4 чэрвеня Папа Францішак скіраваў ліст з нагоды 80-й гадавіны гістарычнай малітвы рымлянаў, якія прасілі Багародзіцу аб захаванні горада ад разбурэнняў Другой сусветнай вайны, абяцаючы вернасць Богу.
Як паведаміла Беларуская рэдакцыя парталу Vatican News, у лісце Пантыфік запэўніў у сваёй духоўнай еднасці супольнасць Рымскай дыяцэзіі, якая сёлета ўпершыню адзначае літургічны ўспамін Маці Божай Salus Populi Romani (Збаўленне рымскага народа).
Святы Айцец таксама ўзгадваў пра гістарычнае абяцанне, якое рымскі народ разам з Папам Піем ХІІ даў Багародзіцы 4 чэрвеня 1944 года, просячы захаваць горад ад разбурэнняў, якімі пагражала сутыкненне паміж нямецкімі і англа-амерыканскімі войскамі. Увечары таго самага дня саюзнікі ўвайшлі ў Вечны горад, не сустрэўшы ніякага супраціву.
Маці Божая — Збаўленне рымскага народа
«Ушанаванне старажытнай іконы, якая захоўваецца ў базіліцы Святой Марыі Вялікай, спрадвеку жыло ў сэрцах рымлянаў, якія звярталіся да Яе з мальбамі і просьбамі, асабліва падчас чумы, стыхійных бедстваў і войнаў», — напісаў Папа. Ён нагадаў, што перад абразом праходзілі многія важныя падзеі рэлігійнага і грамадскага жыцця Рыма, «таму не дзіўна, што рымскі народ яшчэ раз вырашыў даверыцца Марыі Salus Populi Romani у той час, калі Горад перажываў жах нацысцкага спусташэння».
Не паддавацца логіцы зброі!
Пантыфік адзначыў, што ўспамін пра падзеі 80-гадовай даўніны падштурхоўвае да малітвы за загінулых у Другой сусветнай вайне, а таксама да новых разважанняў пра жудаснае бедства вайны.
«Я думаю, у прыватнасці, пра змучаную Украіну, Палестыну, Ізраіль, Судан, М’янму, дзе ўсё яшчэ бразгае зброя і працягвае пралівацца чалавечая кроў. Гэтыя драмы закранаюць незлічоныя нявінныя ахвяры, крыкі жаху і пакут якіх грукаюць да сумлення кожнага: мы не можам і не павінны паддавацца логіцы зброі!», — напісаў Святы Айцец.
Быць будаўнікамі прымірэння і сведкамі надзеі
Папа нагадаў пра актуальнасць пытання, якое Павел VI скіраваў у ААН у 1965 годзе: «Ці прыйдзе свет калі-небудзь да змены эгаістычнага і ваяўнічага менталітэту, які дагэтуль пазначаў большую частку яго гісторыі?»
Папа Францішак пажадаў, каб гэтае пытанне падштурхоўвала ўсіх да канкрэтных дзеянняў на карысць міру ў свеце.
«Мір — гэта Божы дар, які і сёння павінен знайсці сэрцы, гатовыя прыняць яго і станавіцца будаўнікамі прымірэння і сведкамі надзеі», — дадаў Святы Айцец.
Шчаслівыя міратворцы
Ён выказаў пажаданне, каб ініцыятывы з нагоды 80-годдзя прысвячэння горада абароне Багародзіцы паспрыялі адраджэнню ў рымлянаў гатоўнасці быць будаўнікамі сапраўднага міру, пашыраючы братэрства як неабходную ўмову для ўрэгулявання канфліктаў і пераадолення варожасці.
«Будаўніком міру можа быць той, хто мае яго ў сабе і хто з адвагай і лагоднасцю намагаецца ствараць сувязі, наладжваць адносіны паміж людзьмі, злагоджваць напружанасць у сям’і, на працы, на месцы вучобы, сярод сяброў. Такім чынам рэалізуецца евангельскае благаслаўленне: „Шчаслівыя міратворцы, бо яны сынамі Божымі названы будуць“», — падкрэсліў Пантыфік.
Напрыканцы паслання Святы Айцец даручыў усіх жыхароў Рыма матчынаму заступніцтву Багародзіцы. «Няхай Яна, Маці пяшчоты і суцяшэння, умацуе веру, надзею і любоў, каб выпраменьваць у свет Божую любоў і міласэрнасць», — напісаў Папа Францішак.