16 кастрычніка Папа Францішак абвясціў, што ХVI Звычайная Асамблея Сіноду Біскупаў аб сінадальнасці пройдзе ў дзве сесіі: у кастрычніку 2023 і ў кастрычніку 2024 года.
Як паведаміла Беларуская рэдакцыя парталу Vatican News, звяртаючыся да вернікаў, якія сабраліся на малітву Анёл Панскі на плошчы Святога Пятра ў Ватыкане, Святы Айцец нагадаў, што 10 кастрычніка 2021 года адкрыўся першы этап ХVI Звычайнай Генеральнай Асамблеі Сінода Біскупаў на тэму: «На карысць сінадальнага Касцёла: камунія, удзел і місія».
«З таго часу ў мясцовых Касцёлах праходзіць першая фаза Сіноду, якой спадарожнічае слуханне і распазнаванне. Плёны распачатага сінадальнага працэсу — шматлікія, але для таго, каб яны дасягнулі поўнага неабходнага выспявання, не трэба спяшацца.
Таму, каб мець больш часу на распазнаванне, я пастанавіў, што гэтая сінадальная Асамблея пройдзе ў дзве сесіі: першая — з 4 па 29 кастрычніка 2023 года, другая — у кастрычніку 2024 года. Спадзяюся, што гэтае рашэнне зможа паспрыяць разуменню сінадальнасці як канстытуцыйнага вымярэння Касцёла, каб дапамагчы ўсім жыць ёй на шляху братоў і сясцёр, якія сведчаць аб радасці Евангелля», — сказаў Папа Францішак.