Пошук

06.04.2026 17:31   Марыя Валодзіна / Vatican News BY

Крыж Хрыста нагадвае нам пра пакуты і боль, якія суправаджаюць смерць. Усе мы баімся смерці, і з-за гэтага страху адварочваемся ў іншы бок. Аднак мы не можам заставацца абыякавымі і мірыцца са злом.

У Вялікдзень, 5 красавіка, Папа Леў XIV звярнуўся да горада Рыма і ўсяго свету з традыцыйным пасланнем і благаслаўленнем Urbi et Orbi.

«Браты і сёстры, Хрыстус Уваскрос! З Вялікаднем! На працягу стагоддзяў Касцёл з радасцю спявае пра падзею, якая з'яўляецца крыніцай і асновай нашай веры: Пан сапраўды ўваскрос!», —  сказаў Святы Айцец.

«Вялікдзень — гэта перамога: жыцця над смерцю, святла над цемрай, любові над нянавісцю. Гэтая перамога была дасягнута вялікай цаной: Хрыстус, Сын Бога жывога (пар. Мц 16, 16), павінен быў памерці на крыжы пасля несправядлівага прысуду, кпінаў і катаванняў. Як сапраўднае ягня, прынесенае ў ахвяру, Ён узяў на сябе грэх свету і такім чынам вызваліў нас усіх ад улады зла», —  нагадаў Пантыфік.

Але як перамог Езус? Якая сіла дазволіла яму перамагчы старадаўняга ворага? «Гэтая сіла — сам Бог, які ёсць любоў. Гэта любоў стварае, застаецца вернай да канца, прабачае і адкупляе. Хрыстус змагаўся і выйшаў пераможцам, давяраючы волі Айца. Ён прайшоў шлях дыялогу не на словах, але ў справах: каб знайсці нас, страчаных, стаў чалавекам; каб вызваліць нас, нявольнікаў, стаў нявольнікам; каб даць жыццё нам, смяротным, дазволіў забіць сябе на крыжы», —  падкрэсліў Леў XIV.

«Моц, з якой Хрыстус уваскрос, цалкам негвалтоўная. Яна падобная на зерне, якое, загніваючы ў зямлі, прарастае і становіцца залатым коласам. Яна яшчэ больш падобная на чалавечае сэрца, якое, параненае крыўдамі, адмаўляецца ад помсты і, поўнае спачування, моліцца аб тым, хто яго пакрыўдзіў»,

—  адзначыў Святы Айцец.

«Браты і сёстры, гэта сапраўдная сіла, якая прыносіць мір чалавецтву, бо яна стварае паважлівыя адносіны на ўсіх узроўнях: паміж людзьмі, сем’ямі, сацыяльнымі групамі, народамі. Яна не імкнецца да асабістых інтарэсаў, але да агульнага дабра; не жадае навязваць свой план, але спрыяе яго стварэнню і рэалізацыі разам з іншымі», — сказаў Папа.

«Так, Уваскрасенне Хрыста — гэта пачатак новага чалавечага жыцця, уваходжанне ў сапраўдную абяцаную зямлю, дзе пануюць справядлівасць, свабода, мір, дзе ўсе прызнаюць адно аднаго братамі і сёстрамі, дзецьмі аднаго Айца, які ёсць любоў, жыццё і святло», —  сцвердзіў Пантыфік.

Фота: Vatican Media

«Сваім Уваскрасеннем Пан ставіць нас перад дылемай нашай свабоды. Перад пустой магілай мы можам напоўніцца надзеяй і здзіўленнем, як вучні, або страхам, як варта і фарысеі, вымушаныя звяртацца да хлусні, каб не прызнаць, што асуджаны сапраўды ўваскрос (пар. Мц 28, 11-15)», —  заўважыў Леў XIV.

«У святле Вялікадня дазволім Хрысту здзівіць нас! Дазволім Яго вялікай любові змяніць нашыя сэрцы! Той, у каго ў руках зброя, няхай пакладзе яе! Тыя, хто маюць уладу развязваць войны, няхай абяруць мір! Мір, дасягнуты не сілай, а дыялогам! Не імкненнем дамінаваць над іншым, а сустрэцца з ім!»,

—  заклікаў Папа.

«Мы паступова прызвычайваемся да гвалту і перастаем на яго рэагаваць. Мы становімся абыякавымі да смерці тысяч людзей, да нянавісці і падзелаў, якія прыносяць войны. Не звяртаем увагу на цяжкія эканамічныя і сацыяльныя наступствы. У свеце ўсё больш распаўсюджваецца тое, што Папа Францішак называў "глабалізацыяй абыякавасці". Год таму з гэтай лоджыі ён звярнуўся да свету са сваімі апошнімі словамі, папярэджваючы пра жаданне смерці, якое праяўляецца ў шматлікіх канфліктах па ўсім свеце (Urbi et Orbi, 20 красавіка 2025 года)», —  нагадаў Леў XIV.

Фота: Vatican Media

Крыж Хрыста заўсёды нагадвае нам пра пакуты і боль, якія суправаджаюць смерць. Усе мы баімся смерці, і з-за гэтага страху адварочваемся ў іншы бок, адмаўляемся глядзець і бачыць. Аднак мы не можам заставацца абыякавымі! Не можам мірыцца са злом! «Святы Аўгустын вучыць: калі баішся смерці, любі Уваскрасенне! Давайце любіць Уваскрасенне, якое нагадвае нам, што зло не мае апошняга слова, бо яно было пераможана Уваскрослым», —  заклікаў Папа.

«Хрыстус прайшоў праз смерць, каб даць нам жыццё і мір: “Супакой пакідаю вам, супакой Мой даю вам. Не так, як дае свет, Я вам даю” (Ян 14, 27). Супакой, які дае нам Хрыстус, не той, што проста прымушае замаўчаць зброю, але той, што закранае і змяняе сэрца кожнага з нас! Давайце звернемся да міру Хрыста! Давайце пачуем заклік да міру, які ідзе з сэрца!»,

— заклікаў Папа, запрашаючы ўсіх аб’яднацца ў малітве за мір падчас чування ў Базыліцы святога Пятра ў наступную суботу, 11 красавіка.

«У гэты святочны дзень адмовімся ад жадання сварыцца, уладарыць і панаваць. Папросім Пана, каб Ён даў свой мір свету, які пакутуе ад войнаў, нянавісці і абыякавасці, якія прымушаюць нас адчуваць сябе бездапаможнымі перад абліччам зла. Даручым Богу ўсе сэрцы, якія пакутуюць і чакаюць сапраўднага міру, які можа даць толькі Ён. Даверымся і адкрыем Яму сэрцы, бо толькі Ён можа аднавіць усё. З Вялікаднем!», —  заключыў сваё пасланне Леў XIV.

Абноўлена 06.04.2026 17:34
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа