Пошук

20.07.2022 11:03   Секцыя па перакладзе літургічных тэкстаў і афіцыйных дакументаў Касцёла пры ККББ
Фота: Marco Calvarese / SIR

Публікуем матэрыялы на Другі сусветны дзень бабуль, дзядуль і пажылых людзей, які будзе адзначацца ў нядзелю 24 ліпеня, падрыхтаваныя Секцыяй па перакладзе літургічных тэкстаў і афіцыйных дакументаў Касцёла пры Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі.

Пасланне Святога Айца Францішка на Другі Сусветны дзень бабуль, дзядуль і пажылых людзей

24 ліпеня 2022 г.

«Нават у старасці яны будуць пладавітыя» (Пс 92 (91), 15)

Дарагія сябры,

«Нават у старасці яны будуць пладавітыя» (Пс 92 (91), 15). Гэтыя словы псальміста — радасная вестка, сапраўднае «евангелле», якое мы можам абвяшчаць усім у Другі Сусветны дзень бабуль, дзядуль і пажылых людзей. Гэтыя словы супярэчаць меркаванню свету наконт гэтага этапу жыцця, а таксама і змрочнай пакорлівасці некаторых з нас, пажылых людзей, якія жывуць без надзеі і ўжо нічога не чакаюць ад будучыні.

Многія людзі баяцца старасці. Яны лічаць яе разнавіднасцю хваробы, з якой лепш не кантактаваць. Яны лічаць, што пажылыя людзі — не іх клопат, што трэба змясціць старых асобна, ці то ў хаце, ці то ў месцах, дзе пра іх будуць клапаціцца, абы толькі камусьці з нас не давялося вырашаць іх праблемы. Такое мысленне «культуры адкідання» дае адчуванне, што мы нейкім чынам адрозніваемся ад бедных і ўразлівых, што нас абмінулі іх немачы, і мы можам крочыць асобна ад «іх» і ад праблем, з якімі «яны» сутыкаюцца.

Святое Пісанне бачыць рэчы па-іншаму. Доўгае жыццё, як вучыць Біблія, з’яўляецца благаслаўленнем, а пажылыя людзі не ізгоі, якіх трэба цурацца, але жывыя знакі дабрыні Бога, які дае жыццё ў дастатку.

Благаслаўлёны дом, дзе жыве пажылы чалавек! Благаслаўлёная сям’я, якая шануе сваіх старых!

Сапраўды, старасць — перыяд жыцця, які нялёгка зразумець нават тым, хто яе ўжо перажывае. Хоць яна непазбежна прыходзіць з цягам часу, ніхто не рыхтуе чалавека да старасці, і часам здаецца, што яна наступае знянацку. Больш развітыя грамадствы выдаткоўваюць вялікія сумы на гэты этап жыцця, але не дапамагаюць людзям зразумець і дацаніць яго, прапануючы пажылым людзям планы дапамогі, але не праекты паўнавартаснага жыцця. З такім падыходам цяжка зазірнуць у будучыню і вызначыць, у якім кірунку рухацца. З аднаго боку, мы адчуваем спакусу засцерагчыся ад старасці, хаваючы свае маршчыны і ўдаючы вечна маладых, а з іншага боку, нам здаецца, што засталося нам толькі панурае расчараванне з-за таго, што мы ўжо не можам «быць пладавітымі».

Калі мы выходзім на пенсію, а дзеці становяцца незалежнымі, многія рэчы, якія раней займалі наш час і энергію, становяцца ўжо не такімі надзённымі. Калі мы бачым, як нашыя сілы слабнуць, або ўсведамляем пачатак хваробы, нашая ўпэўненасць можа захістацца. Імклівы тэмп свету, за якім мы з цяжкасцю паспяваем, здаецца, не пакідае нам альтэрнатывы, акрамя як безумоўна прыняць ідэю, што мы непатрэбныя. У сугучнасці са шчырай малітвай псальміста мы можа сказаць: «Не адкідай мяне ў старасці, не пакідай мяне, калі мае сілы аслабнуць» (Пс 71 (70), 9).

Аднак той самы псальм, які разважае над прысутнасцю Пана ў кожным этапе нашага жыцця, заклікае нас трываць у надзеі: разам са старасцю і сівізной Бог працягне даваць нам дар жыцця і не дапусціць, каб нас захлынула зло. Калі мы даверымся Яму, то знойдзем у сабе сілы ўзрастаць у праслаўленні (пар. 14–20) і ўбачым, што старэнне — гэта не толькі натуральны ўпадак сіл цела або непазбежная хада часу, але дар доўгага жыцця. Старэнне — не прысуд, а благаслаўленне!

Па гэтай прычыне мы павінны клапаціцца пра сябе і заставацца актыўнымі ў сваім сталым веку, у тым ліку і з духоўнага гледзішча: мы павінны развіваць сваё духоўнае жыццё праз стараннае чытанне Божага слова, штодзённую малітву, прыняцце сакрамэнтаў і ўдзел у літургіі. Поруч з развіццём адносінаў з Богам, мы павінны таксама развіваць адносіны з іншымі людзьмі: у першую чаргу праяўляючы шчыры клопат пра нашыя сем’і, дзяцей і ўнукаў, але таксама пра бедных і тых, хто церпіць, ідучы да іх з канкрэтнай дапамогай і малітоўнай падтрымкай. Падобныя рэчы дапамогуць нам не адчуваць сябе проста гледачамі, якія сядзяць ля сваіх пад’ездаў ці назіраюць з вокнаў за жыццём. Замест гэтага мы павінны навучыцца паўсюль распазнаваць прысутнасць Пана. Як зялёныя аліўкі ў доме Божым (пар. Пс 52 (51), 10), мы можам стаць благаслаўленнем для тых, хто жыве побач з намі.

Старасць — не той час, каб сысці на абочыну і спусціць ветразі, але той перыяд, калі мы зноў можам прыносіць плён: новая місія чакае нас і кліча глядзець у будучыню.

«Асаблівая чуласць, якую мы, пажылыя, маем да клопатаў, думак і пачуццяў, што робяць нас людзьмі, павінна зноў стаць пакліканнем многіх. І гэта будзе знакам нашай любові да маладых пакаленняў». Гэта наш уласны ўнёсак у рэвалюцыю пяшчоты, духоўную і негвалтоўную рэвалюцыю, у якой я заклікаю вас, дарагія бабулі, дзядулі і пажылыя людзі, прыняць актыўны ўдзел.

Наш свет перажывае час выпрабаванняў, пачынаючы з раптоўнай і жорсткай буры пандэміі, а затым вайны, якая шкодзіць супакою і развіццю ў глабальным маштабе. Невыпадкова вайна вяртаецца ў Еўропу ў той час, калі адыходзіць пакаленне, якое перажыло яе ў мінулым стагоддзі. А гэтыя вялікія крызісы могуць знячуліць нас да рэальнасці іншых «эпідэмій» і шырока распаўсюджаных форм гвалту, якія пагражаюць чалавечай сям’і і нашаму агульнаму дому.

Усё гэта кажа аб неабходнасці глыбокай перамены — аб навяртанні, якое абяззбройвае сэрцы і дазваляе бачыць у іншых сваіх братоў і сясцёр.

Мы, бабулі і дзядулі, а таксама пажылыя людзі, маем вялікі абавязак: навучыць жанчын і мужчын нашага часу ставіцца да іншых з такім жа разуменнем і любоўю, з якімі мы глядзім на сваіх уласных унукаў.

Мы самі ўдасканаліліся ў чалавечнасці, клапоцячыся пра іншых, а цяпер можам быць настаўнікамі ладу жыцця, прасякнутага спакоем і напоўненага ўвагай да найбольш патрабуючых. Такую пазіцыю можна памылкова прыняць за слабасць ці пасіўнасць, аднак лагодныя, а не агрэсары і крыўдзіцелі атрымаюць у спадчыну зямлю (пар. Мц 5, 5).

Адным з пладоў, які мы пакліканыя прынесці, з’яўляецца абарона свету. «Бабулі і дзядулі насілі нас на руках і трымалі на каленях»; цяпер надыйшоў наш час гадаваць на каленях — з канкрэтнай дапамогай або толькі з малітвай — не толькі нашых уласных унукаў, але і многіх напалоханых унукаў, якіх мы яшчэ не сустрэлі і якія, магчыма, уцякаюць ад вайны або церпяць ад яе наступстваў. Як святы Юзаф, чулы і клапатлівы айцец, будзем трымаць у нашых сэрцах маленькіх дзетак Украіны, Афганістана, Паўднёвага Судана…

Многія з нас з мудрасцю і пакораю ўсведамляюць вельмі істотную патрэбу свету: мы не можам збавіцца самі, а шчасце — гэта хлеб, які мы спажываем разам. Будзем жа сведчыць аб гэтым перад тымі, хто памылкова думае, што можа знайсці асабістае спаўненне і поспех у канфрантацыі.

Кожны, нават самы немачны з нас, можа так рабіць. Сам факт таго, што мы — часта тыя, якія прыязджаюць з іншых краін, — дазваляем клапаціцца пра сябе, сведчыць пра тое, што жыць разам у свеце не толькі магчыма, але і неабходна.

Дарагія бабулі і дзядулі, дарагія пажылыя людзі, мы пакліканы быць майстрамі рэвалюцыі пяшчоты ў нашым свеце! Будзем жа імі, навучымся ўсё часцей і лепш выкарыстоўваць найкаштоўнейшы інструмент, які ёсць у нашым распараджэнні і які, сапраўды, найбольш падыходзіць для нашага ўзросту: малітву. «Станьма таксама крышачку паэтамі малітвы: з асалодай будзем шукаць уласныя словы, яшчэ раз звернемся да тых, якім вучыць нас Божае слова». Нашая даверлівая малітва можа зрабіць шмат: яна можа суправаджаць крык болю тых, хто церпіць, і можа дапамагчы перамяніць сэрцы. Мы можам быць «трывалым „хорам“ вялікага духоўнага санктуарыя, дзе малітвы і спевы хвалы падтрымліваюць супольнасць, якая працуе і змагаецца на полі жыцця».

Сусветны дзень бабуль і дзядуль з’яўляецца магчымасцю яшчэ раз з радасцю абвясціць, што Касцёл жадае святкаваць разам з усімі, каго Пан, кажучы словамі Бібліі, «насыціў днямі».

Давайце святкаваць гэта разам! Запрашаю вас абвесціць пра гэты Дзень у вашых парафіях і супольнасцях, шукаць самотных пажылых людзей у іх дамах або ў іншых месцах, дзе яны жывуць. Пастараемся зрабіць так, каб у гэты дзень ніхто не адчуваў сябе самотным. Чаканне, што нас хтосьці адведае, можа цалкам змяніць дні, калі нам здаецца, што няма чаго чакаць; з першага знаёмства можа паўстаць новае сяброўства. Наведванне самотных пажылых людзей — справа міласэрнасці ў наш час!

Папросім Божую Маці, Маці Пяшчотнай Любові, зрабіць усіх нас майстрамі рэвалюцыі пяшчоты, каб разам вызваліць свет ад ценю самоты і дэмана вайны.

Усім вам і вашым блізкім я шлю сваё благаслаўленне і запэўніваю ў сваёй блізкасці і любові. І прашу, калі ласка, не забывайце маліцца за мяне!

Дадзена ў Рыме, у святога Яна на Латэране, 3 мая 2022 г., у свята апосталаў Філіпа і Якуба

ФРАНЦІШАК

Малітва на Другі Сусветны дзень бабуль, дзядуль і пажылых людей

Дзякую Табе, Пане,
за благаслаўленне доўгага жыцця,
бо тым, хто спадзяецца на Цябе,
Ты дазваляеш заўсёды прыносіць плён.

Прабач, о Пане,
за роспач і расчараванне,
і не пакідай мяне,
калі слабнуць сілы.

Навучы мяне глядзець з надзеяй
у будучыню, якую Ты даеш мне,
на місію, якую даручаеш мне,
і бясконца спяваць Табе хвалу.

Зрабі мяне далікатнай парыладаю
Тваіх пераменаў,
каб з любоўю песціць унукаў
і ўсіх малых, якія шукаюць ў Цябе прытулку.

Май у апецы, о Пане, Папу Францішка
і дапамажы Твайму Касцёлу
вызваліць свет ад адзіноты.
Накіруй нашыя крокі на шлях міру.

Амэн.

Абноўлена 20.07.2022 11:06
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа