Пошук

29.11.2023 10:27   Паводле: Vatican News
Фота: ccee.eu

З 27 па 30 лістапада на Мальце праходзіць пленарнае пасяджэнне Рады канферэнцый біскупаў Еўропы (РКБЕ), у якім бярэ ўдзел Старшыня Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі біскуп Віцебскі Алег Буткевіч.

Адкрыў пасяджэнне Старшыня РКБЕ арцыбіскуп Віленскі Гінтарас Грушас. Як паведаміла Беларуская рэдакцыя парталу Vatican News, ва ўступнай прамове іерарх адзначыў, што першая сесія Сіноду Біскупаў не мела на мэце змяніць дэпазіт веры ці падпарадкавацца грамадскай думцы.

Старшыня адзначыў, што сёння свет, як ніколі, мае патрэбу ў міры.

«Разам з Францішкам мы рашуча гаворым наша „не“ вайне, якая з’яўляецца паразай чалавецтва», — сказаў арцыбіскуп Віленскі, запэўніўшы ў малітве «за цуд міру» і за тых, хто пакутуе ад канфліктаў, асабліва ва Украіне, за армянскі народ і жыхароў Святой Зямлі.

Іерарх асудзіў як тэрарыстычныя атакі ХАМАС, так і «ваенную эскалацыю» Ізраіля ў сектары Газа, таму што «насілле ніколі не можа быць спосабам абароны ніякай справы». Ад імя еўрапейскіх біскупаў ён паўтарыў заклік да «канчатковага спынення агню, вызвалення закладнікаў і адкрыцця гуманітарных калідораў у Газе».

Арцыбіскуп Грушас канстатаваў, што ў сувязі з вайной ва Украіне, якая працягваецца ўжо амаль два гады, прыток імігрантаў у краіны Еўропы патрабуе дадатковых намаганняў Касцёла, які займаецца не толькі гуманітарнай, але і душпастырскай дапамогай новапрыбылым. Прагучаў заклік да справядлівага мірнага пагаднення, якое паважае міжнароднае права і «з’яўляецца адной з вялікіх ахвяр гэтай сітуацыі».

Літоўскі іерарх рашуча асудзіў усе віды сексуальнага гвалту і папрасіў прабачэння ў іх ахвяр. Ён нагадаў, што пасля Германіі і Францыі нацыянальныя справаздачы аб выпадках злоўжыванняў у Касцёле таксама прадставілі Швейцарыя, Партугалія, Іспанія і Італія.

Арцыбіскуп Гінтарас Грушас адзначыў, што нядаўняе першае пасяджэнне Сіноду Біскупаў па сінадальнасці было ўважлівым поглядам на рэчаіснасць. Яго мэтай было не змяненне веравучэння або падпарадкаванне грамадскай думцы, а выслухоўванне народа Божага.

Папа Францішак паказаў шлях для Касцёла ў апостальскай адгартацыі Evangelii Gaudium, і гэта новая евангелізацыйная жыццяздольнасць, у цэнтры якой знаходзіцца Бог, аб’яўлены ў Езусе Хрысце, памерлым і ўваскрослым.

Першы дзень асамблеі завяршыўся святой Імшой у конкатэдры святога Яна пад кіраўніцтвам кардынала Марыё Грэка, генеральнага сакратара Сіноду Біскупаў.

Абноўлена 29.11.2023 10:46
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.