Пошук

27.04.2023 12:22   Паводле: КАІ / Catholic.by
Ілюстрацыйная выява: churchmilitant.com

Большы ўдзел свецкіх вернікаў, у тым ліку права голасу для жанчын, прадугледжвае апублікаваны 26 красавіка ў Ватыкане дакумент, які датычыцца Звычайнай Генеральнай Асамблеі Сіноду Біскупаў.

Як паведаміла Каталіцкае інфармацыйнае агенцтва КАІ, адно з новаўвядзенняў заключаецца ў тым, што замест дзесяці духоўных асоб, якія належаць да інстытутаў кансэкраванага жыцця, цяпер прадугледжваецца па пяцёра законніц і законнікаў, выбраных адпаведнымі арганізацыямі, што прадстаўляюць вышэйшых настаяцеляў.

«Як члены яны маюць права голасу», — сказана ў дакуменце.

Акрамя таго, ўжо больш не будзе аўдытараў, затое дадаюцца яшчэ 70 членаў, якія не з’яўляюцца біскупамі, а прадстаўляюць іншых вернікаў Божага народа (святароў, кансэкраваных жанчын, дыяканаў, свецкіх вернікаў) і паходзяць з мясцовых Касцёлаў. Іх выбірае Папа са спісу 140-а рэкамендаваных асоб (а не выбраных) сямю Міжнароднымі асамблеямі Канферэнцый Біскупаў і Патрыяршай асамблеяй Усходніх Каталіцкіх Касцёлаў (па 20 для кожнай з гэтых касцёльных структур).

У дакуменце фармулюецца пастулат, што палову з іх павінны складаць жанчыны, а таксама што павінна быць належным чынам улічана прысутнасць маладых людзей.

Пры іх падборы неабходна браць пад увагу не толькі іх агульны культурны ўзровень і разважлівасць, але таксама і веды: як тэарэтычныя, так і практычныя, а таксама ўдзел у розным характары ў сінадальным працэсе. Дакумент замацоўвае за імі як за членамі права голасу.

Варта нагадаць, што акрамя вышэйназваных 70-і членаў, якія не з’яўляюцца біскупамі, таксама сярод членаў Асамблеі, якіх прызначае Папа, могуць быць асобы, што не з’яўляюцца біскупамі.

Яшчэ адным новаўвядзеннем з’яўляецца тое, што ў Генеральнай Асамблеі возьмуць удзел прадстаўнікі дыкастэрый, вызначаныя Святым Айцом, а не так, як было дагэтуль, калі ўдзельнічалі ўсе кіраўнікі дыкастэрый Рымскай Курыі.

Абноўлена 27.04.2023 12:28
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа