У Ватыкане прайшла сустрэча каардынатараў кантынентальнай фазы Сіноду Біскупаў па сінадальнасці, якая распачнецца пасля нацыянальных кансультацый.
Як паведаміла 30 лістапада Беларуская рэдакцыя парталу Vatican News, яе ўдзельнікі адзначылі, між іншым, што сінадальны працэс вучыць даваць неадкладныя адказы на актуальныя выклікі, якія ўзнікаюць у Касцёле, і больш уважліва прыслухоўвацца да sensum fidei — адчування веры — свецкіх вернікаў, што вельмі патрэбна ў цяперашні момант.
Прафесар Крыстына Хэнг, якая належыць да сінадальнай метадалагічнай камісіі, падкрэсліла, што католікі павінны вучыцца гаварыць пра Касцёл і заўважаць працэсы, якія ў ім адбываюцца, каб як мага больш верна служыць Хрысту і весці да Яго людзей. Філіпінка лічыць, што ў сінадальных кансультацыях такога маштабу бачная паўсюднасць Касцёла.
«Ёсць пытанні і выклікі, якія ў многіх частках свету не згадваюцца ці не заўважаюцца, таму гэта можа стаць святлом для ўсіх удзельнікаў сінадальных дэбатаў», — адзначыла яна.
У сваю чаргу прафесар Сьюзан Пэскоў, якая ўваходзіць у склад каардынацыйнага камітэта кантынентальнай сустрэчы, падкрэсліла, што цяперашні Сінод з’яўляецца адначасова дарам і адказнасцю для ўсяго Касцёла.
«Кожны прыносіць голас свайго асяроддзя і свой досвед веры, які з’яўляецца неверагодным багаццем і сапраўднай закваскай для абвяшчэння Евангелля», — заўважыла каардынатар.
Сінадальны працэс, абвешчаны Папам Францішкам, распачаўся ў 2021 годзе. Цяпер у яго межах завяршаюцца нацыянальныя кансультацыі. Са студзеня 2023 года распачнуцца пасяджэнні сямі кантынентальных асамблей, якія выпрацуюць падрыхтоўчы дакумент да кастрычніцкай пленарнай сустрэчы.
Першапачаткова менавіта ёй павінен быў завяршыцца Сінод па сінадальнасці, але Папа вырашыў, што ў кастрычніку 2024 года ў Ватыкане адбудзецца другая пленарная сесія.