Пошук

28.12.2023 10:33   Прэс-служба Гродзенскай дыяцэзіі / Фота: Grodnensis.by

У ноч Нараджэння Пана святую Імшу пастэрку ў катэдральнай базыліцы святога Францішка Ксавэрыя ў Гродне цэлебраваў біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч.

Як паведаміла Прэс-служба Гродзенскай дыяцэзіі, разам з іерархам Эўхарыстыю канцэлебравалі пробашч парафіі ксёндз канонік Ян Кучынскі i яго супрацоўнікі.

На літургіі прысутнічалі прадстаўнікі Праваслаўнай Царквы і Евангелічна-Лютэранскай Царквы.

У катэдры, маці касцёлаў Гродзенскай дыяцэзіі, сабраліся шматлікія парафіяне i жыхары горада.

Як адзначыў біскуп Аляксандр Кашкевіч у гаміліі, ноч Нараджэння Пана «не настройвае на сон, а абуджае, заклікае, ажыўляе, мабілізуе».

Іерарх падкрэсліў, што таямніца Божага Нараджэння — «аб’яўленне праўды пра Бога ласкавага і міласэрнага».

«Праўдзівы Бог становіцца праўдзівым Чалавекам — адным з нас, каб вывесці нас з цемры зла і граху да святла Божай ласкі і сапраўднай свабоды. Ён прыходзіць, каб раз і назаўсёды змяніць лёс гэтага свету, замяніць блытаніну і дысгармонію, якія ў ім пануюць з-за слабага, грэшнага чалавека, праўдзівай боскай прыгажосцю, мірам і парадкам»,

— навучаў біскуп.

Пастыр Касцёла на Гродзеншчыне адзначыў, што «чалавечыя сэрцы сумуюць па любові і толькі па ёй». 

«Пан Бог хоча гэты сум заспакоіць, таму выбраў менавіта такі спосаб увайсці ў наша жыццё: ціхі, далікатны і стрыманы. Ён стаў Эмануэлем — Богам з намі — і пасяліўся сярод нас. Так звычайна, так проста, так прыгожа», — дадаў іерарх.

Біскуп заахвоціў усіх прысутных затрымацца пасля заканчэння святой Імшы на хвіліну перад яслямі Збаўцы.

«Падзякуем Яму за тое, што прыйшоў у свет, каб адарыць нас сваёй бясконцай любоўю. A таксама папросім Дзіцятку Езуса, каб цуд Яго Нараджэння здзейсніўся ў кожнай сям’і і кожным чалавечым сэрцы»,

— заклікаў іерарх.

Напрыканцы Літургіі біскуп сардэчна павіншаваў вернікаў. Ён пажадаў ім вясёлых і спакойных святаў; пажадаў, каб нованароджаны Божы Сын падтрымліваў і ўмацоўваў іх у вырашэнні жыццёвых задач і выкананні абавязкаў, атачаў сваёй апекай і супакоем у новым годзе.

 

Абноўлена 28.12.2023 10:35
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця