12 верасня было абнародавана Пасланне, якое Святы Айцец Папа Францішак скіраваў на 37-ы Сусветны дзень моладзі, што сёлета будзе адзначацца на дыяцэзіяльным узроўні 20 лістапада, ва ўрачыстасць Хрыста Валадара Сусвету.
Кароткі агляд папскага паслання моладзі прапануе Беларуская рэдакцыя парталу Vatican News.
У цяперашнія «вельмі цяжкія часы, калі чалавецтва, перажыўшы траўму пандэміі, раздзіраецца на часткі трагедыяй вайны», Панна Марыя адкрывае для ўсіх — асабліва для маладых людзей — «шлях блізкасці і сустрэчы», напісаў Папа. Ён выказаў пажаданне, каб досвед Сусветных дзён моладзі, якія пройдуць у жніўні 2023 года ў Лісабоне, стаў новым пачаткам для новых пакаленняў і ўсяго чалавецтва.
У пасланні на тэму «Сабраўшыся, Марыя ў тыя дні паспяшыла» (Лк 1,29) Папа Францішак заўважыў, што пасля Звеставання Найсвяцейшая Панна не засяроджвалася на сябе, на сваіх клопатах і страху, але цалкам даверылася Богу і неадкладна паспяшыла да сваёй сваячкі Альжбеты, якая мела патрэбу ў дапамозе.
«Марыя ўстала і вырушыла ў дарогу, бо была ўпэўнена, што Божыя планы — гэта найлепшы праект Яе жыцця. Марыя становіцца Божай святыняй, вобразам Касцёла, які пілігрымуе; Касцёла, які выходзіць вонкі і аддае ўсяго сябе служэнню; Касцёла, які нясе Добрую навіну», — дадаў Пантыфік.
Ён падкрэсліў, што Марыя, якая спяшаецца з дапамогай, з’яўляецца прыкладам для ўсіх хрысціянаў, асабліва для моладзі, якая рызыкуе застацца нерухомай, займаючыся самалюбаваннем ці трапіўшы ў «пасткі» сацыяльных сетак. Марыя цалкам скіравана «да таго, што знаходзіцца звонку»; Яна з’яўляецца «жанчынай Пасхі», знаходзіцца ў стане «пастаяннага зыходу», выйсця насустрач Богу і бліжнім, асабліва найбольш патрабуючым, як гэта было ў выпадку Яе сваячкі Альжбеты. Багародзіца не заставалася абыякавай, больш думала пра іншых, чым пра сябе, а гэта прынесла ў Яе жыццё дынаміку і энтузіязм, — дадаў Папа.
«Калі ўзнікае канкрэтная і тэрміновая патрэба, неабходна дзейнічаць хутка», — напісаў Святы Айцец, нагадваючы пра вялікую колькасць старых, хворых, зняволеных, бежанцаў, якія патрабуюць дапамогі.
«Марыя — гэта прыклад дзяўчыны, якія не губляла часу на тое, каб прыцягнуць да сябе ўвагу ці дабіцца прызнання іншых, як гэта адбываецца, калі мы становімся залежнымі ад „лайкаў“ у сацыяльных сетках, а ідзе шукаць сапраўдныя сувязі, што ўзнікаюць з сустрэч, дзялення, любові і служэння», — дадаў пастыр паўсюднага Касцёла.
Святы Айцец падкрэсліў, што Багародзіца працягвае адведваць кожны куток на зямлі, беручы на сябе клопаты свайго народа і яго цяжкасці, а шматлікія Яе дзеці няспынна наведваюць санктуарыі, касцёлы і капліцы, прысвечаныя Ёй. «Пілігрымкі, святы, набажэнствы, прыняцце ў дамах абразоў, якія перэгрынуюць, і многае іншае — гэта канкрэтныя прыклады жывой сувязі паміж Маці Пана і Яе народам, якія адведваюць адзін аднаго», — заўважыў Папа.
Ён нагадаў, што існуе таксама і «няправільная паспешнасць», напрыклад, тая, якая прымушае падыходзіць да жыцця павярхоўна і ставіцца да ўсяго легкадумна, без зацікаўленасці і ўдзелу ў тым, што робім, калі ніколі па-сапраўднаму не слухаем іншых і не знаходзім часу для іх. «Цяжка, каб усе гэтыя рэчы, пражытыя ў спешцы, прынеслі плён», — дадаў Папа.
«Дарагая моладзь, прыйшоў час скіравацца да канкрэтных сустрэч, да сапраўднага прыняцця таго, хто адрозніваецца ад нас, як гэта было ў выпадку з маладой Марыяй і пажылой Альжбетай. Толькі так мы зможам пераадолець адлегласць, якая раздзяляе пакаленні, сацыяльныя класы, этнічныя культуры і групы, рознага роду катэгорыі, а таксама войны.
Надзеяй на новае адзінства для рассеянага і падзеленага чалавецтва заўсёды з’яўляецца моладзь, але толькі калі ў яе ёсць памяць, толькі калі яна ўважлівая да трагедый і мараў пажылых. Невыпадкова вайна вярнулася ў Еўропу ў той час, калі адыходзіць пакаленне, што перажыло яе ў мінулым стагоддзі. Неабходны саюз моладзі і пажылых людзей, каб не забыцца ўрокі гісторыі, пераадолець палярызацыю і экстрэмізм сучаснасці», — сцвердзіў Пантыфік.
Святы Айцец падкрэсліў, што Божы адказ на выклікі чалавецтва ва ўсе часы — гэта Езус, якога Марыя несла ў сябе, ідучы на сустрэчу з Альжбетай. Езус, Яго бясконцая любоў да кожнага з нас, Яго збаўленне і новае жыццё, падараванае кожнаму — гэта самае вялікае пасланне Касцёла. «Марыя з’яўляецца для нас прыкладам таго, як прыняць у нашым жыцці гэты вялікі дар і як абвяшчаць яго іншым, стаць тымі, хто нясе Хрыста, Яго спагадлівую любоў і шчодрае служэнне чалавецтву, якое пакутуе», — дадаў ён.
Напрыканцы паслання Папа запрасіў маладых людзей з усяго свету прыняць удзел у сустрэчы, якая пройдзе ў Партугаліі ў жніўні 2023 года.
«Пасля доўгага перыяду разлукі і ізаляцыі — з Божай дапамогай — мы адкрыем у Лісабоне радасць братэрскіх абдымкаў і міру, абдымкаў новага місійнага братэрства! Няхай Святы Дух запаліць у вашых сэрцах жаданне ўстаць і радасна пайсці разам у сінадальным стылі, не прымаючы фальшывыя межы. Прыйшоў час устаць! Устанем хутка! І як Марыя, будзем несці ў сабе Езуса, каб абавяшчаць Яго ўсім», — заклікаў Папа Францішак.