Ва ўрачыстасць Уваскрасення Пана значную частку свайго «мірнага паслання» перад традыцыйным велікодным благаслаўленнем Urbi et Orbi Папа Францішак прысвяціў Украіне.
Сярод закранутых ім тэмаў таксама сітуацыя на Блізкім Усходзе, у Афрыцы і Лацінскай Амерыцы.
Як паведаміла Беларуская рэдакцыя парталу Vatican News, сёлетнія святы Пантыфік назваў «ваеннай Пасхай».
«Мы бачылі шмат праліцця крыві, шмат гвалту. Нашыя сэрцы таксама былі напоўнены страхам і пакутамі ў той час, як многім нашым братам і сёстрам давялося хавацца ў сваіх дамах, каб абараніцца ад бомбаў.
Нам цяжка паверыць, што Езус сапраўды ўваскрос, што Ён сапраўды перамог смерць, але гэта не ілюзія — сёння як ніколі гучыць велікоднае прывітанне: Хрыстус уваскрос!
Сёння, напрыканцы Вялікага посту, які, здаецца, не скончыцца, Ён патрэбны нам, як ніколі», — заўважыў Святы Айцец. Пасля двух гадоў пандэміі, калі, здаецца, настаў час выйсці з тунэлю нягод, аказалася, «што ў нас усё яшчэ жывы дух Каіна, які глядзіць на Абэля не як на брата, а як на суперніка, і думае пра тое, як ад яго пазбавіцца».
«Сёння нам як ніколі патрэбны Той, хто стаіць сярод нас і зноў кажа нам: „Спакой вам!“», — падкрэсліў Папа.
«Толькі Ён можа гэта зрабіць. Толькі Ён мае права сёння абвяшчаць нам мір. Толькі Езус, бо Ён нясе на сабе раны — нашыя раны. Гэтыя раны ўдвая нашыя: нашыя, таму што яны былі нанесены Яму намі, праз нашыя грахі, праз нашую цвёрдасць сэрца, праз братазабойчую нянавісць; яны нашыя яшчэ таму, што Ён нясе іх дзеля нас, Ён не адмовіўся ад іх на сваім праслаўленым Целе, Ён вырашыў захаваць іх, насіць на сабе заўсёды. <…> Раны на целе Уваскрослага Езуса з’яўляюцца знакам барацьбы, якую Ён вёў і ў якой перамог за нас, выкарыстоўваючы зброю любові, каб мы мелі мір, спазналі мір, жылі ў міры», — сказаў пастыр Паўсюднага Касцёла.
«Няхай мір настане для шматпакутнай Украіны, якая так моцна пацярпела ад насілля і спусташэння ў выніку жорсткай, бессэнсоўнай вайны. Няхай хутка прыйдзе новы світанак надзеі ў гэтую страшную ноч пакут і смерці! Давайце выбіраць мір. Давайце перастанем гуляць мускуламі, калі пакутуюць людзі. Калі ласка, давайце не прывыкаць да вайны, давайце ўсе далучымся да закліку да міру з нашых балконаў і на нашых вуліцах! Няхай кіраўнікі дзяржаў прыслухаюцца да крыку людзей аб міры. Няхай паслухаюць гэтае трывожнае пытанне, зададзенае навукоўцамі амаль семдзесят гадоў таму: „Ці згодныя мы знішчыць чалавечы род, ці чалавецтва адмовіцца ад войнаў?“ (Маніфест Расэла-Эйнштэйна, 9 ліпеня 1955 года)», — нагадаў Папа.
Ён вызнаў, што «ў сваім сэрцы носіць усіх шматлікіх ахвяр з Украіны, мільёны бежанцаў і ўнутрана перамешчаных асоб, сем’і, якія раздзяліліся, пажылых людзей, якія засталіся ў адзіноце, знішчаныя жыцці і зраўнаваныя з зямлёй гарады». Перад вачыма Папы паўстаюць дзеці-сіроты, якія ўцякаюць ад вайны.
«Калі мы глядзім на іх, мы не можам не чуць іх крык болю і плач многіх іншых дзяцей, якія пакутуюць ва ўсім свеце, паміраючы ад голаду або адсутнасці лячэння; дзяцей, якія сталі ахвярамі жорсткага абыходжання і гвалту, і тыя, каму было адмоўлена ў праве нарадзіцца», — дадаў Святы Айцец.
Ён назваў «прыкметай суцяшэння» адчыненыя для ўцекачоў дзверы дамоў еўрапейцаў. “Няхай гэтыя шматлікія ўчынкі міласэрнасці стануць благаслаўленнем для нашага грамадства, часам пашкоджанага эгаізмам і індывідуалізмам, і паспрыяюць таму, каб яно стала гасцінным для ўсіх», — пажадаў Папа.
Ён спадзяецца, што канфлікт у Еўропе прымусіць звярнуць больш увагі на сітуацыю пакут і болю ў іншых рэгіёнах свету. Так, ён згадаў Блізкі Усход, які гадамі разрываюць падзелы і канфлікты, у тым ліку ізраільска-палестынскі, пажадаў міру для Лівана, Сірыі, Ірака і Лівіі. Папа заклікаў вернікаў маліцца за прымірэнне ў М’янме, «дзе рэалізуецца драматычны сцэнарый нянавісці і насілля», і ў Афганістане, «дзе насельніцтва пакутуе ад драматычнага гуманітарнага крызісу».
«Няхай запануе мір на ўсім афрыканскім кантыненце», — заклікаў Пантыфік, гаворачы пра рэгіён Сахель, Дэмакратычную Рэспубліку Конга і Паўднёвую Афрыку.
Ён згадаў і Лацінскую Амерыку, дзе насельніцтва ў выніку пандэміі перажывае пагаршэнне сацыяльных умоў, рост злачыннасці, гвалту, карупцыі і гандлю наркотыкамі, а таксама Канаду, дзе адбываецца складаны працэс прымірэння паміж Касцёлам і карэннымі народамі.
«Дарагія браты і сёстры, кожная вайна мае наступствы, якія закранаюць усё чалавецтва: ад жалобы, да драмы бежанцаў, да эканамічнага і харчовага крызісу, прыкметы якога мы ўжо назіраем. Перад абліччам трывалых знакаў вайны і шматлікіх балючых няўдач у жыцці, Хрыстус, Пераможца граху, страху і смерці, заклікае нас не паддавацца злу і насіллю.
Дазволім сабе быць пераможанымі Хрыстовым мірам! Мір магчымы, мір неабходны, мір — гэта галоўная адказнасць кожнага!» — завяршыў сваё «мірнае» велікоднае пасланне Папа Францішак.