Пошук

22.04.2026 08:40   Кс. Аляксандр Амяльчэня, Аляксандр Панчанка / Vatican News BY / Catholic.by

Фота: Vatican Media

Візіт Льва XIV у Саурыма стаў для жыхароў Анголы знакам бацькоўскага клопату і падтрымкай для тых, хто адчувае сябе пакінутым на грамадскіх і эканамічных перыферыях свету.

У далёкім Саўрымо, што месціцца больш чым за тысячу кіламетраў ад сталіцы Анголы, прыезд Святога Айца ўспрыняўся як сапраўдны цуд.

Біскуп дыяцэзіі Дунду Эстаніслау Маркес Шындэкасэ ў інтэрв'ю для «Vatican News» падкрэсліў, што для мясцовых вернікаў прысутнасць Пантыфіка з'яўляецца важным айцоўскім жэстам. Людзі не чакалі такога візіту, і менавіта таму здольныя ацаніць яго яшчэ больш глыбока, бачачы ў гэтым асаблівую ўвагу да свайго лёсу.

Жыхары гэтага краю часта пакутуюць ад пачуцця занядбанасці.

Паводле слоў іерарха, Саўрыма ўяўляе сабой сапраўдную перыферыю, дзе, нягледзячы на багатыя прыродныя рэсурсы, пануе эканамічны застой і высокі ўзровень злачыннасці. Менавіта ў такое складанае асяроддзе накіраваўся Наступнік Пятра, каб прынесці суцяшэнне тым, хто штодзённа сутыкаецца з несправядлівасцю і галечай.

Леў XIV добра разумее гэтыя выклікі, бо ён стаў першым у гісторыі Папам, які асабіста і глыбока пазнаў афрыканскі кантынент яшчэ да свайго абрання. Яго досвед працы ў якасці генерала Ордэна аўгустынцаў дазваляе Пантыфіку глядзець на праблемы мясцовых супольнасцей праз прызму ўласнага жыццёвага вопыту. Гэта робіць яго місію не проста дыпламатычнай формай, а глыбокім сведчаннем салідарнасці з народам, які пакутуе.

Біскуп Шындэкасэ заўважыў, што спакой і лагоднасць Льва XIV спалучаюцца з надзвычайнай яснай перадачай думак. Такая непасрэднасць і адкрытасць Пантыфіка выклікаюць вялікую сімпатыю сярод вернікаў, якія бачаць у ім сапраўднага пастыра, здольнага гаварыць праўду з любоўю.

Вышэй за забабоны: Папа ў Саурыма пра веру, якая вызваляе

Фота: Vatican Media

Падчас Эўхарыстыі ў ангольскім Саурыма 20 красавіка Леў XIV заклікаў вызнаваць веру без забабонаў і разліку, падкрэсліўшы, што Хрыстус вызваляе чалавека ад любой формы несправядлівасці. 

На маляўнічай раўніне Саурыма, дзе падчас святой Імшы панядзелка Трэцяга тыдня Пасхі сабралася каля 30 тысяч вернікаў, панавала атмасфера глыбокага духоўнага адзінства. Літургія стала сапраўдным сімвалам шматграннасці Касцёла: малітвы і чытанні гучалі на мове чоквэ, а Евангелле і спевы — на партугальскай.

У гаміліі Святы Айцец падкрэсліў, што Касцёл — гэта народ, які крочыць за Хрыстом, святло якога асвячае шлях да Айца і змяняе наш лад жыцця паводле Яго любові.

Хрыстус чакае ад нас любові, а не камерцыйнага разліку

Аналізуючы евангельскае апавяданне пра людзей, якія шукалі Езуса пасля памнажэння хлябоў, Пантыфік засяродзіўся на матывацыі верніка. Ён перасцярог ад ператварэння веры ў «камерцыйныя забабоны», дзе Бог становіцца ідалам або амулетам, якога шукаюць толькі дзеля ўласнай выгады.

Паводле слоў Льва XIV, многія бачаць у Збаўцу «пастаўшчыка паслуг» ці гуру, а не Настаўніка. Ён падкрэсліў, што Пан хоча мець не «кліентаў»; Ён шукае братоў і сясцёр, здольных на свабодны і шчыры адказ любоўю на любоў.

Гэтая духоўная свабода, на думку Папы, неаддзельная ад сацыяльнай справядлівасці. Ён адзначыў, што калі сэрцы людзей разбэшчаны эгаізмам, агульны дабрабыт становіцца прыватнай уласнасцю нешматлікіх.

Хрыстус жа прапануе сябе як Хлеб Жыцця — дар, які не проста насычае, але дае моц супрацьстаяць несправядлівасці і прыгнёту.

«Мы не прыйшлі ў свет, каб памерці», — нагадаў Пантыфік, падкрэсліваючы, што любая форма насілля або эксплуатацыі адмаўляе сутнасць уваскрасення.

Завяршаючы гамілію, Святы Айцец заклікаў вернікаў Анголы будаваць жыццё на аснове Евангелля, якое павінна стаць крытэрыем праўды ва ўсіх сферах. Ён узгадаў словы святога Яна Паўла II, які называў шлях Касцёла на кантыненце «Сінодам уваскрасення і надзеі», заклікаючы мясцовых хрысціян захоўваць гэты мудры кірунак нават сярод выпрабаванняў і расчараванняў.

 Папа: слухайце пажылых людзей – яны захоўваюць мудрасць народа

Візіт у пансіянат для пажылых людзей у Саурыма. Фота: Vatican Media

«Клопат пра ўразлівых людзей — гэта вельмі важны знак якасці сацыяльнага жыцця краіны», — падкрэсліў Папа падчас візіту ў пансіянат для пажылых людзей у ангольскім горадзе Саурыма.

«Езусу падабалася быць дома ў сваіх сяброў», — сказаў Леў XIV, нагадваючы пра візіт Хрыста ў дом Пятра ў Кафарнаўме і аздараўленне яго цёшчы, а таксама ў дом Марыі, Марты і Лазара ў Бэтаніі, дзе Ён быў прыняты як Настаўнік і Пан, але таксама і як член сям’і.

«Таму мне прыемна думаць пра тое, што Езус жыве і тут, у гэтым доме. Ён жыве сярод вас заўсёды, калі вы намагаецеся любіць адзін аднаго і аказваць узаемную дапамогу, як браты і сёстры; калі пасля непаразуменняў ці невялікай крыўды, вы ўмееце прабачыць і прымірыцца; калі некаторыя з вас ці ўсе разам моліцеся ў прастаце і пакоры»,

— сказаў Папа.

Пантыфік выказаў падзяку ангольскім уладам за ініцыятывы, накіраваныя на дапамогу пажылым людзям, якія знаходзяцца ў нястачы, а таксама работнікам сацыяльных структур і валанцёрам.

«Клопат пра ўразлівых людзей — гэта вельмі важны знак якасці сацыяльнага жыцця краіны. Давайце не будзем забываць: пажылым людзям трэба не толькі дапамагаць у першую чаргу іх трэба слухаць, бо яны захоўваюць мудрасць народа. Мы павінны быць удзячныя ім за вялікія цяжкасці, якія яны пераадолелі дзеля дабра грамадства», — дадаў Святы Айцец.

«Дарагія сёстры і браты, я захаваю ў сэрцы памяць пра гэту сустрэчу з вамі. Няхай Панна Марыя, якая напаўняла вера і любоўю дом у Назарэце, заўсёды чувае над вашай супольнасцю», — сказаў на завяршэнне прамовы Папа.

Леў XIV да духавенства Анголы: будуйце мір, дапамагайце развіццю

Фота: Vatican Media

Пантыфік сустрэўся з духавенствам Анголы, заклікаўшы біскупаў, святароў і кансэкраваных асоб да вернасці пакліканню, будаўніцтва міру і сапраўднага служэння мясцоваму грамадству.

Увечары 20 красавіка Леў XIV прыбыў у парафію Маці Божай Фацімскай у Луандзе. Ля ўвахода ў святыню яго сустрэлі двое дзяцей, якія ўручылі госцю кветкі. Старшыня Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў, арцыбіскуп Саурыма Жазэ Мануэль Імбамба, разам з пробашчам прывіталі Пантыфіка. Пасля ўшанавання крыжа і акраплення вернікаў асвечанай вадой Святы Айцец прайшоў да алтара пад урачысты спеў хору.

Сама гістарычная базыліка была пабудавана братамі капуцынамі ў 1963 годзе, а ў яе падмурак быў закладзены камень з партугальскай Фацімы.

На сустрэчы прагучалі сведчанні святара, катэхізатара і дзвюх законніц, пасля чаго Папа звярнуўся да сабраных з глыбокай аналітычнай прамовай.

У сваім слове Леў XIV шчыра падзякаваў усім, хто служыць Евангеллю ў Анголе. Ён адзначыў іх працу ў галіне евангелізацыі, дабрачыннасці і пабудовы міру.

Звяртаючыся да шматлікіх маладых людзей у семінарыях і дамах фармацыі, Папа заклікаў іх не баяцца сказаць Хрысту сваё «так». Цытуючы словы Бэнэдыкта XVI, ён нагадаў, што Бог «нічога не забірае, Ён дае ўсё», а адзінае, што Ён сапраўды здымае з нашых плячэй — гэта грэх.

Асаблівую ўвагу Пантыфік звярнуў на ролю свецкіх вернікаў у Афрыцы, назваўшы служэнне катэхізатараў фундаментальным выразам жыцця Касцёла і натхненнем для ўсяго свету.

У кантэксце пяцідзесяцігоддзя незалежнасці Анголы Леў XIV падкрэсліў, што сучаснасць і будучыня краіны належаць яе грамадзянам, якія маюць поўнае права карыстацца яе дабротамі справядліва. Аднак для вучняў Хрыста гэта яшчэ і абавязак, заснаваны на законе любові.

Папа ўзгадаў бягучую трохгадовую пастырскую праграму пад дэвізам «Верныя вучні, радасныя вучні», заахвоціўшы святароў да няспыннай фармацыі. Ён перасцярог ад небяспечнай ілюзіі забабонаў, заклікаўшы ратаваць ад іх давераных вернікаў праз сур'ёзнае вывучэнне тэалогіі і глыбокае ўнутранае жыццё.

Фота: Vatican Media

Без сузіральнага вымярэння і малітвы, паводле слоў Папы Францішка, якія працытаваў Леў XIV, немагчыма заставацца паслядоўнымі Евангеллю і адлюстроўваць сілу Уваскрослага.

Пантыфік таксама звярнуўся да праблемы касцёльнага адзінства і стылю жыцця духавенства. Ён папрасіў пазбягаць пыхі, аўтаномнасці і пошуку прывілеяў. Святары не павінны аддаляцца ад свайго народа, асабліва ад самых бедных.

Леў XIV выказаў глыбокую ўдзячнасць сем'ям, якія сталі калыскай пакліканняў для многіх прысутных, і папрасіў бацькоў пастаянна падтрымліваць сваіх дзяцей малітвай і добрымі парадамі.

Завяршаючы сустрэчу, Святы Айцец нагадаў пра важнасць будаўніцтва міру ў краіне, якая перажыла балючыя часы ўзброеных канфліктаў.

Духавенства Анголы заўсёды праяўляла мужнасць, асуджаючы вайну і застаючыся побач са сваім народам. Але, як адзначыў Папа, гэтая праца яшчэ зусім не скончана. Спасылаючыся на вучэнне святога Паўла VI, ён нагадаў прысутным, што «развіццё — гэта новае імя міру».

Леў XIV заклікаў з мудрасцю ацэньваць рэчаіснасць, не баяцца выкрываць несправядлівасць і працягваць высакародную працу ў галіне адукацыі і аховы здароўя. Ён узгадаў гераічных місіянераў і мясцовых вернікаў, якія ахвяравалі сваім жыццём дзеля Евангелля, аддаючы перавагу смерці перад здрадай справядлівасці і міру, і даручыў усіх апецы Маці Божай.

Фота: Vatican Media

Сустрэча завяршылася супольнай малітвай «Ойча наш», апостальскім благаслаўленнем і фінальным спевам. Пасля гэтага Пантыфік накіраваўся на аўтамабілі ў мясцовую апостальскую нунцыятуру — сваю афіцыйную рэзідэнцыю на час знаходжання ў Анголе, дзе ў яго праграме была запланавана прыватная вячэра.

Абноўлена 22.04.2026 09:38
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.