У аўторак 8 сакавіка Папскі элемазінарый кардынал Конрад Краеўскі прыбыў у Львоў.
Як паведаміў Каталіцкі медыя-цэнтр Канферэнцыі рыма-каталіцкіх біскупаў Украіны kmc.media, першы дзень свайго знаходжання пасланнік Святога Айца прысвяціў сустрэчам з бежанцамі і духавенствам.
Першая сустрэча кардынала Краеўскага з украінскімі бежанцамі адбылася яшчэ па яго дарозе ва Украіну, у Польшчы. Ва Украіне пасланнік Папы Францішка, які ў Святым Пасадзе адказвае за дабрачыннасць, наведаў кляштар сясцёр бэнэдыктынак у пасёлку Салонка непадалёк ад Львова. Там пад апекаю сясцёр знаходзіцца 120 асоб, пераважна жанчын і дзяцей, якія пацярпелі ад вайны.
У першы дзень знаходжання ва Украіне Папскі элемазінарый сустрэўся з выконваючым абавязкі Старшыні Канферэнцыі рыма-каталіцкіх біскупаў ва Украіне арцыбіскупам Львоўскім Мечыславам Макшыцкім і Першавярхоўным Арцыбіскупам Украінскай Грэка-Каталіцкай Царквы Святаславам Шаўчуком.
Кардынал Краеўскі распавёў, што хацеў бы наведаць ва Украіне цэнтры сацыяльнага служэння, а таксама сустрэцца з бежанцамі і ўсімі тымі, хто стаў ахвярамі вайны Расіі супраць Украіны.
Падчас сустрэчы кардынал Краеўскі, арцыбіскуп Макшыцкі і арцыбіскуп Шаўчук мелі магчымасць звязацца наўпрост з Папам Францішкам. Папскі пасланнік распавёў Святому Айцу пра першыя ўражанні ад візіту і пра тое, што ўбачыў на тэрыторыі Польшчы. Пантыфіку таксама паведамілі пра праграму візіту яго пасланніка ва Украіну, якая папярэдне была абмеркавана ўдзельнікамі сустрэчы.
Пры гэтым зазначаецца, што знаходжанне Папскага пасланніка ва Украіне не мае вызначанай даты завяршэння.
Святы Айцец даручыў кардыналу Краеўскаму быць ва Украіне столькі, колькі будзе патрэбна, каб ад імя Святога Пасаду спадарожнічаць украінскаму народу ў гэты драматычны момант яго гісторыі.
Варта нагадаць, што 6 сакавіка Папа Францішак абвясціў, што скіраваў ва Украіну двух кардыналаў як выраз салідарнасці з церпячым украінскім народам. Гэта Папскі элемазінарый кардынал Конрад Краеўскі і кіраўнік Дыкастэрыі па служэнні інтэгральнаму развіццю чалавека кардынал Майкл Чэрны.