Пошук

10.08.2026 10:23   Кс. Аляксандр Панчанка / Vatican News BY / Catholic.by

Фота: https://vaticannews, https://eng-news.ru

Апоўдні 9 жніўня на Плошчы Святога Пятра адбылася нядзельная малітва «Анёл Панскі», падчас якой Святы Айцец Леў XIV звярнуўся да вернікаў з разважаннем над евангельскім урыўкам, заклікаў моладзь натхняцца прыкладам святых і ў чарговы раз падняў тэму міру. Як паведамляе Vatican News, гэтыя тры звароты гучалі ў межах адной сустрэчы, аб'яднанай духоўным сэнсам Евангелля і трывогай за лёсы свету.

Хрыстус сярод буры – крыніца спакою і сілы

На сустрэчы з вернікамі Леў XIV пракаментаваў літургічны ўрывак пра тое, як Езус ішоў па вадзе да вучняў пасярод буры (пар. Мц 14, 22-33). Папа нагадаў, што пасля цуду размнажэння хлябоў Настаўнік загадаў вучням адплыць на другі бераг, а сам падняўся на гару памаліцца. «Пасля паспяховага досведу, калі яны сталі сведкамі цудоўнага знаку, цяпер аказаліся бездапаможнымі і спалоханымі перад пагрозай хваляў і сустрэчнага ветру», — заўважыў Пантыфік.

Калі ж з'явіўся Езус, вучні спалохаліся, прыняўшы Яго за прывід, але Пан супакоіў іх словамі: «Будзьце адважнымі, гэта Я; не бойцеся!». Пётр адважыўся ісці па вадзе, але спалохаўся і пачаў тануць, і Езус выратаваў яго. Калі ж Настаўнік узышоў у човен, бура сціхла, і вучні вызналі: «Ты сапраўды Сын Божы!».

«Каб прыйсці да гэтага, ім было недастаткова стаць сведкамі цуду ці мець поспех перад людзьмі: яны павінны былі прайсці праз досвед уласнай слабасці і менавіта ў ёй распазнаць прысутнасць Бога. Толькі так яны змаглі па-сапраўднаму адкрыць вочы і сэрцы на Яго блізкасць і знайсці спакой нават сярод буры»,

— падкрэсліў Святы Айцец.

Папа заўважыў, што пазней Езус казаў вучням пра веру, здольную перасунуць горы, і менавіта гэта яны перажылі на возеры: «спакой Хрыста, які быў на гары і маліўся, дасягнуў іх сярод шалёных хваляў».

«Гэты цуд вучыць нас важнай рэчы: у першую чаргу не ўзносіцца, калі маем поспех, і ніколі не спадзявацца толькі на сябе; і адначасова не ўпадаць у роспач нават у хвіліны цемры, калі мы адчуваем сябе бездапаможнымі перад праблемамі і, нягледзячы на ўсе нашы намаганні, нам здаецца, што мы рухаемся хутчэй назад, чым наперад. У любых абставінах Езус нас не пакідае. І калі мы пакорна прымаем Яго ў човен нашага жыцця – праз малітву, сакрамэнты, слуханне Яго слова – у Ім мы знойдзем спакой, святло і сілу для нашага шляху»,

— запэўніў Леў XIV. «Няхай Марыя дапаможа нам жыць так, з даверлівым адданнем сябе Богу — Яна, якую назвалі благаслаўлёнай за яе веру», – дадаў Пантыфік.

Заклік да моладзі: дазвольце святым натхніць вас

Папа асабліва звярнуўся да маладога пакалення. Ён назваў знакам надзеі прысутнасць на плошчы вялікай колькасці моладзевых груп, якія прысвяцілі дні канікул фармацыйным мерапрыемствам, і ўспомніў сваю нядаўнюю паездку ў Асізі.

Папа нагадаў святых, якіх Касцёл успамінае ў першыя два тыдня жніўня. Гэта святы Дамінік, заснавальнік Ордэна Братоў Прапаведнікаў; святая Тэрэза Бэнэдыкта ад Крыжа, Эдыта Штайн, кармелітанка, забітая ў Аўшвіцы і сузаступніца Еўропы; святы Лаўрэнцій, дыякан Рымскага Касцёла, і святая Клара з Асізі, якая пакінула забяспечанае жыццё, каб пайсці за бедным і пакорным Езусам, паводле прыкладу свайго земляка святога Францішка.

«Дарагая моладзь, дазвольце гэтым узорным сведкам Евангелля натхніць і захапіць вас!»,

– заклікаў Святы Айцец.

Спыніць спіраль насілля і адкрыць шлях да дыялогу

Як піша Vatican News, Пантыфік звярнуў сваю ўвагу і на сучасныя канфлікты. Ён выказаў занепакоенасць падзеямі ў Судане, асабліва ў горадзе Эль-Абейд: «Выказваючы сваю духоўную блізкасць да ўсяго народа гэтай краіны, я зноў заклікаю тых, хто мае ўладу, забяспечыць гуманітарныя калідоры для грамадзянскага насельніцтва. Адначасова заклікаю міжнародную супольнасць падтрымаць намаганні, накіраваныя на неадкладнае спыненне агню.

Памолімся, каб Пан падтрымліваў тых, хто пакутуе, навярнуў сэрцы тых, хто сее насілле, і дараваў доўгачаканы мір»,

– прызваў Папа.

Святы Айцец нагадаў, што вайна выклікае толькі новую вайну і прыносіць велізарныя пакуты. «Прыйшоў час спыніць спіраль насілля і даць месца дыпламатыі і дыялогу, каб адкрыць шлях да міру», – падкрэсліў Пантыфік.

Такім чынам, нядзельная сустрэча 9 жніўня аб'яднала евангельскую мудрасць, духоўную апеку над моладдзю і заклік да супынення войнаў – тры напрамкі служэння Папы Льва XIV, якія нагадваюць вернікам пра блізкасць Хрыста нават у самыя няпростыя часы.

Абноўлена 10.08.2026 15:16
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця