Пошук

29.04.2022 14:27   Паводле: Vatican News
Ілюстрацыйнае фота: ACI Stampa

27 красавіка ў Ватыкане завяршылася 41-я сесія Рады кардыналаў, першая пасля публікацыі Апостальскай канстытуцыі Predicate Evangelium. На ёй прысутнічаў Папа Францішак.

Як паведаміла Беларуская рэдакцыя парталу Vatican News, у сустрэчы бралі ўдзел кардыналы Джузэпэ Бэртэла, Оскар Радрыгес Марадзьяга, Рэйнхард Маркс, Шон Патрык О’Мэлі, Освальд Грасіас, Фрыдалін Амбонга Бесунгу, а таксама сакратар Рады арцыбіскуп Марко Мэліна. Кардынал Дзяржсакратар П’етро Паралін адсутнічаў з прычыны афіцыйнага візіту ў Мексіку.

25 красавіка, пасля малітвы, якую правёў Папа Францішак, папскіх кансультантаў прывітаў кардынал Марадзьяга, каардынатар Рады.

Размовы пачаліся з вайны ва Украіне і звязанай з ёю сацыяльна-палітычнай, касцёльнай і экуменічнай сітуацыі.

Святы Айцец паведаміў аб разнастайных мірных ініцыятывах, якія прадпрымалі ён сам, Дзяржаўны сакратар і Дзяржаўны сакратарыят. Кардыналы падзяліліся сваім поглядам на сітуацыю і падтрымалі Папу ў яго намаганнях па вырашэнні канфлікту.

На наступным этапе сустрэчы іерархі прадставілі сацыяльна-палітычную і касцёльную сітуацыю на сваіх кантынентах, закрануўшы такія тэмы, як мір, здароўе, беднасць, нестабільная палітычная сітуацыя і душпастырскія праблемы мясцовых Касцёлаў.

На ранішняй сесіі 26 красавіка Рада абмеркавала пытанне змены клімату і перспектыў сустрэчы COP27, якая пройдзе ў Егіпце ў лістападзе 2022 года. Акцэнт быў пастаўлены на сітуацыі ў бедных краінах Азіі, Лацінскай Амерыкі, Афрыкі і Акіяніі. На пасляабедзенай сесіі працягнуліся разважанні на тэму ролі жанчын у Касцёле, распачатыя ў лютым.

Пасяджэнне 27 красавіка было прысвечана дыпламатычнай службе Святога Пасаду, ролі і дзейнасці Апостальскіх нунцыяў.

Даклад на гэтую тэму зрабіў кардынал Грасіас. Пасля гэтага адбыліся дэбаты сярод удзельнікаў.

Апошнім пытаннем стала ажыццяўленне пастулатаў новай Апостальскай канстытуцыі аб Рымскай курыі Predicate Evangelium. Быў прапанаваны магчымы механізм дзеянняў, якія павінны суправаджаць рэалізацыю новага заканадаўства. Ён прадугледжвае ацэнку зробленых крокаў і аналіз выклікаў, якія павінны быць узятыя пад увагу.

Сустрэча Рады кардыналаў па дапамозе Святому Айцу ў кіраванні Касцёлам завяршылася пасхальнай Марыйнай малітвай Regina Cæli. Іерархі дамовіліся ў наступны раз сустрэцца ў чэрвені.

Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа