Пошук

15.01.2020 17:01   Тэкст: Вераніка Раманенкава / Фота: Аляксандр Алісейка, брат Алег Шэнда OFMCap / Catholic.by

12 студзеня завяршыўся Першы фестываль мастацтваў «Раство з Капуцынамі», які праводзіўся ў Мінску па ініцыятыве братоў капуцынаў са сталічнай парафіі святога Францішка.

У межах фестывалю адбыліся тры канцэрты, кожны з якіх быў па-свойму асаблівым.

    

Першымі праславілі нараджэнне Хрыста ўдзельнікі хору Transitus з мінскай парафіі святога Францішка. Гэты касцёльны калектыў, заснаваны ў верасні мінулага года, складаецца з трох груп: жаночага хору, дзіцячага хору і інструментальнага ансамблю. У рэпертуар хору, мастацкім кіраўніком якога з’яўляецца Вераніка Раманенкава, уваходзяць творы беларускай музыкі: як старажытнай, так і сучаснай.

Канцэртны выступ парафіяльнага хору праходзіў пад назваю «Пад зоркай Бэтлеемскай».

Канцэртнае выступленне хору Transitus завяршылася кранальным выкананнем песні «Люлі, мой Езусе». Пад гэты прыгожы калядны спеў-калыханку мамы з немаўляткамі на руках пяшчотна люлялі сваіх дзетак, а маленькія харысты калыхалі фігуру Дзіцяткі Езуса.

Назва другога фестывальнага канцэрту гучала як пажаданне: «Вясёлых калядных святаў». Спевакі Алесь Чумакоў і Таццяна Ячная пад гуслі выканалі еўрапейскія калядкі ў перакладзе на беларускую мову. Такі рэдкі музычны інструмент, як гуслі, надае калядным песням непаўторны каларыт.

Алесь Чумакоў грае на адзінаццаціструнных крылападобных гуслях. Такія гуслі — адзін з найбольш распаўсюджаных тыпаў традыцыйных гусляў, вядомы са старажытнасці на тэрыторыі Беларусі.

У ХVI стагоддзі падобныя гуслі ўзгадваў у прадмове да «Псалтыра» першадрукар Францішак Скарына.

Назва трэцяга канцэрту абвяшчала добрую навіну: «Хрыстус нарадзіўся».

Святочную музычную праграму прадставілі Ірына Бацян, Міхаіл Ваўчкоў, Ірына Горская і ўзорны аматарскі калектыў народнай музыкі «Бараўлянская крынічка» пад кіраўніцтвам Аліны Горскай. Удзельнікамі ансамбля з’яўляюцца вучні розных аддзяленняў Бараўлянскай дзіцячай школы мастацтваў ва ўзросце ад 6 да 16 гадоў. Рэпертуар калектыву складаюць апрацоўкі беларускіх народных песень, а таксама інструментальная музыка.

Магутнае і глыбокае гучання баяна на канцэрце неверагодным чынам нагадвала гукі сапраўднага аргана, а цымбалы ў чарговы раз «даказалі» слухачам, што гэта ўніверсальны інструмент і што на ім аднолькава цудоўна можна зайграць і класічныя творы еўрапейскай музыкі, і народныя песні.

Фестываль «Раство з капуцынамі» стаў заўважнай падзеяй у касцёльным жыцці і заззяў новаю зоркаю на музычным небасхіле беларускай сталіцы, якая абвяшчае нашым суайчыннікам добрую навіну аб Нараджэнні Збаўцы.

Абноўлена 15.01.2020 18:07
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа