Пошук

06.02.2024 12:17   Vatican News
Ілюстрацыйнае фота: Giuseppe Cacace/AFP/Getty

2 лютага Папа Францішак скіраваў пасланне на 98-ы Сусветны дзень місій, які сёлета будзе адзначацца 20 кастрычніка.

Як паведамляе Беларуская рэдакцыя парталу Vatican News, яго тэмай стануць словы: «Пайдзіце і запрасіце на вяселле ўсіх» (пар. Мц 22, 9). Яна натхнёная евангельскай прыпавесцю пра караля, які загадаў сваім слугам пайсці на ростані і паклікаць на вяселле яго сына ўсіх, каго сустрэнуць.

Прапануючы паразважаць над гэтай гісторыяй у евангелізацыйным ключы, Пантыфік заўважыў, што раней слугі ўжо выходзілі несці пасланне караля запрошаным на свята. Гэта кажа нам пра тое, што быць місіянерам значыць «нястомна выходзіць да ўсяго чалавецтва, каб запрашаваць яго на сустрэчу з Богам і да адзінства з Ім».

«Бог, вялікі ў любові і багаты міласэрнасцю, заўсёды выходзіць да кожнага чалавека, каб клікаць яго да шчасця Яго Валадарства, нягледзячы на абыякаваць і адмовы», — напісаў Папа, нагадаўшы, што Езус Хрыстус шукаў згубленых авечак і хацеў дасягнуць нават самых далёкіх з іх, скіроўваючы таксама і сваіх вучняў ажно да краю зямлю.

Папа Францішак падзякаваў місіянерам за іх служэнне і заклікаў працягваць маліцца аб новых і шматлікіх місійных пакліканнях. «І давайце не будзем забываць, што кожны хрысціянін пакліканы браць удзел у гэтай усеагульнай місіі праз уласнае евангельскае сведчанне ў кожным асяроддзі, каб увесь Касцёл няспынна выходзіў са сваім Панам і Настаўнікам на „скрыжаванні дарог“ сучаснага свету», — адзначыў Пантыфік, падкрэсліўшы: «Драма Касцёла сёння заключаецца ў тым, што Езус працягвае стукаць у дзверы, але знутры, каб мы дазволілі Яму выйсці» да людзей.

Святы Айцец заклікаў місіянераў наследаваць стыль Пана, які пасылае абвяшчаць Евангелле кожнаму стварэнню: рабіць гэта без прымусу і празелітызму, але з радасцю, велікадушнасцю, добразычлівасцю, блізкасцю, спагадай і пяшчотай.

Папа заўважыў, што вяселле з евангельскага ўрыўка нагадвае пра эсхаталагічную і эўхарыстычную перспектыву місійнай дзейнасці Касцёла, якая павінна суправаджацца ўсведамленнем блізкасці прыйсця Пана, як гэта было ў першых хрысціянаў.

«У той час як свет прапануе розныя „вяселлі“ спажывальніцтва, эгаістычнага дабрабыту, назапашвання, індывідуалізму, Евангелле кліча ўсіх на боскае вяселлее, дзе пануюць радасць, дзяленне, справядлівасць, братэрства ў адзінстве з Богам і бліжнімі», — напісаў Пастыр паўсюлнага Касцёла. Ён адзначыў, што «запрашэнне на эсхаталагічнае вяселле, якое нясем усім у евангелізацыйнай місіі, блізка звязана з запрашэннем на Эўхарыстычную вячэру, дзе Пан насычае нас сваім словам і сваімі Целам і Крывёй». У святле Года малітвы ў межах падрыхтоўкі да Юбілею 2025 года Папа заклікаў умацаваць удзел у святой Імшы і малітву за евангелізацыйную дзейнасць Касцёла.

Пантыфік нагадаў, што кароль з евангельскай прыпавесці загадаў запрасіць на вяселле ўсіх без выключэння. «Таксама і сёння ў свеце, разарваным падзеламі і канфліктамі, Евангелле Хрыста — гэта лагодны і моцны голас, які кліча людзей сустрэцца, прызнаць адзін аднаго братамі і радавацца гармоніі паміж адметнасцямі. Бог хоча, «каб усе людзі былі збаўлены і дайшлі да пазнання праўды» (1 Цім 2, 4).

Таму давайце ніколі не будзем забываць у нашай місійнай дзейнасці, што мы пакліканыя абвяшчаць Евангелле ўсім, „не не як тыя, хто навязвае новы абавязак, але як тыя, хто хоча падзяліцца радасцю, хто паказвае прыгожы далягляд, прапануе жаданую гасціну“ (Evangelii gaudium, 14)», — напісаў Святы Айцец.

Напрыканцы Папа Францішак дадаў, што кожны чалавек з’яўляецца «адрасатам запрашэння Бога ўдзельнічаць у Яго ласцы, якая перамяняе і збаўляе» і «трэба толькі сказаць „так“ гэтаму бескарысліваму боскаму дару, прымаючы яго і дазваляючы стаць перамененымі ім».

Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.