Пошук

29.12.2022 07:40   Vatican News
Фота: Vatican Media

Падчас агульнай аўдыенцыі, якая прайшла ў Ватыкане 28 снежня, Папа Францішак анансаваў свой новы Апостальскі ліст Totum amoris est, прысвечаны 400-годдзю з дня смерці святога Францішка Сальскага, біскупа і доктара Касцёла, апекуна каталіцкай прэсы.

Як паведаміла Беларуская рэдакцыя парталу Vatican News, цытуючы словы святога з аднаго з яго лістоў да святой Жанны Франсуазы дэ Шанталь, Папа адзначыў убоства Сына Божага, які збаўляе нас, стаўшы чалавекам, пазбавіўшы сябе славы і прынізіўшы сябе. Гэтую таямніцу мы бачым у Дзіцяці, якое ляжыць у яслях. Пантыфік заўважыў, што гэты знак дэманструе «стыль» Бога, «якім з’яўляецца блізкасць, спачуванне і пяшчота».

«Праз гэты свой стыль Бог прыцягвае нас да сябе. Ён не бярэ нас сілай, не навязвае нам сваю праўду і справядлівасць. Ён хоча прыцягнуць нас да сябе з любоўю, з пяшчотай», — падкрэсліў Святы Айцец. Ён дадаў, што гаворка ідзе пра любоў не пасіянарную і эгаістычную, але пра чысты дар, чыстую ласку.

Папа звярнуў увагу на тое, што ў яслях мы бачым убоства, якое разумеецца як адрачэнне ад усякай свецкай марнасці. Ён перасцярог ад звядзення Божага Нараджэння да сентыментальнага спажывецкага свята.

«Безумоўна, Божае Нараджэнне — гэта радасць і свята, але ў прастаце і строгасці», — сцвердзіў пастыр паўсюднага Касцёла.

Папа працытаваў святога Францішка Сальскага, які рэкамендаваў сёстрам з Ордэна Адведзінаў Найсвяцейшай Панны Марыі нічога не жадаць і нічым не пагарджаць, прымаючы ўсё, што спасылае Бог. «Але будзьма асцярожныя! Заўсёды і выключна з любові, таму што Бог нас любіць і заўсёды жадае для нас толькі дабра», — дадаў на заканчэнне Папа Францішак.

Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа