Пошук

15.03.2024 09:45   Пераклад і адаптацыя: Мікола Гракаў / Catholic.by
Папа Францішак і кардынал Марыё Грэк. Фота: Getty Images

У лісце да кардынала Грэка, Генеральнага сакратара Сіноду Біскупаў, Папа Францішак акрэсліў тэмы, якія згадваюцца ў выніковай справаздачы першай сесіі Сінадальнай асамблеі і патрабуюць далейшага вывучэння ў сувязі з другой сесіяй, запланаванай на кастрычнік бягучага года.

Як паведамляе Італьянская рэдакцыя парталу Vatican News, ствараюцца даследчыя групы па гэтых пытаннях, якія будуць дзейнічаць да чэрвеня 2025 года і каардынавацца адпаведнымі Дыкастэрыямі Рымскай Курыі, з Сакратарыятам Сіноду ў якасці «гаранта». Пантыфік заахвочвае іх працаваць у «аўтэнтычна сінадальным» стылі.

Крык бедных; місія ў сферы лічбавых тэхналогій; служэнне (уключаючы разважанні аб месцы і ўдзеле жанчын у Касцёле і разгляд пытання аб магчымым допуску жанчын да дыяканату); адносіны з Усходнімі Касцёламі: адносіны паміж біскупамі, кансэкраваным жыццём і касцёльнымі рухамі; падрыхтоўка святароў; вобраз і служэнне біскупа; роля нунцыяў; экуменізм; «спрэчныя» дактрынальныя, пастырскія і этычныя пытанні, каб лепш праясніць «сувязь паміж душпастырствам і маральнасцю» — усё гэта будзе прааналізавана з сінадальнага і місійнага пункту гледжання.

Па гэтых дзесяці тэмах — тых самых, што былі закранутыя на першай сесіі Сіноду на тэму сінадальнасці ў кастрычніку 2023 года і выкрышталізаваныя ў выніковай справаздачы, прынятай амаль аднагалосна, — ствараецца шэраг даследчых груп, якія будуць працаваць да чэрвеня 2025 года і будуць каардынавацца адпаведнымі Дыкастэрыямі. Яны разгледзяць усе нюансы, запыты, магчымыя новаўвядзенні і тэалагічныя, юрыдычныя і душпастырскія «наступствы».

Рашэнне Папы было абвешчана незамацаваным дакументам (хірографам) 16 лютага. Ён уступіў у сілу з 14 сакавіка, як паведаміў сам Папа Францішак у лісце да Генеральнага сакратара Сіноду кардынала Марыё Грэка, падпісаным 22 лютага, але апублікаваным разам з публікацыяй і прэзентацыяй двух дакументаў Генеральным сакратарыятам Сіноду.

У сваім лісце Папа Францішак тлумачыць, што, паколькі немагчыма правесці вывучэнне гэтых пытанняў да наступнай восені, ён дае распараджэнне «каб яны былі перададзеныя пэўным даследчым групам, каб можна было іх належным чынам вывучыць».

«Гэта стане адным з плёнаў сінадальнага працэсу, распачатага 9 кастрычніка 2021 года», — напісаў Папа.

У прыватнасці, Генеральны сакратарыят Сіноду па ўзгадненні з Дыкастэрыямі павінен будзе заснаваць гэтыя групы, заклікаючы далучыцца да іх пастыраў і экспертаў з усіх кантынентаў і «беручы пад увагу не толькі ўжо існуючыя даследаванні, але і найбольш адпаведны актуальны досвед народа Божага, сабранага ў мясцовых Касцёлах». Жаданне Папы заключаецца ў тым, каб гэтыя даследчыя групы «працавалі паводле аўтэнтычнага сінадальнага метаду», а Генеральны сакратарыят Сіноду павінен выступаць у якасці «гаранта». Уся ўвага будзе сканцэнтравана на агульнай тэме, якую можна абагульніць адным пытаннем: «Як быць Сінадальным Касцёлам у місіі?» Даследчыя групы, як пастанаўляе Папа, прадставяць першую справаздачу аб сваёй дзейнасці на другой сесіі і завершаць сваю працу да чэрвеня 2025 года.

Абноўлена 15.03.2024 11:51
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа