Пошук

04.04.2022 08:33   Паводле: Vatican News / Catholic.by
Фота: AP Photo/Andrew Medichini

2–3 красавіка Папа Францішак здзейсніў Апостальскае падарожжа на Мальту. Дэвізам яго 36-а замежнага падарожжа сталі словы з Дзеяў Апосталаў: «Былі да нас надзвычай ласкавыя» (Дз 28, 2).

Святы Айцец прыбыў на Мальту раніцай у суботу. Як паведаміла Беларуская рэдакцыя парталу Vatican News, пасля кароткай цырымоніі прывітання, якая прайшла на лётным полі аэрапорта Валеты, Пантыфік скіраваўся ў Палац вялікага магістра, дзе прайшлі яго сустрэчы з прэзідэнтам і прэм’ер-міністрам, прадстаўнікамі ўлады і дыпламатычным корпусам. Падчас гэтай афіцыйнай сустрэчы Папа звярнуў увагу на ролю Мальты ў міжнароднай супольнасці, а таксама на неабходнасць міру ў свеце, які раздзіраюць войны.

«У ноч вайны, якая абрынулася на чалавецтва, давайце не дазволім знікнуць мары аб міры», — заклікаў ён, падкрэсліўшы неабходнасць «у спачуванні і клопаце, а не ў ідэалагічных канцэпцыях».

Пасля сустрэч Папа Францішак на марскім катамаране адплыў на востраў Гоца, дзе ўзначаліў малітоўную сустрэчу ў нацыянальным марыйным санктуарыі Та’Піну. Там Святы Айцец заклікаў каталіцкую супольнасць Мальты вярнуцца да сутнасці веры і развівацца ў мастацтве гасціннасці. Пантыфік пажадаў мальтыйскім католікам, каб іх вера грунтавалася і аднаўлялася праз асабістую сустрэчу з Хрыстом, штодзённае слуханне Яго слова, актыўны ўдзел у жыцці Касцёла, дух народнай пабожнасці.

«Трэба быць пільнымі, каб рэлігійныя практыкі не зводзіліся да паўтарэння рэпертуару мінулага, а выражалі жывую, адкрытую веру, якая выпраменьвае радасць Евангелля», — дадаў ён.

Візіт у марыйны санктуарый Та’Піну на востраве Гоца стаў апошнім пунктам праграмы першага дня мальтыйскага візіту Святога Айца. Пасля яго заканчэння ён вярнуўся ў Апостальскую нунцыятуру на Мальце, дзе правёў ноч.

У другі дзень Апостальскага візіту на Мальту, нядзельнай раніцай 3 красавіка, Папа сустрэўся ў прыватным парадку з манахамі Таварыства Езуса, а потым наведаў грот святога Паўла ў Рабаце. Паводле традыцыі, менавіта ў гэтым горадзе Апостал народаў высадзіўся пасля караблекрушэння ў 60 годзе, што стала вырашальнай падзеяй для евангелізацыі вострава. Грот апостала наведвалі святы Ян Павел ІІ у 1990 годзе і Бэнэдыкт XVI у 2010 годзе.

У пячоры Папа Францішак узнёс малітву, у якой падзякаваў Богу Міласэрнасці за план Яго Провіду, паводле якога апостал Павел прапаведваў тут Божае слова і вылечваў хваробы.

Святы Айцец згадаў пра гасціннасць мясцовых жыхароў, якія аказвалі дапамогу ахвярам караблекрушэння, не пытаючыся пра іх паходжанне і сацыяльны статус.

«Добры Ойча, дай нам ласку добрага сэрца, якое пульсуе любоўю да іншых. Дапамажы нам здалёк распазнаць патрэбы тых, хто змагаецца сярод марскіх хваль, кінуты на скалы невядомага берага. Зрабі, каб нашае спачуванне не вычэрпвалася пустымі словамі, але запальвала вогнішча гасціннасці, якое прымушае забыцца пра непагадзь, саграе сэрцы і аб’ядноўвае іх: агмень дома, пабудаванага на скале, адзінай сям’і Тваіх дзяцей, у якой усе — сёстры і браты», — маліўся Наступнік святога Пятра.

З Рабата Святы Айцец скіраваўся ў Фларыяну, дзе ўзначаліў цэлебрацыю нядзельнай святой Імшы. Перад малітвай Анёл Панскі, якая адбылася адразу пасля Імшы, Папа Францішак скарыстаўся магчымасцю, каб звярнуцца да мальтыйскай моладзі. «Дарагія сябры, я дзялюся з вамі самым прыгожым у жыцці. Вы ведаеце, што гэта такое?

Гэта радасць ахвяраваць сабой у любові, якая робіць нас свабоднымі. Але гэтая радасць мае імя: Езус.

Жадаю вам прыгажосці закаханасці ў Езуса, Бога міласэрнасці, які верыць у вас, марыць разам з вамі, любіць ваша жыццё і ніколі не падвядзе вас», — сказаў Папа. Ён дадаў, што на мальтыйскіх астравах «дыхаецца адчуваннем Божага народа».

Пантыфік прапанаваў памаліцца аб міры, «разважаючы пра гуманітарную трагедыю змучанай Украіны, якую дагэтуль бамбяць». Ён заклікаў не пераставаць «маліцца і дапамагаць тым, хто пакутуе».

Заключным пунктам Апостальскага падарожжа на Мальту стала сустрэча Святога Айца з мігрантамі ў цэнтры імя святога Яна ХХІІІ ў Гал Фар.

У сваёй прамове падчас гэтай сустрэчы Пантыфік перасцярог ад цывілізацыйнай катастрофы — абыякавасці.

Увечары Папа Францішак вярнуўся на самалёце ў Рым.

Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа