Пошук

20.04.2026 16:15   Тэкст: Кс. Аляксандр Амяльчэня, Аляксандр Панчанка / Паводле: Vatican News BY / Фота: Vatican Media / Catholic.by

Фота: ANSA

Пантыфік працягвае трэцюю частку свайго афрыканскага падарожжа, якая бліжэйшыя дні будзе праходзіць у Анголе.

Трэці этап афрыканскага падарожжа Пантыфіка мае глыбокае сімвалічнае адлюстраванне ў афіцыйным лагатыпе: чырвоны контур краіны нагадвае пра кроў, пралітую жыхарамі гэтай былой партугальскай калоніі. Аднак побач з гэтым знакам пакут месціцца галінка мулембы — мясцовага фігавага дрэва, якая разам з крыжам сімвалізуе працу і Эўхарыстыю, накіроўваючы позірк грамадства да будучыні, напоўненай годнасцю.

Каталіцкі Касцёл у Анголе з’яўляецца адным з самых дынамічных на кантыненце, ахопліваючы больш за 56 працэнтаў насельніцтва.

Нягледзячы на тое, што канстытуцыя краіны гарантуе падзел Касцёла і дзяржавы, рэлігія адыгрывае фундаментальную ролю ў жыцці 35-мільённага грамадства. Хрысціяне складаюць тут звыш 90 працэнтаў жыхароў.

Каталіцкая структура ўражвае сваім маштабам: 5 метраполій, 15 дыяцэзій і больш за паўтары тысячы душпастырскіх цэнтраў. Цікава, што нагрузка на духавенства застаецца вельмі высокай — на аднаго святара прыпадае больш за 13 тысяч вернікаў, што значна больш, чым у Камеруне ці Экватарыяльнай Гвінеі.

Акрамя духоўнай місіі, Касцёл з’яўляецца галоўным грамадскім партнёрам краіны. У распараджэнні католікаў знаходзіцца 48 бальніц, 112 сіроцкіх дамоў і 530 навучальных устаноў, дзе атрымліваюць адукацыю амаль 470 тысяч чалавек.

Важным інструментам касцёльнага голасу ў грамадскай прасторы застаецца папулярнае Радыё «Ecclesia», якое дапамагае несці пасланне аб абнаўленні і міры ў самыя аддаленыя куткі Анголы.

Сустрэча Пантыфіка з прэзідэнтам

18 красавіка Папа здзейсніў пералёт з Яўндэ ў Луанду. За дзве з паловай гадзіны самалёт з Пантыфікам на борце пераадолеў 1627 кіламетраў над тэрыторыяй Камеруна, Экватарыяльнай Гвінеі, Габона, Дэмакратычнай Рэспублікі Конга і Анголы.

У аэрапорце Луанды Святога Айца сустрэў прэзідэнт Анголы Жуан Мануэл Гансалвіш Ларэнсу. Пасля афіцыйнай цырымоніі прывітання Леў XIV адправіўся на папамабілі ў Прэзідэнцкі палац, вітаючы па дарозе тысячы жыхароў ангольскай сталіцы.

У палацы Папа правёў кароткую прыватную сустрэчу з прэзідэнтам, абмяняўся з ім падарункамі, а затым накіраваўся на сустрэчу з прадстаўнікамі ўладаў, грамадзянскай супольнасці і дыпламатычнага корпуса, акрэдытаванага ў гэтай афрыканскай краіне.

Папа ў Анголе: ваш народ мае скарбы, якія нельга скрасці

Сустрэча з істэблішментам Анголы. Фота: Vatican Media

Леў XIV звярнуўся да прадстаўнікоў ўладаў Анголы, грамадзянскай супольнасці і дыпламатычнага корпуса, акрэдытаванага ў гэтай краіне. Сустрэча прайшла ў Прэзідэнцкім палацы ў Луандзе. Ёй папярэднічага прыватная размова Папы з прэзідэнтам Жуанам Мануэлам Гансалвішам Ларэнсу.

На пачатку звароту Святы Айцец запэўніў у малітве за ахвяр моцных дажджоў і паводак, якія абрынуліся на правінцыю Бенгела, а таксама выказаў блізкасць сем’ям, якія згубілі свае дамы. Ён высока ацаніў той факт, што ангольцы аб’ядналіся ў вялікі ланцуг салідарнасці, каб дапамагчы пацярпелым.

Пантыфік нагадаў, што на афрыканскія краіны «часта глядзелі і глядзяць, каб нешта даць ці, часцей, нешта ўзяць».

«Неабходна разарваць гэты ланцуг інтарэсаў, які зводзіць рэальнасць і само жыццё да ўзроўню тавару»,

— сцвердзіў ён.

Святы Айцец згадаў пра ўплыў логікі здабыўной эканамічнай мадэлі, якая прынесла шмат «пакут, смерцяў, сацыяльных і экалагічных катастроф». Ён падкрэсліў, што гэта логіка працягвае прасоўваць паўсюль у свеце мадэль развіцця, якая дыскрымінуе і адчужае, але ўсё ж спрабуе навязаць сябе як адзіную магчымую».

Леў XIV нагадаў словы Паўла VI пра тое, што «камерцыйная, геданістычная, матэрыялістычная цывілізацыя», якая ўяўляе сябе будучыняй, на самой справе з’яўляецца «цалкам анахранічнай», а новыя пакаленні прагнуць нечага зусім іншага.

Каментуючы палітычныя і сацыяльныя праблемы, з якімі сутыкаюцца многія афрыканскія краіны, Папа падкрэсліў важнасць дыялогу. «Афрыка мае тэрміновую патрэбу ў тым, каб пераадолець сітуацыі і феномены канфліктнасці і варожасці, якія разрываюць сацыяльную і палітычную тканку многіх краін, умацоўваючы беднасць і выключэнне. Жыццё расквітае толькі падчас сустрэчы. На самым пачатку стаіць дыялог», — сказаў ён.

Папа прызнаў, што рознагалоссі могуць перарасці ў канфлікты, але адказваць на іх трэба, мірна шукаючы супольныя рашэнні, каб супярэчнасці спрыялі абнаўленню.

Пантыфік заахвоціў палітычных лідараў Анголы да інклюзіўнага падыходу да кіравання.

«Не бойцеся нязгоды, не гасіце бачання маладых і мары пажылых, навучыцеся кіраваць канфліктамі, ператвараючы іх у шляхі абнаўлення. Стаўце агульнае дабро вышэй уласнага, ніколі не блытайце свае інтарэсамі з інтарэсамі цэлага. Тады гісторыя прызнае вас правымі, нават калі ў дадзены момант нехта будзе да вас настроены варожа»,

— параіў Папа.

«Незадаволенасць, пачуццё бяссілля і вырванасці з каранёў раз’ядноўваюць нас, а не злучаюць, распаўсюджваючы атмасферу абыякавасці да грамадскіх спраў, пагарды да няшчасця іншых і адмаўлення ўсялякага братэрства. Гэты разлад парушае фундаментальныя адносіны, якія кожны з нас падтрымлівае з самім сабой, з іншымі і з рэальнасцю», — адзначыў Леў ХІV.

Пантыфік заўважыў, што ад такой адчужанасці ратуе «сапраўдная радасць», якая з’яўляецца плёнам Духа Святога і адкрывае чалавека на адносіны і гатоўнасць служыць агульнаму дабру. «Без радасці няма абнаўлення; без унутранага жыцця няма вызвалення; без сустрэчы няма палітыкі; без іншага няма справядлівасці», — сказаў Папа, запэўніваючы ў гатоўнасці Касцёла спрыяць развіццю справядлівай мадэлі суіснавання ў Анголе.

 Папа Касцёлу ў Анголе: Быць «паламаным хлебам» для грамадства

Падчас святой Імшы ў Кіламбе. Фота: Vatican Media

Леў XIV узначаліў святую Імшу ў Кіламбе, прадмесці Луанды. У літургіі бралі ўдзел каля 200 тысяч вернікаў, якія прыбылі з розных куткоў краіны. Перад пачаткам цэлебрацыі Святы Айцец прывітаў іх, праехаўшы на папамабілі.

Святы Айцец пажадаў, каб Касцёл у Анголе спадарожнічаў народу, наследуючы прыклад Езуса з гісторыі пра вучняў з Эмаўса. Ён заклікаў католікаў краіны стаць «паламаным хлебам» для грамадства, аказваючы дапамогу тым, хто яе найбольш патрабуе.

«Анголе патрэбныя біскупы, святары, місіянеры, манахі і манахіні, свецкія верніцы і вернікі, якія маюць у сэрцы жаданне раздзяліць уласнае жыццё і дарыць яго адзін аднаму, прыкладаць намаганні ў любові і ўзаемным прабачэнні, будаваць прасторы братэрства і міру, рабіць учынкі спагады і салідарнасці для тых, хто знаходзіцца ў найбольшай патрэбе»,

— сказаў Папа.

«Дзякуючы ласцы Уваскрослага Хрыста мы можам стаць тым паламаным хлебам, які змяняе рэальнасць. І як Эўхарыстыя нагадвае нам, што з’яўляемся адным целам і адным духам, з’яднанымі ў адзіным Пану, таксама і мы можам і хочам будаваць краіну, у якой назаўсёды будуць пераадолены старыя падзелы, у якой знікнуць нянавісць і гвалт, у якой рана, нанесеная карупцыяй, будзе вылечана новай культурай справядлівасці і дзялення. Толькі так стане магчымай будучыня надзеі, асабліва для шматлікіх маладых людзей, якія яе згубілі», — сцвердзіў Святы Айцец.

Пантыфік нагадаў ангольскім католікам, што «сёння трэба глядзець у будучыню з надзеяй і будаваць надзею на будучыню».

«Не бойцеся рабіць гэта! Уваскрослы Езус, які спадарожнічае вам і для вас ламае хлеб, заахвочвае вас быць сведкамі Яго ўваскрасення і галоўнымі дзеючымі асобамі новага чалавецтва і новага грамадства»,

— сказаў Леў XIV, заклікаючы вернікаў разлічваць на яго малітву і падтрымку.

Святы Айцец у Мушыме: Павінна трыумфаваць любоў, не вайна

Візіт Папы ў марыйны санктуарый у Мушыме. Фота: Vatican Media

Леў XIV здзейсніў візіт у ангольскі санктуарый «Маці Сэрца» ў Мушыме — невялікім горадзе за 110 кіламетраў ад Луанды. У санктуарыі ён правёў ружанцовую малітву, пасля якой звярнуўся да яе ўдзельнікаў з прамовай.

«Малітва Ружанца, такім чынам, абавязвае нас любіць кожнага чалавека мацярынскім сэрцам, канкрэтна і велікадушна, ахвяроўваць сябе дзеля ўзаемнага дабра, асабліва для самых бедных. Маці любіць сваіх дзяцей аднолькава і ўсім сэрцам, нават калі яны адрозніваюцца паміж сабой. Таксама і мы, перад Маці Сэрца, хочам паабяцаць рабіць тое самае, бязмежна намагаючыся прыкладаць намаганні, каб усім хапала любові і неабходнага для годнага і шчаслівага жыцця: каб галодныя былі насычаныя, хворыя атрымлівалі патрэбны клопат, дзецям была гарантавана належная адукацыя, пажылыя маглі спакойна пражыць гады сваёй сталасці. Пра ўсё гэта думае маці: пра ўсё гэта думае Марыя і запрашае таксама і нас раздзяліць Яе клопат», — падкрэсліў Папа.

Пантыфік асаблівым чынам звярнуўся да моладзі, заклікаючы «будаваць лепшы і больш гасцінны свет, у якім не будзе войнаў, несправядлівасці, галечы, несумленнасці і дзе прынцыпы Евангелля будуць усё больш натхняць і фармаваць сэрцы людзей, структуры і праграмы дзеля дабра ўсіх».

«Павінна трыумфаваць любоў, не вайна! Гэтаму нас вучыць сэрца Марыі, сэрца Маці ўсіх. Таму давайце вырушым з гэтага санктуарыя як «анёлы-пасланнікі» жыцця, каб несці ўсім ласкавасць Марыі і благаслаўленне Бога», — заахвоціў Святы Айцец.

Абноўлена 20.04.2026 16:44
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа