17 мая ў Ватыкане быў абнародаваны дакумент Дыкастэрыі Веравучэння адносна нормаў, якія датычацца распазнавання меркаваных аб’яўленняў і іншых звышнатуральных з’яваў.
Даючы агляд зместу новага дакумента, Беларуская рэдакцыя парталу Vatican News паведаміла, што ён увойдзе ў сілу 19 мая.
Новыя правілы дадуць магчымасць больш аператыўна выносіць рашэнні з павагай да народнай пабожнасці.
Як правіла, аўтарытэт Касцёла не будзе задзейнічаны ў афіцыйным вызначэнні звышнатуральнасці феноменаў, глыбокае вывучэнне якіх можа патрабаваць вельмі доўгага часу.
Іншым новаўвядзеннем з’яўляецца больш выразны ўдзел у гэтым працэсе Дыкастэрыі веравучэння, якая павінна будзе зацвярджаць канчатковае рашэнне біскупа і будзе мець права ўмяшання motu proprio (па ўласнай ініцыятыве — заўв. Catholic.by) у любы момант. На працягу апошніх дзесяцігоддзяў у многіх выпадках, адносна якіх выказваліся паасобныя біскупы, былая Кангрэгацыя веравучэння была задзейнічана, але амаль заўсёды яе ўмяшанне заставалася закулісным, і патрабавалася не рабіць яго публічным. Матывацыяй для больш яўнага ўдзелу Дыкастэрыі з’яўляецца таксама складанасць абмежавання мясцовым узроўнем феноменаў, якія часам набываюць нацыянальнае і нават сусветнае вымярэнне, «калі рашэнне, што датычыцца адной дыяцэзіі, мае наступствы ў іншых».
Прычыны абнаўлення нормаў
Ля вытокаў дакументу ляжыць досвед мінулага стагоддзя, калі мясцовы біскуп вельмі хутка заяўляў аб надзвычайнасці з’явы, а потым Дыкастэрыя веравучэння выказвала адваротнае меркаванне. Іншыя выпадкі датычыліся сітуацый, калі біскуп выказваўся аб пэўнай з’яве адным чынам, а яго наступнік — супрацьлеглым.
Акрамя таго, ацэнка ўсіх элементаў, неабходная для прыняцця рашэння аб звышнатуральнасці ці натуральнасці феномена патрабуе доўгага часу. Часам гэта супярэчыць тэрміновай патрэбе даць пастырскі адказ дзеля дабра вернікаў.
Духоўны плён і рызыкі
Прэфект Дыкастэрыі веравучэння кардынал Віктар Фэрнандэс патлумачыў, што «часта гэтыя аб’яўленні спрыялі з’яўленню вялікага багацця духоўных плёнаў, росту веры, пабожнасці, братэрству і служэнню, а ў некаторых выпадках ляжалі ля вытокаў розных санктуарыяў, раскіданых па ўсім свеце, якія сёння адносяцца да сэрца народнай пабожнасці многіх народаў».
Аднак існуе таксама магчымасць таго, што «ў некаторых выпадках падзей меркаванага звышнатуральнага паходжання» ўзнікаюць «вельмі сур’ёзныя праблемы, якія шкодзяць вернікам»: выпадкі, калі з меркаваных феноменаў атрымліваецца «карысць, улада, слава, агульная вядомасць, асабістая зацікаўленасць» ажно да «ажыццяўлення ўлады над людзьмі і з’яўлення злоўжыванняў».
Таксама могуць узнікаць «дактрынальныя памылкі, неапраўданы рэдукцыянізм у падачы евангельскага паслання, распаўсюджванне сектанцкага духу». Ёсць магчымасць таго, што «вернікі будуць уцягнуты ў падзеі, прыпісаныя боскай ініцытыве», але якія з’яўляюцца ўсяго толькі плёнам фантазіі, міфаманіі і чыёйсьці схільнасці да фальсіфікацыі.
Шэсць магчымых ацэнак меркаванага феномена
У сувязі з гэтым у дакуменце адзначаецца, што «не павінна быць ніякага станоўчага прызнання з боку касцёльных уладаў боскага паходжання меркаваных звышнатуральных феноменаў». Як правіла, «ні дыяцэзіяльны біскуп, ані канферэнцыі біскупаў, ані Дыкастэрыі не будуць заяўляць, што феномены маюць звышнатуральнае паходжанне, а толькі Святы Айцец можа санкцыянаваць такую працэдуру».
Абноўленыя нормы прадугледжваюць увядзенне шасці магчымых канчатковых ацэнак аналізу з’яваў.
Nihil obstat (няма перашкоды — заўв. Catholic.by) — калі няма ўпэўненасці ў сапраўднай звышнатуральнасці, але прызнаюцца прыкметы дзеяння Духа. Тады біскупу рэкамендуецца ацаніць пастырскую каштоўнасць з’явы і спрыяць папулярызацыі феномена, уключаючы правядзенне пілігрымак. Prae oculis habeatur (варта мець на ўвазе — заўв. Catholic.by) — калі прызнаюцца станоўчыя прыкметы, але таксама прысутнічаюць элементы няяснасці ці патэнцыйных рызыкаў, якія патрабуюць распазнавання і дыялогу з носьбітамі пэўнага духоўнага досведу. Curatur (варта паклапаціцца — заўв. Catholic.by) — калі прысутнічаюць праблемныя моманты, але назіраецца шырокае распаўсюджванне з’явы, з духоўным плёнам, які пацвярджаецца. У такім выпадку не рэкамендуецца забарона, якая можа збянтэжыць вернікаў, але біскупу рэкамендуецца не падтрымліваць феномен. Sub mandato (пад кіраўніцтвам — заўв. Catholic.by) — калі праблемы не звязаныя з самім феноменам, але з яго неналежным выкарыстаннем паасобнымі людзьмі ці групамі, напрыклад, для атрымання фінансавай выгады. У такой сітуацыі Святы Пасад будзе даручаць біскупу ці яго дэлегату пастырскае кіраўніцтва гэтым месцам. Prohibetur et obstruatur (належыць забараніць і не дазваляць — заўв. Catholic.by) — калі, нягледзячы на некаторыя станоўчыя моманты, праблемныя сітуацыі і рызыкі носяць сур’ёзны характар. Тады Дыкастэрыя будзе прасіць біскупа публічна аб’явіць, што далучэнне да культу не дазваляецца. Declaratio de non supernaturalitate (абвяшчэнне адсутнасці звышнатуральнага — заўв. Catholic.by) — гэта ацэнка будзе ўжывацца, калі біскуп, грунтуючыся на канкрэтных доказах, будзе ўпаўнаважаны заявіць, што дадзены феномен не з’яўляецца звышнатуральным.
Працэдура правядзення даследавання
Новыя нормы акрэсліваюць таксама працэдуры, якіх трэба прытрымлівацца пры вывучэнні феноменаў.
Згодна з імі, выпадак павінен разгледзець дыяцэзільны біскуп і прадставіць сваё меркаванне ў Дыкастэрыю веравучэння для зацвярджэння. У той жа час біскуп закліканы ўстрымлівацца ад публічных заяваў адносна звышнатуральнага ці натуральнага характару феномена, пазбягаць стварэння збянтэжанасці і сенсацый.
Калі элементы справы «здаюцца дастатковымі», біскуп абавязаны стварыць камісію па вывучэнні з’явы, у якую павінен увайсці як мінімум адзін тэолаг, адзін спецыяліст па Кананічным праве Касцёла і эксперт, выбраны з улікам характару феномена.