Пошук

25.01.2021 11:59   Тэкст: Вераніка Раманенкава / Фота: брат Алег Шэнда OFMCap / Catholic.by

Меншыя браты капуцыны з мінскай парафіі святога Францішка (Копішча – Новая Баравая) адзначылі Божае Нараджэннем другім фестывалем мастацтваў «Раство з капуцынамі», які праходзіў з 24 снежня 2020 года па 17 студзеня 2021 года.

Сёлетнія выступленні ладзіліся ў абмежаваным фармаце з прычыны пандэміі, але кожны ахвотны меў магчымасць віртуальна прысутнічаць на канцэртах пры дапамозе сучасных сродкаў камунікацыі.

Распачаўся фестываль у калядную ноч 24 снежня чароўнай тэатральнай пастаноўкай «Дзяўчынка з запалкамі» паводле казкі Ганса Хрысціяна Андэрсана, адаптаванай да цяперашняга часу Таццянай Мазун. Выконвалі казку дзеці парафіі святога Францішка.

Шчырасць, захапленне, любоў да Бога і людзей, якую здолелі перадаць юныя артысты, кранулі сэрцы гледачоў.

10 студзеня адбыўся канцэрт харавой музыкі ў выкананні Вольнага хору пад кіраўніцтвам Галіны Казіміроўскай. Прагучалі калядныя песні і іншыя годныя спевы, якія яднаюць, ствараюць асаблівы настрой, выказваюць пажаданні лепшай долі, шчасця і дабрабыту.

Завяршыліся святочныя выступленні 17 студзеня парафіяльным канцэртам «Скарбніца талентаў», які прадэманстраваў багацце прафесіяналізму, творчасці, крэатыўнасці парафіянаў і гасцей. У выкананні хору Transitus (мастацкі кіраўнік Вераніка Раманенкава), музыкаў і спевакоў-салістаў парафіі святога Францішка прагучалі творы, прысвечаныя святу Божага Нараджэння і любай Бацькаўшчыне.

Знакавым нумарам канцэрту стала прэм’ера калядна-навагодняй песні-пажадання «Будзь народ народам», створанай тандэмам двух таленавітых людзей: паэта і празаіка Уладзіміра Някляева і кампазітара-аматара Яўгенія Дзеравянкі. На канцэрце прысутнічаў кампазітар і распавёў гісторыю напісання твора.

Рэлігійнае мастацтва развівае духоўнасць, узбагачае веру і запрашае праз слых і сузіранне лепш зназумець і адчуць Божую прысутнасць на зямлі.

 

Абноўлена 25.01.2021 17:20
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця