Пошук

24.11.2025 15:34   Аляксандр Панчанка / Vatican News BY

Выява ілюстрацыйная

23 лістапада ва Урачыстасць Хрыста, Валадара Сусвету, і за некалькі дзён да пачатку падарожжа Святога Айца ў Турцыю, у межах якога ён наведае месцы, звязаныя з Нікейскім Саборам, быў апублікаваны Ліст Папы In unitate fidei («У адзінстве веры»), паведамляе Беларуская служба Vatican News.

Дакумент складаецца з дванаццаці раздзелаў. З яго дапамогай Папа хоча заахвоціць увесь Касцёл абнавіць запал у вызнанні веры, «праўда якой на працягу стагоддзяў складала супольную спадчыну хрысціян і вартая таго, каб яе вызнавалі і разумелі заўсёды новым і актуальным чынам».

«У адзінстве веры, што абвяшчаецца ад самага пачатку Касцёла, хрысціяне пакліканы ісці ў згодзе, захоўваючы і перадаючы з любоўю і радасцю атрыманы дар. Ён выказаны словамі Сімвала веры: “Верым у Езуса Хрыста, Сына Божага Адзінароднага, Які сышоў з неба дзеля нашага збаўлення”, сфармуляванымі на Нікейскім Саборы — першай экуменічнай падзеі ў гісторыі хрысціянства, якая адбылася каля 1700 гадоў таму»,

— гаворыцца на пачатку папскага дакумента. 

Поўны тэкст Апостальскага ліста на замежных мовах ТУТ>>>

Вызнанне адзінай веры — надзея ў цяжкія часы

Пантыфік адзначыў, што вера ў Езуса Хрыста, Сына Божага, з’яўляецца сэрцам хрысціянскай веры, якую вызнаюць розныя канфесіі. Яна, па словах Папы, «дае нам надзею ў цяжкія часы, у якія жывём, пасярод шматлікіх хваляванняў і страхаў, пагроз вайны і гвалту, прыродных катаклізмаў, сур’ёзнай несправядлівасці і нераўнавагі, голаду і беднасці, ад якіх пакутуюць мільёны нашых братоў і сясцёр».

Вялікая экуменічная каштоўнасць Сабору

Пасля разгорнутага аналізу гісторыі, звязанай з Нікейскім саборам, Пантыфік заўважыў, што яго рашэнні былі падтрыманы айцамі Касцёла на Усходзе і Захадзе хрысціянскага свету. Таму гэтая падзея з’яўляецца актуальнай і сёння з прычыны яе вялікай экуменічнай каштоўнасці.

Паміж хрысціянамі больш таго, што іх аб’ядноўвае, чым таго, што раздзяляе

Пантыфік нагадаў, што дасягненне адзінства паміж усімі хрысціянамі было таксама адной з галоўных мэтаў Другога Ватыканскага сабору. «Дзякуй Богу, экуменічны рух дасягнуў многіх вынікаў за апошнія шэсцьдзесят гадоў. Нават калі поўнае бачнае адзінства з Праваслаўнымі і Усходнімі Праваслаўнымі Цэрквамі, а таксама з касцёльнымі супольнасцямі, якія ўзніклі падчас Рэфармацыі, яшчэ не дасягнута, тым не менш,

экуменічны дыялог, заснаваны на адным хросце і Нікейска-Канстанцінопальскім Сімвале веры, прывёў нас да прызнання членаў іншых Касцёлаў і касцёльных супольнасцей нашымі братамі і сёстрамі ў Езусе Хрысце і да адкрыцця адзінай і паўсюднай супольнасці вучняў Хрыста ва ўсім свеце»,

— напісаў Папа, падкрэсліваючы, што паміж хрысціянамі ёсць больш таго, што іх аб’ядноўвае, чым таго, што раздзяляе.

Адзінства хрысціян — важны знак міру для свету

«У свеце, падзеленым і разарваным шматлікімі канфліктамі, з’яднаная паўсюдная хрысціянская супольнасць можа быць знакам міру і прыладай прымірэння, адыгрываючы вырашальную ролю ў глабальным імкненні да міру», сцвердзіў ён.

Леў XIV нагадаў таксама словы Яна Паўла ІІ пра тое, што памяць пра «сведчанне шматлікіх хрысціянскіх мучанікаў усіх Касцёлаў і касцёльных супольнасцей” аб’ядноўвае нас і падштурхоўвае “быць сведкамі і будаўнікамі міру ў свеце”».

Нікейскі сабор — арыенцір на шляху да адзінства

Па словах Святога Айца, пераканаўчае выкананне гэтага служэння патрабуе ад нас «ісці разам, каб дасягнуць адзінства і прымірэння паміж усімі хрысціянамі».

«Нікейскі Сімвал веры можа стаць асновай і арыенцірам на гэтым шляху: ён прапануе нам мадэль сапраўднага адзінства ў законнай разнастайнасці»,

напісаў Папа, дадаючы: «Таму мы павінны пакінуць у мінулым тэалагічныя спрэчкі, якія страцілі свой сэнс, каб прыйсці да супольнай думкі і, больш за тое, да супольнай малітвы да Духа Святога, каб Ён мог сабраць нас усіх разам у адной веры і адной любові».

Аднаўленне адзінства ўзбагаціць усіх

Пантыфік падкрэсліў, што гаворка не ідзе пра вяртанне да стану, які папярэднічаў падзелам ці пра ўзаемнае прызнанне актуальнага status quo разнастайнасці Касцёлаў і касцёльных супольнасцей, але ў першую чаргу пра экуменізм, скіраваны ў будучыню, які імкнецца да прымірэння праз дыялог, шляхам дзялення нашымі дарамі і духоўнай спадчынай.

«Аднаўленне адзінства паміж хрысціянамі не робіць нас бяднейшымі, а, наадварот, узбагачае нас. Як і ў Нікеі, дасягненне гэтай мэты будзе магчымым толькі праз цярплівы, доўгі і часам складаны шлях узаемнага слухання і прыняцця. Гаворка ідзе пра тэалагічны выклік, а яшчэ ў большай меры пра выклік духоўны, які патрабуе ад усіх пакаяння і навяртання»,

падкрэсліў Леў XIV, завяршаючы свой Апостальскі ліст заклікам да супольнай малітвы да Духа Святога.

Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця