Пошук

03.04.2024 08:43   Vatican News
Фота: Vatican Media

Пасля святочнай велікоднай Імшы, якая прайшла 31 сакавіка на плошчы святога Пятра ў Ватыкане, Папа Францішак звярнуўся да ўсяго свету з пасланнем Urbi et Orbi і ўдзяліў сваё апостальскае благаслаўленне.

Са зместам прамовы Святога Айца знаёміць Беларуская рэдакцыя парталу Vatican News.

«Дарагія браты і сёстры! Са святам Вялікадня! Сёння па ўсім свеце гучыць вестка, абвешчаная дзве тысячы гадоў таму ў Ерузалеме: Езус Назаранін, укрыжаваны, уваскрос! (пар. Мк 16, 6)», — распачаў свой велікодны зварот Святы Айцец.

Папа нагадаў, што ў гэты дзень Касцёл узгадвае здзіўленне жанчын, якія прыйшлі на досвітку да Яго магілы. «Грабніца была завалена вялікім каменем. І сёння вялікія, цяжкія камяні перагароджваюць шлях надзеям чалавецтва: валун вайны, валун гуманітарных крызісаў, валун парушэння правоў чалавека, валун гандлю людзьмі і іншыя камяні. Як і жанчыны-вучаніцы Езуса, мы пытаемся адно ў аднаго: „Хто адсуне нам камень ад уваходу ў магілу?“ (пар. Мк 16, 3), — сказаў Папа Францішак.

«І вось дзіўнае адкрыццё той Велікоднай раніцы: валун, велізарны камень, быў адсунуты. Здзіўленне жанчын — гэта і нашае здзіўленне: магіла Езуса адкрытая і пустая! З гэтага моманту ўсё пачынаецца зноў!

Праз гэтую пустую магілу вядзе новы шлях: шлях, які ніхто з нас, акрамя Бога, не здолеў бы адкрыць: шлях жыцця пасярод смерці, шлях міру пасярод вайны, шлях прымірэння пасярод нянавісці, шлях братэрства пасярод варожасці», — сцвердзіў Пантыфік.

«Браты і сёстры! Езус Хрыстус уваскрос! Толькі ён здольны адсунуць камяні, якія загароджваюць шлях да жыцця. Гэтым шляхам з’яўляецца Ён сам, шляхам, які вядзе да жыцця, міру, прымірэння і братэрства. Ён адкрывае той шлях, адкрыць які па-чалавечы немагчыма, таму што бярэ на сябе грэх свету і даруе нашыя грахі. Без Божага прабачэння гэты камень не можа адсунуцца. Без прабачэння грахоў немагчыма пераадолець бар’еры забабонаў, узаемных падазрэнняў, упэўненасці ў тым, што мы заўсёды маем рацыю, а іншыя не. Толькі ўваскрослы Хрыстус, даючы нам прабачэнне грахоў, адкрывае шлях да абноўленага свету», — сказаў Папа.

«Толькі Ён адчыняе нам дзверы жыцця; тыя дзверы, якія мы ўвесь час зачыняем войнамі, што лютуюць у свеце. Сёння мы перадусім скіроўваем нашыя позіркі да святога горада Ерузалема, які стаў сведкам таямніцы мукі, смерці і ўваскрасення Езуса, а таксама да ўсіх хрысціянскіх супольнасцяў Святой Зямлі», — зазначыў Папа Францішак.

Святы Айцец нагадаў аб ахвярах многіх канфліктаў, якія адбываюцца ў свеце, пачынаючы з Ізраіля, Палестыны, Украіны.

«Няхай Уваскрослы Хрыстус адкрые шлях да міру для змучанага насельніцтва гэтых рэгіёнаў. Заклікаючы да выканання прынцыпаў міжнароднага права, я выказваю надзею на агульны абмен усімі палоннымі паміж Расіяй і Украінай: усіх на ўсіх!» — дадаў Папа.

Папа Францішак зноў заклікаў забяспечыць доступ да гуманітарнай дапамогі ў Газе, вызваліць закладнікаў, выкрадзеных 7 кастрычніка мінулага года, і неадкладна спыніць агонь у Сектары Газа.

Святы Айцец заклікаў не дапусціць, каб ваенныя дзеянні і далей мелі сур’ёзныя наступствы для знясіленага грамадзянскага насельніцтва, асабліва дзяцей. «Колькі пакут мы бачым у вачах дзяцей! Яны забыліся, як усміхацца, тыя дзеці на землях, дзе ідзе вайна… Сваім позіркам яны пытаюцца: чаму? дзеля чаго ўсе гэтыя смерці? дзеля чаго ўсе гэтыя разбурэнні? Вайна — гэта заўсёды абсурд, вайна — заўсёды параза! Давайце не дазволім усё больш моцным вятрам вайны дзьмуць на Еўропу і Міжземнамор’е. Давайце не паддавацца логіцы ўзбраення і пераўзбраення. Міру немагчыма дасягнуць з дапамогай зброі, але з працягнутымі рукамі і адкрытым сэрцам», — нагадаў Папа.

Пантыфік заклікаў не забывацца пра Сірыю, якая на працягу трынаццаці гадоў пакутуе ад наступстваў доўгай і разбуральнай вайны. Такая колькасць смерцяў і знікненняў, шмат галечы і разбурэнняў патрабуюць рэакцыі з боку ўсіх, усёй міжнароднай супольнасці.

«Сёння мае думкі звяртаюцца да Лівана, які доўгі час знаходзіцца ў інстытуцыянальным тупіку і глыбокім эканамічным і сацыяльным крызісе, які ў цяперашні час пагаршаецца ваеннымі дзеяннямі на мяжы з Ізраілем. Няхай Уваскрослы Пан суцешыць дарагі ліванскі народ і падтрымае ўсю краіну ў яе пакліканні быць краінай сустрэч, суіснавання і плюралізму», — заклікаў Святы Айцец.

Папа Францішак нагадаў пра рэгіён Заходніх Балканаў, «дзе робяцца значныя крокі ў напрамку інтэграцыі ў еўрапейскі праект». «Няхай этнічныя, культурныя і канфесійныя адрозненні не з’яўляюцца прычынай падзелу, а становяцца крыніцай багацця для ўсёй Еўропы і для ўсяго свету», — пажадаў Папа.

Святы Айцец заклікаў да перамоваў паміж Арменіяй і Азербайджанам, каб «пры падтрымцы міжнароднай супольнасці яны маглі працягваць дыялог, дапамагаць перамешчаным асобам, паважаць месцы культу розных рэлігійных канфесій і як мага хутчэй прыйсці да канчатковага мірнага пагаднення».

«Няхай Уваскрослы Хрыстус адкрые шлях надзеі для ўсіх людзей, якія ў іншых частках свету пакутуюць ад насілля, канфліктаў, адсутнасці харчовай бяспекі і наступстваў змены клімату. Няхай Ён дасць суцяшэнне ахвярам тэрарызму ва ўсіх яго формах. Давайце памолімся за ўсіх тых, хто загінуў, і папросім аб пакаянні і навяртанні тых, хто здзейсніў гэтыя злачынствы», — заахвоціў Папа.

«Няхай Уваскрослы Пан дапамагае народу Гаіці, каб у гэтай краіне як мага хутчэй спыніліся акты насілля, разбурэння і кровапраліцця і каб яна магла рушыць наперад шляхам дэмакратыі і братэрства», — пажадаў Папа Францішак.

«Няхай Хрыстус дасць суцяшэнне народу рахінджа, які пакутуе ад сур’ёзнага гуманітарнага крызісу, і адкрые шлях да прымірэння ў М’янме, якую вось ужо шмат гадоў раздзіраюць унутраныя канфлікты, каб можна было канчаткова адмовіцца ад логікі насілля», — заклікаў Пантыфік.

«Няхай Ён адкрые шляхі да міру на афрыканскім кантыненце, асабліва для народаў Судана і ўсяго рэгіёна Сахель, Афрыканскага Рога, рэгіёна Ківу ў Дэмакратычнай Рэспубліцы Конга, правінцыі Кабу-Дэльгаду ў Мазамбіку, няхай пакладзе канец працяглай засусе, якая закранае шырокія тэрыторыі і выклікае голад», — пажадаў Папа.

«Няхай Уваскрослы асветліць сваім святлом мігрантаў і ўсіх тых, хто перажывае перыяд эканамічных цяжкасцяў, дасць ім суцяшэнне і надзею ў цяжкую хвіліну. Няхай Хрыстус накіруе ўсіх людзей добрай волі да аб’яднання ў духу салідарнасці, каб разам вырашаць шматлікія праблемы, якія стаяць перад найбяднейшымі сем’ямі ў іх пошуках лепшага жыцця і шчасця», — заклікаў Святы Айцец.

Папа заахвоціў усіх людзей узгадаць пра бясконцую любоў Бога да кожнага з нас: любоў, якая пераадольвае ўсе абмежаванні і ўсе слабасці. Гэтым каштоўным дарам жыцця часта пагарджаюць. «Колькі дзяцей не могуць нават нарадзіцца на свет? Колькі з іх паміраюць ад голаду, пазбаўленыя медыцынскай дапамогі або становяцца ахвярамі злоўжыванняў? Колькі людскіх жыццяў становяцца таварам у гандлі людзьмі?» — спытаў Папа Францішак.

«У дзень, калі Хрыстус вызваліў нас ад няволі смерці, я звяртаюся да ўсіх, хто нясе палітычную адказнасць, з заклікам прыкласці ўсе намаганні ў барацьбе з такім злом, як гандаль людзьмі, нястомна працаваць, каб ліквідаваць сеткі эксплуатацыі і вызваліць тых, хто стаў іх ахвярамі. Няхай Пан суцешыць іх сем’і, асабліва тых, хто з нецярплівасцю чакае вестак пра сваіх блізкіх, і дасць ім суцяшэнне і надзею», — сказаў Пантыфік.

«Няхай святло Уваскрасення асветліць нашыя розумы і наверне нашыя сэрцы, дазваляючы ўсвядоміць каштоўнасць кожнага чалавечага жыцця, якое трэба вітаць, абараняць і любіць. Шчаслівага Вялікадня ўсім!» — пажадаў Папа Францішак.

Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.