Пошук

05.02.2024 06:03   Vatican News
Ілюстрацыйнае фота: Wikimedia commons

3 лютага Дыкастэрыя Веравучэння абнародавала дакумент пад назвай Gestis verbisque, прысвечаны форме і матэрыі сакрамэнтаў.

Як паведаміла Беларуская рэдакцыя парталу Vatican News, у тэксце, зацверджаным Папам Францішкам, падкрэсліваецца, што сакраментальныя выразы і матэрыяльныя элементы, устаноўленыя ў асноўным абрадзе сакрамэнту, не могуць быць зменены па ўласным жаданні, у імя крэатыўнасці. У такім выпадку сакрамэнт страчвае сваю сапраўднасць.

Як патлумачыў прэфект Дыкастэрыі Веравучэння кардынал Віктар Фэрнандэс, множацца «сітуацыі, у якіх даводзіцца прызнаваць несапраўднасць здзяйснення сакрамэнтаў» з-за ўнесеных у іх змен. Гэта выклікае неабходнасць паўтарэння абраду хросту або канфірмацыі, у сувязі з чым некаторыя вернікі справядліва выказваюць сваю незадаволенасць.

Гэта закранула таксама і некаторых святароў, ахрышчаных з выкарыстаннем змененых фармулёвак, якія з болем усвядомілі несапраўднасць свайго пасвячэння і сакрамэнтаў, якія ўдзялялі да гэтага моманту. Па словах іерарха, калі ў іншых сферах пастырскай дзейнасці Касцёла ёсць дастаткова месца для творчасці, то ў кантэксце ўдзялення сакрамэнтаў гэта, хутчэй, ператвараецца ў жаданне маніпуляваць. Ён нагадаў, што святары павінны пераадолець спакусу адчуваць сябе ўладальнікамі Касцёла, а вернікі маюць права атрымліваць сакрамэнт так, як гэтага патрабуе Касцёл.

«З дапамогай звязаных паміж сабой дзеянняў і словаў Бог аб’яўляе і ажыццяўляе сваю задуму збаўлення для кожнага чалавека», — гаворыцца ў дакуменце. На жаль, здзяйсненне сакрамэнтаў не заўсёды адбываецца ў поўнай адпаведнасці з абрадам, які ўстанавіў Касцёл. Касцёл абавязаны захоўваць адзінства ў тых дзеяннях, якія не маюць сабе роўных, паколькі іх святасць гарантавана Хрыстом. Касцёл таксама «ўсведамляе, што распараджацца Божай ласкай не значыць прысвойваць яе сабе, але станавіцца прыладай Святога Духа ў перадачы велікоднага дару Хрыста. У прыватнасці, Касцёл перакананы, што яго ўлада ў дачыненні да сакрамэнтаў абмяжоўваецца іх сутнасцю» і што «ў сакраментальных жэстах ён павінен захоўваць жэсты збаўлення, якія даверыў яму Пан».

Далей у дакуменце тлумачыцца, што «матэрыя сакрамэнту заключаецца ў чалавечых дзеяннях, праз якія дзейнічае Хрыстус. У іх часам прысутнічае матэрыяльны элемент (вада, хлеб, віно, алей), у іншых выпадках — асаблівы жэст (знак крыжа, ускладанне рук, акунанне, паліванне, намашчэнне).

Што датычыцца формы сакрамэнту, то яна ўтвараецца словам, якое надае матэрыі трансцэндэнтны сэнс, пераўтвараючы звычайнае значэнне матэрыяльнага элемента і чыста чалавечы сэнс дзеяння, якое выконваецца. Гэтае слова заўсёды ў той ці іншай ступені чэрпае натхненне са Святога Пісання, укаранёнага ў жывой касцёльнай традыцыі і аўтарытэтна вызначанага вучэннем Касцёла». Такім чынам, матэрыя і форма «ніколі не залежалі і не могуць залежаць ад волі асобнага чалавека або асобнай супольнасці».

Дакумент сцвярджае, што адвольныя змены матэрыі або формы сакрамэнтаў ставяць пад пагрозу сапраўднасць надання сакраментальнай ласкі, наносячы відавочную шкоду вернікам. Усё, што апублікавана ў літургічных кнігах, павінна выконвацца з дакладнасцю, «без дадавання, выдалення або змены чаго-небудзь». Бо калі змяняюцца форма або матэрыя, то сакрамэнт перастае існаваць. Змяненне істотных элементаў сакрамэнту таксама ставіць пад сумнеў сапраўдны намер святара.

Далей адзначаецца, што літургія дапускае некаторыя адрозненні, якія захоўваюць Касцёл ад жорсткай аднастайнасці, пра што гаворыцца ў канстытуцыі Другога Ватыканскага Сабора Sacrosanctum Concilium. Аднак гэтая разнастайнасць і крэатыўнасць, якія спрыяюць большай зразумеласці абраду і актыўнаму ўдзелу вернікаў, не могуць датычыцца таго, што з’яўляецца істотным у здзяйсненні сакрамэнтаў.

Дакумент заклікае да «сталасці ў мастацтве набажэнства» і «да дысцыпліны, якую варта захоўваць менавіта для таго, каб быць сапраўднымі вучнямі».

Як адзначыў Папа Францішак, гаворка не ідзе пра патрабаванне выконваць літургічны этыкет: гаворка ідзе, хутчэй, пра дысцыпліну, якая, калі яе сапраўды захоўваць, прывядзе ў парадак наш унутраны свет, дапаможа нам перажываць пачуцці, адносіны і паводзіны.

Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця