Апостальская пэнітэнцыярыя, па просьбе кардынала Кэвіна Джозэфа Фарэла, прэфекта Дыкастэрыі па справах свецкіх, сям’і і жыцця, удзяліла поўны адпуст з нагоды ІІІ Сусветнага дня бабуль, дзядуль і пажылых людзей, які будзе адзначацца 23 ліпеня.
Як паведаміла Беларуская рэдакцыя парталу Vatican News, гэты адпуст распаўсюджваецца на ўсіх вернікаў, якія ў гэты дзень у духу пакаяння і міласэрнасці возьмуць удзел ва ўрачыстай цэлебрацыі, якую Святы Айцец Папа Францішак узначаліць у ватыканскай базіліцы святога Пятра, або ў розных мерапрыемствах, якія адбудуцца па ўсім свеце з нагоды згаданага Сусветнага дня.
Пэнітэнцыярыя таксама ўдзяляе поўны адпуст вернікам, якія ў гэты дзень прысвецяць адпаведную колькасць часу, каб асабіста або віртуальна праз сродкі камунікацыі наведаць пажылых братоў і сясцёр, што знаходзяцца ў патрэбе ці ў цяжкасцях.
Адпуст можа быць ахвяраваны за душы ў чыстцы. Умовы атрымання адпусту звычайныя: сакрамэнтальная споведзь, эўхарыстычная Камунія і малітва ў інтэнцыях Святога Айца.
Поўны адпуст можа быць атрыманы пры адсутнасці прывязанасці да ўсялякага граху і пры намеры як мага хутчэй выканаць яго тры абавязковыя ўмовы хворымі пажылымі людзьмі і ўсімі, хто па сур’ёзнай прычыне не можа выйсці з уласнага дому, калі яны духоўна далучацца да набажэнстваў, што будуць праходзіць з нагоды Сусветнага дня бабуль, дзядуль і пажылых людзей, і ахвяруюць Богу свае малітвы, пакуты і цярпенні, асабліва падчас трансляцый па тэлебачанні і радыё, а таксама ў новых сродках камунікацыі.
Апостальская пэнітэнцыярыя настойліва просіць святароў даць шырокую магчымасць вернікам прыступіць да сакрамэнту паяднання (споведзі).