Пошук

07.07.2023 15:25   Секцыя па перакладзе літургічных тэкстаў і афіцыйных дакументаў Касцёла пры ККББ
Фота Віктара Ведзеня

ІІІ Сусветны дзень бабуль, дзядуль і пажылых людзей будзе адзначацца ў Касцёле ў нядзелю 23 ліпеня. Яго тэмай сталі словы з Евангелля паводле Лукі: «Міласэрнасць Яго з пакалення ў пакаленне» (Лк 1, 50).

Прапануем пераклад на беларускую мову Паслання Святога Айца Францішка на ІІІ Сусветны дзень бабуль, дзядуль і пажылых людзей, здзейснены Секцыяй па перакладзе літургічных тэкстаў і афіцыйных дакументаў Касцёла пры ККББ.

ПАСЛАННЕ СВЯТОГА АЙЦА ФРАНЦІШКА НА ІІІ СУСВЕТНЫ ДЗЕНЬ БАБУЛЬ, ДЗЯДУЛЬ І ПАЖЫЛЫХ ЛЮДЗЕЙ

23 ліпеня 2023 г.

«Міласэрнасць Яго з пакалення ў пакаленне» (Лк 1, 50). 

Дарагія браты і сёстры!

«Міласэрнасць Яго з пакалення ў пакаленне» (Лк 1, 50) — вось тэма Трэцяга сусветнага дня бабуль, дзядуль і пажылых людзей. Гэтая тэма зноў вяртае нас да радаснага спаткання юнай Марыі і яе пажылой сваячкі Альжбеты (пар. Лк 1, 39–56). Напоўненая Духам Святым, Альжбета звяртаецца да Маці Божай са словамі, якія і праз тысячы гадоў надаюць рытм нашай штодзённай малітве: «Благаслаўлёная Ты між жанчынамі і благаслаўлёны плод улоння Твайго» (в. 42). А Дух Святы, які ўжо сышоў на Марыю, натхняе Яе даць адказ праз Magnificat, у якім Яна абвяшчае, што міласэрнасць Пана пашыраецца з пакалення ў пакаленне. Дух Святы благаслаўляе і суправаджае кожную плённую сустрэчу паміж рознымі пакаленнямі: паміж бабулямі, дзядулямі і ўнукамі, паміж маладымі асобамі і старымі. Бог хоча, каб маладыя цешылі сэрцы старых так, як Марыя з Альжбетай, і чэрпалі мудрасць з іх жыццёвага досведу. Але Пан перадусім прагне, каб мы не пакідалі пажылых людзей адных, не імкнуліся спіхнуць іх на абочыну жыцця, што цяпер, на жаль, здараецца вельмі часта.

Сёлета Сусветны дзень бабуль, дзядуль і пажылых людзей адзначаецца напярэдадні Сусветных дзён моладзі. Абедзьве падзеі нагадваюць нам пра паспешлівасць (пар. в. 39), з якой Марыя накіравалася да Альжбеты, і тым самым запрашаюць нас паразважаць над сувяззю паміж маладымі і пажылымі людзьмі. Пан верыць, што праз адносіны з імі моладзь адкажа на заклік захоўваць памяць і распазнае ў гэтых асобах дар прыналежнасці да большай гісторыі. Сяброўства з пажылым чалавекам дапамагае маладой асобе не зводзіць жыццё да цяперашняй хвіліны і памятаць, што не ўсё залежыць ад уласных здольнасцяў. У сваю чаргу, для пажылога чалавека прысутнасць маладой асобы дае надзею, што ягоны досвед не згубіцца, а мары споўняцца. Карацей кажучы, адведзіны Марыяй Альжбеты і ўсведамленне таго, што міласэрнасць Пана перадаецца з пакалення ў пакаленне, паказваюць, што мы не можам рухацца далей — а тым больш збавіцца — адныя, і што Божае ўмяшанне заўсёды аб’яўляецца ў паўнаце, у гісторыі народу. Пра гэта кажа сама Марыя ў Магніфікаце, радуючыся ў Богу, які чыніць новыя і нечаканыя цуды, будучы верным абяцанню, якое даў Абрагаму (пар. вв. 51–55).

Каб лепш успрыняць стыль Божага дзеяння, прыгадаем, што час мае быць пражыты ў паўнаце, бо найбольшыя рэаліі і найпрыгажэйшыя мары не рэалізуюцца імгненна, але ў працэсе развіцця і сталення: у дарозе, у дыялогу, у адносінах. Таму тыя, хто засяроджваецца толькі на тым, што мэтазгодна, на ўласных інтарэсах, якія трэба задавольваць хутка і з прагнасцю, на тым, каб мець «усё і адразу», губляюць з відавоку дзеянне Бога. А Ягоны план любові ўключае мінулае, сучаснасць і будучыню, ахопліваючы і злучаючы пакаленні. Гэта праект, які пераўзыходзіць нас саміх, але ў якім кожны з нас з’яўляецца важным і перш за ўсё пакліканым выйсці па-за свае абмежаванні. Для самых маленькіх гэта выйсце па-за мімалётнасць, у якой замыкае нас віртуальная рэчаіснасць, часта адцягваючы нашую ўвагу ад канкрэтных дзеянняў. Для самых старэйшых людзей гэта не зацыкліванне на сваіх слабнучых сілах і не шкадаванне страчаных магчымасцяў. Давайце глядзець у будучыню! Дазволім фарміраваць нас Божай ласцы, якая з пакалення ў пакаленне вызваляе нас ад здранцвення ў дзеянні і тугі па мінулым!

У спатканні Марыі і Альжбеты, маладых і старых, Бог дае нам сваю будучыню. Шлях Марыі і гасціннасць Альжбеты адкрываюць дзверы на прыйсце збаўлення: праз іх абдымкі Ягоная міласэрнасць уваходзіць з радаснай лагоднасцю ў чалавечую гісторыю. Я хацеў бы заахвоціць усіх паразважаць над гэтай сустрэчай, больш за тое, заплюшчыць вочы і ўявіць сабе, як на фотаздымку, тыя абдымкі маладой Маці Божай і пажылой маці св. Яна Хрысціцеля; уявіць у думках і ўбачыць сэрцам, захаваць у душы, як светлы ўнутраны абразок.

Запрашаю вас таксама перайсці ад уяўленняў да канкрэтыкі і зрабіць што-небудзь, каб узяць у абдымкі бабуль, дзядуль і пажылых людзей. Не пакінем іх самотнымі. Іх прысутнасць у сем’ях і супольнасцях каштоўная, нагадвае нам, што мы падзяляем адну і тую ж спадчыну і з’яўляемся часткай народу, у якім ушаноўваюцца карані. Так, менавіта людзі сталага веку пераказваюць нам нашую прыналежнасць да святога Божага народу. Касцёлу, як і грамадству, яны таксама патрэбныя, бо перадаюць сучаснасці мінулае, неабходнае для будавання будучыні. Шануйма іх, не будзем пазбаўляць сябе іх таварыства, а іх — нашага, не дазволім, каб яны былі адкінутыя!

Сусветны дзень бабуль, дзядуль і пажылых людзей прызначаны быць малым, далікатным знакам надзеі для іх і для ўсяго Касцёла. Таму аднаўляю сваё запрашэнне да ўсіх — дыяцэзій, парафій, таварыстваў, супольнасцяў — святкаваць гэты дзень, засяроджваючы ўвагу на вялікай радасці з прычыны чарговага спаткання маладых і пажылых людзей. Вам, маладым, якія рыхтуецеся да сустрэчы ў Лісабоне або да святкавання Сусветных дзён моладзі ў сваёй краіне, я хацеў бы сказаць: перад тым, як вырушыць у дарогу, адведайце сваіх бабуль і дзядуль, адведайце самотнага пажылога чалавека! Іх малітва будзе ахоўваць вас і будзеце насіць у сэрцы благаслаўленне гэтай сустрэчы. Прашу вас, людзі старэйшыя, малітоўна суправаджайце юнакоў і дзяўчат, якія хутка будуць святкаваць Сусветныя дні моладзі. Гэтыя маладыя людзі з’яўляюцца адказам Бога на вашыя просьбы, плёнам таго, што вы сеялі, знакам, што Бог не пакідае свайго народу, але заўсёды амалоджвае яго ўяўленнем Духа Святога.

Дарагія бабулі і дзядулі, пажылыя браты і сёстры, няхай благаслаўленне абдымкаў Марыі і Альжбеты дасягне вас і напоўніць вашыя сэрцы спакоем. З любоўю благаслаўляю вас. А вы, калі ласка, маліцеся за мяне.

Рым, у базыліцы св. Яна на Латэране, 31 мая 2023 года, у свята Адведзінаў Найсвяцейшай Панны Марыі

Францішак

Пераклад здзейснены Секцыяй па перакладзе літургічных тэкстаў і афіцыйных дакументаў Касцёла пры ККББ.

Абноўлена 07.07.2023 15:28
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця