Пошук

26.12.2023 10:47   Vatican News
Фота: Tiziana FABI / AFP

25 снежня, ва ўрачыстасць Нараджэння Пана, перад традыцыйным святочным благаслаўленнем Urbi et Orbi — «Гораду і свету» — Папа Францішак з балкона ватыканскай базылікі святога Пятра звярнуўся з прамовай, у якой засяродзіўся на актуальных праблемах сучаснасці.

Са зместам папскай прамовы знаёміць Беларуская рэдакцыя парталу Vatican News.

«Дарагія браты і сёстры, з Нараджэннем Пана! Позіркі і сэрцы хрысціянаў усяго свету звернутыя да Бэтлеема. У гэтыя дні там пануюць смутак і маўчанне, аднак менавіта там упершыню прагучала доўгачаканая навіна: „Нарадзіўся вам сёння ў горадзе Давіда Збаўца, якім ёсць Хрыстус Пан“ (Лк 2, 11). Гэтыя словы, прамоўленыя анёлам у нябёсах над Бэтлеемам, звернутыя і да нас.

Надзея і давер напаўняюць нас, калі мы ўсведамляем, што Пан нарадзіўся дзеля нас, што спрадвечнае Слова Айца, бясконцага Бога, жыве сярод нас. „Слова сталася целам і пасялілася між намі“ (Ян 1, 14). Вось добрая навіна, якая змяніла ход гісторыі!» — сказаў Папа Францішак на пачатку свайго каляднага звароту.

Святы Айцец падкрэсліў, што «Бэтлеемская навіна — гэта сапраўды добрая навіна „вялікай радасці“ (пар. Лк 2, 10). Не мімалётнае шчасце гэтага свету, не радасць забаваў, а радасць „вялікая“, таму што робіць нас вялікімі. Сёння ўсе мы, з усімі нашымі недахопамі, прымаем надзейнае абяцанне небывалага дару: надзею нарадзіцца для нябёсаў. Так, Езус, наш брат, прыйшоў, каб зрабіць свайго Айца нашым: маленькае Дзіцятка адкрывае нам ласкавую любоў Бога і значна больш: Ён, адзінародны Сын Айца, дае нам „уладу стаць Божымі дзецьмі“ (Ян 1, 12). Вось радасць, якая суцяшае сэрца, аднаўляе надзею і дорыць мір. Гэта радасць Святога Духа: радасць быць умілаванымі дзецьмі Божымі», — падкрэсліў Пантыфік.

Ён зазначыў, што «сёння ў Бэтлееме, у цемры, якая пакрывае зямлю, запаліўся нязгасны агонь. Сёння цемра свету пераможана святлом Божым, якое „асвятляе кожнага чалавека“ (Ян 1, 9). Давайце ж радавацца гэтаму дару ласкі! Радуйся той, хто страціў упэўненасць, бо ты не самотны: Хрыстус нарадзіўся дзеля цябе! Радуйся той, хто страціў усякую надзею, бо Бог працягвае табе руку. Ён не паказвае на цябе пальцам, але прапануе сваю дзіцячую руку, каб вызваліць цябе ад страхаў і цяжару і паказаць, што ў яго вачах ты каштоўней за ўсё на свеце. Радуйся той, хто не знаходзіць спакою ў сэрцы, бо дзеля цябе споўнілася старажытнае прароцтва Ісаі: „Дзіця нарадзілася нам, Сын дадзены нам“, „Князь міру“ (пар. Іс 9, 5)».

Папа заўважыў, што ў Святым Пісанні Князю міру супрацьстаіць «князь гэтага свету» (Ян 12, 31), які сее насенне смерці.

«Мы бачым гэта ў Бэтлееме, дзе пасля нараджэння Збаўцы адбываецца забойства немаўлят. Колькі забойстваў немаўлят у нашым свеце! Ва ўлонні маці, у падарожжах роспачы і надзеі, у жыцці многіх дзяцей, чыё дзяцінства разбурана вайной. Яны — маленькія Езусы сённяшняга дня», — з болем адзначыў пастыр паўсюднага Касцёла.

Паводле яго, «сказаць „так“ Князю міру — значыць сказаць „не“ вайне: любой вайне, самой логіцы вайны, падарожжу без мэты, паразе без пераможцаў, вар’яцтву, якому няма апраўдання. Сказаць „не“ вайне значыць сказаць „не“ зброі. Чалавечае сэрца слабое і імпульсіўнае; калі ў руках чалавека з’яўляюцца прылады смерці, рана ці позна ён імі скарыстаецца. Пра які мір можна казаць, калі вытворчасць і продаж зброі растуць?» — задаў рытарычнае пытанне Папа Францішак, заклікаўшы людзей даведацца, колькі дзяржаўных сродкаў ідзе на ўзбраенне. «Пра гэта трэба казаць і пісаць, каб выявіць інтарэсы і выгоды, якія прыводзяць у рух марыянеткавыя ніткі вайны», — лічыць Святы Айцец.

Ён дадаў, што прарок Ісая, які прадказваў Князя міру, прадчуваў дзень, калі «не ўздыме народ на народ мяча, і не будуць больш вучыцца ваяваць», а «перакуюць мячы свае на плугі, і дзіды свае на сярпы» (гл. Іс 2,4). «З Божай дапамогай давайце зробім так, каб гэты дзень наблізіўся!» — заклікаў Святы Айцец.

«Няхай гэта адбудзецца ў Ізраілі і Палестыне, дзе вайна разбурае жыцці гэтых народаў. Я абдымаю іх усіх, асабліва хрысціянскія супольнасці Газы і ўсёй Святой Зямлі. Маё сэрца баліць пры думцы аб ахвярах жудаснага нападу 7 кастрычніка, і я зноў звяртаюся з настойлівым заклікам вызваліць тых, хто ўсё яшчэ знаходзіцца ў закладніках. Я прашу спыніць ваенныя аперацыі з іх жахлівай колькасцю ахвяр сярод грамадзянскага насельніцтва і заклікаю да вырашэння адчайнай гуманітарнай сітуацыі шляхам дастаўкі гуманітарнай дапамогі. Няхай будзе пакладзены канец распальванню гвалту і нянавісці. І няхай палестынскае пытанне будзе вырашана шляхам шчырага і настойлівага дыялогу паміж бакамі, з дапамогай моцнай палітычнай волі і падтрымкі міжнароднай супольнасці», — выказаў пажадане Пантыфік.

«Мае думкі звернутыя таксама да народа разбуранай Сірыі і шматпакутнага Емена. Я таксама думаю пра дарагі ліванскі народ і малюся аб хуткім дасягненні палітычнай і сацыяльнай стабільнасці», — сказаў Папа.

«Сузіраючы Дзіцятка Езуса, я малю аб міры для Украіны. Давайце адновім нашу духоўную і чалавечую блізкасць да яе змучанага народа, каб праз падтрымку кожнага з нас ён мог адчуць канкрэтнасць Божай любові», — заклікаў пастыр паўсюднага Касцёла.

«Няхай наблізіцца дзень канчатковага міру паміж Арменіяй і Азербайджанам. Няхай гэта адбудзецца шляхам рэалізацыі гуманітарных ініцыятыў, вяртання бежанцаў у свае дамы ва ўмовах законнасці і бяспекі, а таксама ўзаемнай павагі да рэлігійных традыцый і месцаў культу кожнай супольнасці», — сказаў Папа Францішак.

Ён заклікаў «не забывацца пра напружанасць і канфлікты, якія турбуюць рэгіён Сахель, Афрыканскі Рог і Судан, а таксама Камерун, Дэмакратычную Рэспубліку Конга і Паўднёвы Судан». Ён таксама пажадаў, каб «наблізіўся дзень аднаўлення братніх повязяў на Карэйскім паўвостраве, адкрыўшы шляхі дыялогу і прымірэння, здольныя стварыць умовы для трывалага міру».

«Няхай Сын Божы, які стаў сціплым Дзіцяткам, натхніць палітычныя ўлады і ўсіх людзей добрай волі амерыканскага кантынента на пошук прымальных шляхоў вырашэння сацыяльных і палітычных канфліктаў, на барацьбу з формамі беднасці, якія абражаюць годнасць чалавека, на скарачэнне няроўнасці і вырашэнне трывожнага феномена міграцыі», — заклікаў Пантыфік.

Папа заахвоціў вернікаў «быць голасам тых, у каго няма голасу: нявінных дзяцей, якія памерлі з-за адсутнасці хлеба і вады; тых, хто не можа знайсці працу або страціў яе; тых, хто вымушаны бегчы са сваёй Радзімы ў пошуках лепшай будучыні, рызыкуючы жыццём у знясільваючых падарожжах і становячыся ахвярай нядобрасумленных гандляроў людзьмі».

«Браты і сёстры, набліжаецца час ласкі і надзеі — Юбілей, які пачнецца праз год. Няхай гэты перыяд падрыхтоўкі да Святога года стане магчымасцю для навяртання сэрцаў, для адмовы ад вайны і прыходу міру, для радаснага адказу на выказаны ў прароцтве Ісаі заклік Пана „абвяшчаць добрую навіну ўбогім, перавязваць раны змучаных сэрцаў, прапаведаваць вызваленне палонным і вязням — свабоду“ (Іс 61,1). Гэтыя словы спраўдзіліся ў Езусе (гл. Лк 4,18), які нарадзіўся сёння ў Бэтлееме.

Давайце прывітаем Яго! Адкрыем нашыя сэрцы Яму, Збаўцу, Князю міру!» — такім заклікам завяршыў свой святочны зварот Папа Францішак.

Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця