
Апостальская пэнітэнцыярыя выдала дэкрэт, які дае вернікам поўны адпуст на працягу Года святога Францішка, што адзначаецца з нагоды 800-годдзя смерці святога з Асізі. Пра галоўныя пункты дакумента распавёў рэгент Апостальскай пэнітэнцыярыі біскуп Кшыштаф Нікель.
Што такое поўны адпуст і для каго ён прызначаны?
У размове з ватыканскімі СМІ іерарх нагадаў, што «адпуст — гэта канкрэтнае праяўленне Божай міласэрнасці, якое пераўзыходзіць межы чалавечай справядлівасці». Жыццё святога Францішка, як дадаў рэгент, «паказвае, што Божая міласэрнасць дзейнічае ў гісторыі таксама праз людзей, якія адкрываюць свае сэрцы на Яго дзеянне». Адпуст як Божае прабачэнне часовых караў за наступствы раней адпушчаных грахоў «вызваляе сэрца ад цяжару граху».
Як адзначыў біскуп Нікель, адпуст можа атрымаць кожны вернік, а хворыя і пажылыя людзі «могуць духоўна далучыцца да святкавання» юбілейнага года, «ахвяруючы Богу свае малітвы, цярпенні і штодзённыя цяжары, а звычайныя ўмовы выканаюць, калі гэта будзе магчыма».
Постаць святога Францішка
Іерарх нагадаў, што вера — гэта не пра колькасць, а пра глыбіню.
«Год, прысвечаны святому Францішку, можа быць запрашэннем зрабіць малітву больш простай, праз яе паглыбленне, а не памнажэнне; жыць Евангеллем, а не гаварыць пра яго».
Святы з Асізі запрашае «дазволіць, каб вера была часам “звычайнай”, без выражаных эмоцый, але вернай у штодзённасці»; ён нагадвае, што «вера без любові становіцца пустой ідэяй».
«Яго біяграфія паказвае, што сапраўднае наследаванне Хрыста грунтуецца не на дэклараванні ці ідэях, а на канкрэтным і рэальным ладзе жыцця, заснаваным на Евангеллі», — падкрэсліў біскуп Нікель.
Пакора і аўтэнтычнасць веры — адно з пасланняў Года святога Францішка
Рэгент Апостальскай пэнітэнцыярыі нагадаў, што святы Францішак не шукаў прызнання ці ўлады, а хацеў жыць у праўдзе, як «другі Хрыстус»; яго жыццё было «адказам на абыякавасць, часам эгаізм — а гэта праблемы, якія бачныя і сёння, калі міжчалавечыя адносіны становяцца павярхоўнымі, а “віртуальнасць перамагае над рэальнасцю”».
Што такое «пазбавіцца ад усялякай прывязанасці да граху»?
Адна з умоваў атрымання адпусту — не мець прывязанасці да граху. «З душпастырскага пункту гледжання варта разумець яе (умову) не як ідэал, даступны толькі абраным, — падкрэсліў біскуп Нікель. — Тэалагічна гаворка ідзе не толькі пра сам факт здзяйснення граху, але і пра ўнутраную згоду на грэх, прывязанасць да яго або гатоўнасць вяртацца да яго». Менавіта такое стаўленне да граху нейтралізуе ласку.
Адпуст, як дадаў іерарх, гэта «плод еднасці з укрыжаваным і ўваскрослым Хрыстом», і гэтая еднасць «прадугледжвае нашае радыкальнае “не” граху».
«Гэта не стан бязгрэшнасці. Чалавек можа мець слабасці, штодзённыя грахі, якія паўтараюцца, і нават перажываць балючыя падзенні. Умовай адпусту з’яўляецца не ўпэўненасць у тым, што чалавек больш ніколі не будзе грашыць, а шчырае рашэнне парваць з грахом тут і цяпер. Значэнне мае намер і кірунак сэрца»,
— патлумачыў рэгент, нагадаўшы пры гэтым, што «пазбаўленне ад прывязанасці да граху — гэта не проста маральнае намаганне, а дар Духа Святога».
Зварот да душпастыраў
Споведзь, Камунія, пілігрымаванне, малітва — гэта толькі «прылады», якія спрыяюць сустрэчы з Богам; «сапраўдныя ж плады адпусту з’яўляюцца, калі чалавек свядома адкрываецца на пераўтваральную сілу Бога». Без гэтага «ласка застаецца недасягальнай».
«Вельмі важна спалучаць практыкі адпусту з фармацыяй: тлумачыць сэнс граху і навяртання, духоўна суправаджаць.
Адпуст становіцца сапраўднай ласкай, калі ён вядзе да змены кірунку жыцця. (…) Калі мы дапаможам вернікам успрымаць адпуст як этап на шляху навяртання, а не як духоўны кароткі шлях, ён сапраўды стане прыладай для сталення і паглыблення веры, што і з’яўляецца галоўнай мэтай юбілейнага Года святога Францішка»,
— перакананы рэгент Апостальскай пэнітэнцыярыі.






