У святую ноч Божага Нараджэння, з 24 на 25 снежня, разам з вернікамі парафіі Нараджэння Маці Божай у Гомелі маліўся дапаможны біскуп Пінскай дыяцэзіі Андрэй Зноска.
Гэта быў першы візіт іерарха ў Гомель, які з’яўляецца самым усходнім пунктам на карце Пінскай дыяцэзіі.
Пачатак каталіцкай традыцыі ў Гомелі сягае ў XVII стагоддзе. Гістарычны касцёл у гэтым абласным цэнтры і найбольшым пасля сталіцы горадзе Беларусі быў знішчаны яшчэ перад пачаткам Другой сусветнай вайны. З тых часоў вернікі маліліся ў прыватных дамах. Напрыканцы 1980-х гадоў парафія адрадзілася і неўзабавае пачалося будаўніцтва каталіцкай святыні, якое было завершана ў Юбілейны, 2000 год хрысціянства. За гэты час павялічылася колькасць вернікаў і склалася парафіяльная супольнасць са сваімі традыцыямі.
На парозе новага Святога года, які толькі пачынаецца ў Каталіцкім Касцёле, гомельская парафіяльная сям’я пад кіраўніцтвам біскупа Зноскі сустрэла пачатак святаў Божага Нараджэння, сабраўшыся каля алтара сваёй святыні.
Радасць святаў дапоўніла тое, што рашэннем біскупа Пінскага Антонія Дзям’янкі гомельскі касцёл Нараджэння Маці Божай быў абвешчаны адной з юбілейных святынь Пінскай дыяцэзіі. Аб тым, каб годна выканаць такое ганаровае і высакароднае заданне, святары і вернікі парафіі прасілі Бога ў малітве.
Святочнае набажэнства пачалося абвяшчэннем Божага Нараджэння і ўрачыстым уваходам біскупа, святароў і міністрантаў у касцёл. Пасля прыбыцця літургічнай службы да сімвалічных бэтлеемскіх ясляў біскуп Зноска змясціў у іх фігурку Дзіцятка Езуса, і ўрачыстая цэлебрацыя Літургіі працягнулася пры галоўным алтары.
Нягледзячы на ўзнёслы настрой вернікаў, выкліканы не толькі святам Божага Нараджэння, але і прысутнасцю пастыра, іерарх адразу нагадаў, што галоўнай асобай заўсёды з’яўляецца Езус Хрыстус, і заклікаў перажыць святы як адна вялікая сям’я.
У прамоўленай гаміліі дапаможны біскуп самай вялікай па плошчы беларускай дыяцэзіі звярнуў увагу на глыбокі сімвалізм начной Літургіі і рэчаіснасці, у якой мы жывем.
Іерарх заўважыў, што чалавек пастаянна сутыкаецца з неабходнасцю распазнаваць сімвалічнае значэнне знакаў. Адным з такіх знакаў, напрыклад, з’яўляецца цемра, якая ў пэўным сэнсе з’яўляецца пагрозай і пабуджае людзей трымацца разам, каб не баяцца. Знакам таксама служыць святло. Святло вулічнай рэкламы і вітрын крам, па словах біскупа, прываблівае, але яно не вечнае.
«Вечным жа святлом для чалавека можа быць толькі Езус Хрыстус. Менавіта наш Збаўца — гэта тое святло, якое ніколі не гасне і здольнае па-сапраўднаму асвятліць наш жыцццёвы шлях», — падкрэсліў біскуп Зноска, пажадаўшы кожнаму імкнуцца да Хрыстовага святла і сведчыць аб тым, што «Бог сапраўды ёсць».
Урачыстае святкаванне ў Гомелі не скончылася на святой Імшы Пастэрцы, а працягнулася канцэртам калядных спеваў у выкананні мясцовага парафіяльнага хору і святочным феерверкам.