Пошук

18.06.2024 11:22   Vatican News
Ілюстрацыйнае фота: CNS photo/Vatican Media

15 чэрвеня ў Ватыкане распачалася чарговая сесія Рады кардыналаў па дапамозе Святому Айцу ў кіраванні Касцёлам.

Пасяджэнне праходзіць у прысутнасці Папы, адзначае Беларуская рэдакцыя парталу Vatican News.

Сёлета гэта ўжо трэцяя сустрэча Папы Францішка з кардыналамі-дарадчыкамі. Папярэднія дзве сесіі праходзілі ў лютым і красавіку. На першай з іх гаворка ішла пра ролю жанчын у Касцёле, бягучых сінадальных працэсах, евангелізацыі і іншых актуальных праблемах.

Падчас красавіцкага пасяджэння члены Рады працягнулі разважанне пра ролю жанчын у Касцёле, пазнаёміліся са справаздачай аб Сінодзе, паразмаўлялі пра рэалізацыю Апостальскай канстытуцыі Prædicate Evangelium у дыяцэзіяльных курыях і выслухалі даклады кожнага кардынала адносна сацыяльнай, палітычнай і эклезіяльнай сітуацыі ў рэгіёнах свету, якія яны прадстаўляюць.

Падчас сустрэчы яе ўдзельнікі не абмінулі ўвагай і малітвай войны і канфлікты ў многіх месцах па ўсім свеце, асабліва на Блізкім Усходзе і ва Украіне.

У склад Рады кардыналаў пасля яе абнаўлення Пантыфікам, здзейчненага 7 сакавіка мінулага года, уваходзяць Дзяржаўны сакратар Яго Святасці Папы кардынал П’етро Паралін, Старшыня Папскай камісіі па справах Дзяржавы Ватыкан і Губернатарата Дзяржавы Ватыкан кардынал Фэрнандо Вэргэс Альсага, арцыбіскуп Кіншасы з Дэмакратычнай Рэспублікі Конга кардынал Фрыдалін Амбонга Бэсунгу, арцыбіскуп Мумбая з Індыі кардынал Освальд Грасіяс, арцыбіскуп Бостана з ЗША кардынал Шон Патрык О’Мэлі, арцыбіскуп Барселоны з Іспаніі кардынал Хуан Хасэ Амэлья-і-Амэлья, арцыбіскуп Квебека з Канады кардынал Жэрар Лакруа, арцыбіскуп Люксембурга кардынал Жан-Клод Ольрыш, арцыбіскуп Сан-Салвадора-да-Бая з Бразіліі кардынал Сэрджыу да Роша. Сакратаром Рады з’яўляецца італьянскі біскуп Марко Мэліна.

Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа