Пошук

04.02.2026 13:11   Тэкст: Elias Turk / EWTNNEWS / Пераклад: catholic.by

Ніжняя базыліка ў Асізі. Фота: Dennis G. Jarvis.

З 22 лютага па 22 сакавіка Ніжняя базыліка святога Францішка ў Асізі будзе прымаць пілігрымаў з усяго свету, якія прыедуць у італьянскі горад, каб памаліцца перад парэшткамі чалавека, якога касцёльная традыцыя называе «жывым люстэркам Евангелля». Каб пакланіцца рэліквіям святога Францішка Асізскага, ужо зарэгістравалася 350 000 чалавек. Гэта будзе першая публічная дэманстрацыя парэшткаў шанаванага святога.

Гэтая падзея ўяўляе сабой момант велізарнай гістарычнай і духоўнай важнасці, прымеркаваны да 800-годдзя з дня смерці святога: упершыню ягоныя парэшткі будуць перанесеныя з месца спачыну ў падземнай капліцы і змешчаныя перад папскім алтаром у Ніжняй базыліцы. Такім чынам, Касцёл будзе дэманстраваць «знойдзены скарб» на працягу аднаго месяца, даючы пілігрымам час для ўшанавання і малітвы.

Папа Леў XIV абвясціў юбілейны год святога Францішка Асізскага з нагоды 800-й гадавіны яго смерці. Гэты год будзе доўжыцца да 10 студзеня 2027 года, на працягу якога вернікі могуць атрымаць поўны адпуст.

Парэшткі, схаваныя цягам стагоддзяў

Пасля смерці ў 1226 годзе святы Францішак быў пахаваны пад галоўным алтаром Ніжняй базылікі ў цяжкадаступным месцы, каб прадухіліць любыя спробы скрасці яго парэшткі. Яго цела заставалася схаваным там на працягу стагоддзяў, пакуль не было выяўленае ў ноч з 12 на 13 снежня 1818 года. Пасля афіцыйнага агляду грабніцы ў 1819 годзе была пацверджаная ідэнтычнасць парэшткаў Асізскага бедняка.

У ХХ і ХХІ стагоддзях грабніцу адкрывалі двойчы: спачатку ў 1978 годзе, а затым у 2015 годзе. Кожны раз умацоўвалася перакананне, што цела святога з'яўляецца магутным сведчаннем любові, якая ім рухала.

Было відаць, што гэта цела чалавека, знясіленага хваробай і ранамі Хрыста, якія ён насіў на працягу апошніх двух гадоў свайго жыцця, што сведчыць аб тым, што святы жыў па Евангеллі да самага канца.

Дадатковыя мерапрыемствы

Перад публічнай дэманстрацыяй парэшткаў святога ў суботу 21 лютага ў 16 гадзін па мясцовым часе адбудуцца Нешпары, прызначаныя выключна для манахаў-францішканаў. Затым парэшткі будуць урачыста перанесеныя з капліцы, у якой яны знаходзяцца, у Ніжнюю базыліку.

Да гістарычнай падзеі кляштар Сакра-Канвента ў Асізі падрыхтаваў публікацыю спецыяльнага выпуску часопіса «Святы Францішак, заступнік Італіі». 160-старонкавы выпуск цалкам прысвечаны святому і ўключае ў сябе артыкулы найвыбітнейшых сучасных навукоўцаў-францішканаў.

Францішканскі юбілейны год

Гэты асаблівы юбілейны год, прысвечаны святому Францішку, лічыцца ўнікальным духоўным дарам для ўсяго Касцёла. У Апостальскай Пэнітэнцыярыі Ватыкана растлумачылі, што на працягу гэтага года Святы Айцец адкрывае шлях для атрымання адпусту на звычайных умовах.

Вернікі ва ўсім свеце могуць атрымаць адпуст, наведаўшы любы францішканскі касцёл або любое месца ўшанавання, прысвечанае святому Францішку або нейкім чынам з ім звязанае, і выканаўшы неабходныя ўмовы для атрымання адпусту: сакрамэнтальная споведзь і камунія, а таксама малітва ў інтэнцыях Святога Айца.

Згодна з вучэннем Каталіцкага Касцёла, поўны адпуст — гэта дараванне перад Богам усіх часовых караў за грахі, віна за якія ўжо прабачана ў сакрамэнце паяднання. Касцёл мае ўладу прабачаць кары, паколькі Бог зрабіў яго распарадчыкам пладоў адкуплення.

Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа