Пошук

07.03.2022 13:06   Паводле: Vatican News

Падчас нядзельнай малітвы Анёл Панскі, якая 6 сакавіка прайшла ў Ватыкане, Папа Францішак скіраваў надзвычай моцны заклік у сувязі з драматычнай сітуацыяй ва Украіне.

Словы Святога Айца перадае Беларуская рэдакцыя парталу Vatican News.

«Дарагія браты і сёстры, ва Украіне цякуць рэкі крыві і слёз. Гэта не проста ваенная аперацыя, а вайна, якая сее смерць, разбурэнне і беднасць.

Ахвяр становіцца ўсё больш, як і людзей, якія ўцякаюць, асабліва маці і дзяцей. У гэтай шматпакутнай краіне кожную гадзіну драматычным чынам узрастае патрэба ў гуманітарнай дапамозе.

Скіроўваю мой настойлівы заклік, каб былі па-сапраўднаму забяспечаны гуманітарныя калідоры і быў гарантаваны і спрошчаны доступ да дапамогі на абложаных тэрыторыях, каб аказваць жыццёва неабходную дапамогу нашым братам і сёстрам, прыгнечаным бомбамі і страхам.

Дзякую ўсім, хто прымае бежанцаў.

Асаблівым чынам прашу, каб спыніўся ўзброены наступ і ўзялі верх перамовы і здаровы розум. А таксама, каб зноў паважалася міжнароднае права! Я хацеў бы падзякаваць таксама журналістам, якія рызыкуюць жыццём дзеля таго, каб забяспечваць інфармацыяй: дзякуй, браты і сёстры, за гэтае вашае служэнне — служэнне, якое дазваляе нам быць блізкімі да трагедыі гэтага народа і дазваляе ацаніць бесчалавечнасць вайны. Дзякую, браты і сёстры», - сказаў Папа Францішак, заклікаўшы прысутных разам маліцца да Багародзіцы, Валадаркі Украіны.

Пантыфік падкрэсліў, што Святы Пасад гатовы зрабіць усё магчымае, каб служыць міру, а таксама распавёў, што ў гэтыя дні ва Украіну скіраваліся два кардыналы, каб служыць і дапамагаць: кардынал Конрад Краеўскі, Апостальскі элемазінарый, адказны за справы дабрачыннасці, і кардынал Майкл Чэрны, прэфект Дыкастэрыі па служэнні інтэгральнаму развіццю чалавека.

«Гэтая прысутнасць двух кардыналаў там — гэта прысутнасць не толькі Папы, але ўсяго хрысціянскага народа, які хоча быць блізкім і сказаць: „Вайна — гэта шаленства! Спыніцеся, калі ласка! Паглядзіце на гэтую жорсткасць!“», — сказаў Папа Францішак.

Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця