З 27 па 30 лістапада на Мальце праходзіць Пленарная асамблея Рады Канферэнцый Біскупаў Еўропы, у якой бярэ ўдзел Старшыня Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі біскуп Віцебскі Алег Буткевіч.
Тэма асамблеі — «Новыя крокі для сінадальнага Касцёла ў Еўропе».
Напачатку з уступным словам да ўдзельнікаў звярнуўся монсеньёр Марцін Міхалічэк, генеральны сакратар Рады Канферэнцый Біскупаў Еўропы (РКБЕ), які прывітаў усіх прысутных і прадставіў праграму працы асамблеі. Святар адзначыў, што праца будзе весціся па трох асноўных кірунках: абнаўленні працы Сіноду Біскупаў, адносіны паміж Сінодам Біскупаў і наднацыянальнымі структурамі і абнаўленне Экуменічнага статута — сумеснага дакумента аб супрацоўніцтве паміж хрысціянскімі канфесіямі Еўропы, падпісанага ў 2001 годзе.
Да прысутных з прывітальнымі словамі звярнуліся арцыбіскуп Мальты Чарльз Шыклуна і арцыбіскуп Савьё Хон Тай-Фай SDB, Апостальскі нунцый на Мальце.
Пазней у рэжыме анлайн да прысутных звярнуўся кардынал П’ербатыста Піццабала, Лацінскі Патрыярх Ерузалема, які паведаміў пра сітуацыю на Святой Зямлі.
Пасля яго з дакладам выступіў Старшыня РКБЕ арцыбіскуп Віленскі Гінтарас Грушас. Першы дзень працы завяршыўся цэлебрацыяй Эўхарыстыі ў конкатэдры святога Яна Хрысціцеля, якую ўзначаліў кардынал Марыё Грэк, Генеральны сакратар Сіноду Біскупаў.
28 лістапада кардынал Грэк выступіў перад сабранымі на Мальце дэлегатамі епіскапатаў Еўропы з дакладам аб Сінодзе Біскупаў, які пазней быў абмеркаваны ў працоўных групах.
У другой палове дня да Асамблеі звярнуўся прэфект Дыкастэрыі па справах біскупаў кардынал Робэрт Фрэнсіс Прэвост OSA. Кардынал Прэвост, нядаўна прызначаны кіраўніком Дыкастэрыі па справах біскупаў, упершыню ўзяў удзел у працы Пленарнай асамблеі Рады Канферэнцый Біскупаў Еўропы.
Наступным з дакладам выступіў кардынал Гжэгаж Рысь, арцыбіскуп Лодзі і член групы па абнаўленні Экуменічнага статута, які паведаміў пра важныя крокі ў гэтай справе.
Другі дзень працы завяршыўся цэлебрацыяй Эўхарыстыі, якую ў базыліцы Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі ўзначаліў кардынал Прэвост.
Раніцай 29 лістапада кардынал Жан-Клод Ольрыш, Генеральны рэлятар XVI Звычайнай Генеральнай Асамблеі Сіноду Біскупаў, выступіў з дакладам аб адносінах паміж наднацыянальнымі структурамі і сінадальнасцю для новага місійнага імпульсу Касцёла ў Еўропе.
У другой палове дня прысутныя на Пленарнай асамблеі РКБЕ здзейснілі невялікую пілігрымку па месцах святога апостала Паўла ў Рабат.
Апостал Павел апынуўся на Мальце, калі яго карабель пацярпеў крушэнне ля берагоў выспы, у затоцы, якая цяпер носіць імя святога. Здарылася гэта ў 60 годзе пасля нараджэння Хрыстова. Везлі апостала з Юдэі на суд у Рым. Суду ён падлягаў як прапаведнік хрысціянства, але, будучы па паходжанні рымскім грамадзянінам, не быў падуладны юдэям, і судзіць яго маглі толькі ў Рыме. На Мальце Павел прабыў тры месяцы. За гэты час ён паспеў шмат чаго зрабіць і, галоўнае, навярнуць мясцовых жыхароў у хрысціянства. Але на гасціннай выспе Павел не застаўся, хоць гэта выратавала б яму жыццё. Апостал усё ж адправіўся ў Рым, дзе быў асуджаны і прыняў мучаніцкую смерць.
Трэці дзень працы асамблеі завяршыўся Эўхарыстычнай цэлебрацыяй ў катэдры святога Паўла ў Мдзіне, якую ўзначаліў арцыбіскуп Мальты Чарльз Шыклуна.
Пленарная асамблея завершыцца 30 лістапада выступленнем біскупа Мар’яно Крачаты, старшыні Камісіі біскупскіх канферэнцый Еўрапейскага Саюза, і монсеньёра Марко Гранчы, назіральніка Апостальскай Сталіцы ў Радзе Еўропы.