Пошук

07.04.2022 09:58   Паводле: Vatican News
Фота: CNS photo / Paul Haring

Падчас агульнай аўдыенцыі, якая 5 красавіка прайшла ў Ватыкане, Святы Айцец распавёў пра Апостальскае падарожжа на Мальту, якое здзейсніў 2–3 красавіка.

Як паведамляе Беларуская рэдакцыя парталу Vatican News, Пантыфік адзначыў, што мальтыйцы захавалі «надзвычайную ласкавасць», з якой прымалі апостала Паўла і яго паплечнікаў, што пацярпелі караблекрушэнне ля берагоў іх вострава. Яна «ўказвае шлях, якім трэба ісці не толькі для вырашэння міграцыйнай праблемы», але таксама для таго, каб будаваць свет больш братэрскі і больш прыдатны для жыцця; каб уратавацца ад глабальнага „караблекрушэння“, што пагражае ўсім нам, якія знаходзімся ў адным чаўне».

«У гэтай перспектыве Мальта з’яўляецца ключавым месцам», — дадаў Пантыфік.

Папа Францішак звярнуў увагу на тое, што Мальта знаходзіцца ў сярэдзіне Міжземнага мора, месцы сустрэчы розных народаў і культур. «Сёння часта кажуць пра „геапалітыку“, але, на жаль, логіка, што пануе, з’яўляецца стратэгіяй самых магутных дзяржаў, якія адстойваюць уласныя інтарэсы шляхам пашырэння зон эканамічнага, ідэалагічнага і ваеннага ўплыву. Мальта ў такім сэнсе прадстаўляе сабой права і сілу „малых“ народаў, але багатых гісторыяй і цывілізацыяй, якія павінны прытрымлівацца іншай логікі: логікі павагі і свабоды, суіснавання адметнасцяў, супрацьлеглай логіцы каланізацыі найбольш магутнымі», — сказаў Папа.

Пантыфік заўважыў, што пасля Другой сусветнай вайны былі здзейснены спробы закласці асновы новай гісторыі свету, але, на жаль, атрымала працяг старая логіка суперніцтва вялікіх дзяржаў «і падчас цяперашняй вайны ва Украіне мы назіраецца бяссілле Арганізацыі Аб’яднаных Нацый».

Святы Айцец адзначыў, што Мальта з’яўляецца ключавым месцам таксама з пункту гледжання міграцыйнага феномена. Ён распавёў, што падчас свайго падарожжа сустракаўся са шматлікімі мігрантамі, якія апынуліся на востраве пасля жудасных падарожжаў.

«Мы не павінны стамляцца слухаць іх сведчанні, бо толькі так можам вырвацца са скажонага бачання, якое часта распаўсюджваецца СМІ; толькі так можам убачыць іх абліччы, гісторыі, раны і надзеі. Кожны мігрант — выключны; кожны з’яўляецца асобай, якая мае сваю годнасць, карані і культуру.

Кожны з іх — носьбіт багацця, бясконца большага за праблемы, якія могуць быць звязаныя з яго прыняццем», — сцвердзіў пастыр паўсюднага Касцёла.

Ён заўважыў, што прыняцце мігрантаў павінна быць эфектыўна арганізавана на міжнародным узроўні, бо «міграцыйны феномен не можа быць зведзены да ўзроўню надзвычайнай сітуацыі: ён з’яўляецца знакам нашага часу», які трэба належна разумець і інтэрпрэтаваць. «Ад нас залежыць, ці стане ён знакам канфлікту ці знакам міру», — сказаў Папа, падкрэсліўшы, што ў такім сэнсе Мальта з’яўляецца «лабараторыяй міру» і яна «зможа рэалізаваць сваю місію, калі будзе чэрпаць са сваіх каранёў жыццядайныя сокі братэрства, спагады і салідарнасці». «Мальтыйскі народ атрымаў гэтыя каштоўнасці разам з Евангеллем, і дзякуючы Евангеллю можа захоўваць іх жывымі», — дадаў Пантыфік.

Папа падкрэсліў, што прыбыў на Мальту, каб падтрымаць яе народ у веры і адзінстве, бо гэты востраў з’яўляецца ключавым месцам таксама з пункту гледжання евангелізацыі. Ён нагадаў, што Мальта падаравала свету мноства місіянераў, «быццам прабыванне на востраве святога Паўла прыўнесла місію ў ДНК мальтыйцаў».

«Таму мой візіт стаў у першую чаргу чынам падзякі Богу і яго святому вернаму народу на Мальце і Гоца», — дадаў Пантыфік.

Святы Айцец звярнуў увагу на «вятры секулярызацыі і глабалізаванай псеўдакультуры на аснове спажывальніцтва, неакапіталізму і рэлятывізму», якія дзьмуць на Мальце. Таму, на яго думку, таксама і тут настаў час для новай евангелізацыі.

Папа нагадаў пра свой візіт у грот святога Паўла, дзе маліўся, каб Евангелле магло выліцца на Мальту з першапачатковай свежасцю і ажывіць яе вялікую спадчыну народнай пабожнасці, сімвалам якой з’яўляецца марыйны санктуарый Та’Піну на востраве Гоца», дзе ён прыняў удзел у малітоўнай сустрэчы.

«Тут я адчуў біццё сэрца мальтыйскага народа, які моцна давярае сваёй Святой Маці. Марыя заўсёды вяртае нас да самага важнага, да Хрыста, укрыжаванага і ўваскрослага для нас, да Яго міласэрнай любові. Няхай Марыя дапаможа нам нанава распаліць полымя веры, дзелячыся агнём Святога Духа, які з пакалення ў пакаленне натхняе радаснае абвяшчэнне Евангелля, бо евангелізацыя — гэта радасць Касцёла!» — сцвердзіў Пантыфік.

Папа Францішак падзякаваў дзяржаўным і касцёльным уладам Мальты за гасціннасць і малітву, выказаўшы пажаданне, каб падарожжа прынесла мальтыйскаму народу багаты плён дабра.

Абноўлена 07.04.2022 15:05
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа