлі. У сваім выступе арцыбіскуп з Беларусі заклікаў удзельнікаў, сярод якіх было шмат моладзі, не толькі памятаць пра подзвіг продкаў, але самім быць сведкамі Евангелля ў часы новых выклікаў.
8 верасня арцыбіскуп Кандрусевіч узначаліў цэлебрацыю ўрачыстай святой Імшы, якая стала цэнтральнай падзеяй святкавання юбілею 25-годдзя Карагандзінскай дыяцэзіі.
У прамоўленай гаміліі заслужаны беларускі іерарх коратка прадставіў гісторыю хрысціянства ў Казахстане, пачаткі якой узыхоць да ІІ–ІІІ стагоддзяў і звязаныя з ганеннямі на вызнаўцаў Хрыста ў Палестыіне. Ужо ў XIV стагоддзі ў Казахстане была заснавана каталіцкая дыяцэзія, якая належала да Ханбалыкскай мітраполіі (сучасны Пекін). У XIII–XIV стагоддзях на гэтыя землі прыйшлі місіянеры францішкане, а ў XVIII–XIX для асваення прыродных багаццяў пачалі прыбываць спецыялісты, сярод якіх былі католікі. З 1783 года католікі Казахстана ўвайшлі ў юрысдыкцыю Магілёўскай мітраполіі.
Новы этап распаўсюджвання тут каталіцтва прыпаў на XIX–XX стагоддзі і быў звязаны з інтэнсіфікацыяй міграцыйных працэсаў і прымусовым перасяленнем у Казахстан прадстаўнікоў іншых нацыянальнасцяў, перадусім немцаў, палякаў і ўкраінцаў, што значна павялічыла тут колькасць католікаў.
«Ва ўмовах ганенняў на веру яны задавальнялі свае духоўныя патрэбы ў падполлі ў малітоўных групах, якімі кіравалі свецкія. Пасля вызвалення з лагераў нешматлікія святары „дваіліся і траіліся“, каб абслужыць вернікаў.
Цэнтрам каталіцтва стала Караганда, у якой пражывала каля 150-і тысяч католікаў. Такім чынам была падрыхтавана база для адраджэння Касцёла і заснавання яго іерархічных структур», — адзначыў арцыбіскуп Кандрусевіч, дадаўшы, што 13 красавіка 1991 года Папа Ян Павел ІІ заснаваў Апостальскую Адміністратуру для католікаў лацінскага абраду Казахстана і Сярэдняй Азіі. Гэта дало пачатак адраджэннню Касцёла, чаму спрыялі новыя святары, якія прыбылі сюды перадусім з Польшчы, Славакіі і Германіі. У 1988 годзе ў Карагандзе была адкрыта свая духоўная семінарыя.
«Разам з гэтымі радаснымі момантамі неабходна адзначыць і балючыя, бо вялікая колькасць казахстанскіх католікаў, атрымаўшы такую магчымасць, выехала на гістарычную радзіму сваіх продкаў, перадусім у Германію і Польшчу», — заўважыў арцыбіскуп Кандрусевіч.
Ён падкрэсліў сімвалізм таго, што юбілей 25-годдзя з часу заснавання Карагандзінскай дыяцэзіі адзначаецца ва ўспамін Нараджэння Маці Божай. «Падобна да таго, як ранішння зорка прадвяшчае наступленне новага дня, так Нараджэнне Марыі прадвяшчала прыйсце на свет Збаўцы. Таксама заснаванне Карагандзінскай дыяцэзіі 8 ліпеня 1999 года стала прадвесцем заснавання 17 мая 2003 года Казахстанскай мітраполіі з цэнтрам у Астане і суфраганнымі дыяцэзіямі ў Карагандзе і Алматы і Апостальскай адміністратурай у Атырау», — сказаў заслужаны іерарх. Ён звярнуў увагу на тое, што ва ўсіх гэтых мясцовых Касцёлах прысутнічае адзіны паўсюдны Касцёл праз іх лучнасць з Апостальскім Пасадам. Менавіта ў гэтым, паводле беларускага іерарха, праяўляецца адзінства ў разнастайнасці.
Гамілію арцыбіскуп Кандрусевіч завяршыў зваротам-заклікам:
«Касцёл Караганды! Ты выстаяў падчас ганенняў. <…> Заставайся сакрамэнтам паўсюднага збаўлення. Не бойся адплысці на глыбіню, каб улоў быў багатым. Будзь светачам у цемры граху і бязвер’я. Дай людзям надзею нават насуперак надзеі. Няхай твой заснавальнік святы Ян Павел ІІ і благаслаўлёныя мучанікі казахстанскай зямлі натхняюць на далейшы шлях. Няхай благаславіць цябе Хрыстус, а святая Багародзіца заступаецца дзеля паспяховай рэалізацыі даручанай табе місіі на хвалу Бога і дзеля збаўлення людзей». Свае віншаванні арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч выказаў таксама на казахскай мове.